— Стоп, стоп, стоп… — крыкнуў няўзглядны мужчына і падышоў бліжэй. — Незарэгістраваную сімволіку прыбраць, косы прапусціць праз металашукальнік і жвавенька пакінуць пляцоўку несанкцыянаванага мітынгу!

…Па-над Мацяёвіцкім полем стаяла дымавая завеса. Рэшткі паўстанцкага войска вось-вось мусілі сутыкнуцца з царскімі полчышчамі. Касцюшка цярпеў паразу, але гонар не дазваляў здацца без бою. Адчуваючы ўсю ўрачыстасць моманту, Сувораў самавітым жэстам агаліў шаблю. Аточаны шматлікім войскам, у засені імперскіх арлоў і пер’яў. Пад рытмічны бой бубнаў і вытанчаныя гамы флейт… Аднак неспадзяванае ўварванне трэцяй сілы — няўзгляднага мужчыны і яго пяці-шасці паплечнікаў — змяшала карты і расійцам, і інсургентам. Конныя палкі супернікаў, не даехаўшы колькі метраў адзін да аднаго, прыпыніліся і сталі веерам.

Няўзглядны працягваў дапытваць Касцюшку:

— Вы хто? Член Саюза палякаў? Нумар рэгістрацыі ў вашай арганізацыі ёсць?

Касцюшка ўпершыню азірнуўся назад і паволі адказаў:

— Пан Тадэвуш я.

— Што вы пан, дык ясна адразу. А Тадэвуш — гэта як? Ну, Янка — гэта Іван, там, Лявон — Леанід, а Тадэвуш гэта як?

Касцюшка страсянуў галавой.

— Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка да вашых паслугаў!

— Андрэй, значыцца… Я так і ведаў, што павінна быць нармальнае імя… — прамовіў, крыху прымружыўшыся, чалавек. — А то панапрыдумляюць сабе імёнаў — хавайся ў бульбу!

І дадаў ужо больш прымірэнча:

— Дык, Андрэй Банавентуравіч, самі ўсё разумееце: вы нецэнзурна лаяліся ў прысутнасці дзяцей.

Тут чалавек паказаў у бок пахмурных, налыса падстрыжаных і крыху маладзейшых за сябе паплечнікаў.

— …І таму за загадзя спланаваныя дзеянні праз розныя сацыяльныя сеткі… — тут чалавек кіўнуў у бок сялян-касінераў. — Проста адсюль самастойна паедзеце на «хатнюю хімію» па месцы прапіскі.

Касцюшка прыгаломшана зіркнуў у бок Суворава. Сувораў апусціў вочы долу.

— Вы, Андрэй Банавентуравіч, дзе прапісаны? — ніяк не даваў разняволіцца чалавек.

— Літва — мая айчына… — прашаптаў Касцюшка.

Чалавек махнуў рукой:

— А, ну, то вы ў базе! Брэсцкая вобласць, Івацэвіцкі раён… Скачыце хутчэй туды, бо ўжо ў восем вечара вас прыйдзе праверыць участковы.

— Судар! — тут да мужчыны звярнуўся Сувораў. Ён раптам учуў, што гэтая напачатку такая своечасовая помач цяпер скрадала ў яго перамогу. — Судар! Годзе вам! Я бунтаўніка ўжо сам паланю і сам жа прывязу ў межы Імперыі Расійскай!

— Прывязёш, расіянін, абвязкова прывязёш! — сказаў няўзглядны чалавек. — Толькі спярша, дарагі, заплаці за транзіт у Еўропу зброі і гужавога транспарту.

Сувораў нервова прыгладзіў сівую чупрыну і адкрыў рот, каб адказаць нахабніку.

— …Мы з табой, брыльянтавы, яшчэ не скончылі! — перапыніў Суворава чалавек. — Дзе ў цябе спіс музыкаў, узгоднены з Міністэрствам культуры?

Сувораў разгублена глянуў на салдатаў свайго музычнага батальёна.

— Гастрольнае пасведчанне ёсць? А што, калі яны, барані бог, «Забароненыя барабаншчыкі» ці, ратуй божа, ВІА «Флейцісты-адмарозкі»?

Бубны адразу ж збіліся з рытму. Флейта, піснуўшы, змоўкла.

…Увечары, без мундзіраў і эпалетаў, два ваякі сядзелі на маленькай кухні ў косаўскай сядзібе Касцюшкаў. Сувораў азірнуўся і дастаў з халявы пляшку «смірноўкі».

— А мне за тваю галаву маёнтак абяцалі ў Кобрыне, тут недалёка, — сумна сказаў ён. — Дык, думаю, можа, усё ж на Валынь з Кутузавым памяняцца?

— Далібог, Аляксандр, з’еду я з гэтай краіны! — уздыхнуў Тадэвуш і здрадліва зашмыгаў носам. —Да індзейцаў! У прэрыі падамся!

— Годзе, не румзай, літвін, ты ж генерал! — няголасна сказаў Сувораў і злёгку прыціснуў Касцюшку да пляча. Потым, наліўшы дзве чаркі, адышоўся праверыць уваходныя дзверы. Вярнуўшыся, яшчэ цішэй дадаў:

— Ну, пане Тадэвуш, за нашу і вашу свабоду!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0