Апошнiя гады наша краiна перажывае сапраўдны будаўнiчы бум. Прычым размова iдзе не толькi i не столькi пра павелiчэнне аб’ёмаў будаўнiцтва жылля, а перш за ўсё пра разгортванне ў нашых гарадах грандыёзных будоўляў. Нацыянальная бiблiятэка, Футбольны манеж, падземны гандлёвы комплекс «Сталiца», дах над Летнiм амфiтэатрам у Вiцебску, спартыўны комплекс «Вiкторыя» ў Брэсце, Лядовая арэна ў Пружанах, гасцiнiца «Еўропа» ў сталiцы — вось далёка не поўны пералiк здзейсненых iдэй, якiя сталi гонарам беларускiх архiтэктараў. Сёння поўным ходам iдзе маштабная рэканструкцыя будынка Тэатра оперы i балета, будуецца шматпрофiльны культурна‑спартыўны комплекс «Мiнск‑Арэна», завод па выпуску газетнай паперы ў Шклове, падрыхтаваны праекты будаўнiцтва Студэнцкай вёскi i бiзнэс‑цэнтра «Мiнск‑Сiцi». Цi варта казаць, што менавiта будаўнiкi сталi самымi запатрабаванымi на рынку працы спецыялiстамi.

Кадравай сiтуацыi ў будаўнiчай галiне была прысвечана сумесная калегiя мiнiстэрстваў архiтэктуры i будаўнiцтва i адукацыi, якая прайшла на базе Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта — адной з галоўных кузняў кадраў.

— Вымушаны канстатаваць, што дэфiцыт будаўнiкоў — як рабочых, так i спецыялiстаў з сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыяй — сёння проста каласальны. Гэта адбылося з‑за таго, што мы не ажыццяўлялi манiторынг забяспечанасцi кадрамi сваёй галiны i не прагназавалi нашы патрэбы на найблiжэйшую перспектыву, — падкрэслiў у сваiм выступленнi мiнiстр архiтэктуры i будаўнiцтва нашай краiны Аляксандр Селязнёў.

Беларускiя будаўнiкi карыстаюцца вялiзным «попытам» у суседняй Расii. I спынiць працоўную мiграцыю амаль немагчыма, паколькi ў суседняй краiне вышэйшыя заробкi

Рэктар Рэспублiканскага iнстытута прафесiйнай адукацыi Аркадзь Шкляр дадаў, што сёння адсутнiчаюць статыстычныя дадзеныя па канкрэтных прафесiях, i невядома колькi ў будаўнiчай галiне працуюць, муляраў, тынкоўшчыкаў, мантажнiкаў, цесляроў i iншых спецыялiстаў. У сувязi з гэтым вельмi праблематычна адрэгуляваць попыт i прапанову. Трэба ж улiчваць таксама пастаянны адток кадраў у камерцыйныя структуры. Толькi ў Вiцебскай вобласцi за апошнi год было створана 15 новых будаўнiчых фiрмаў з персаналам каля 500 чалавек. Усяго ў будаўнiчай галiне занятыя 330 тысяч работнiкаў i 4,5 тысячы арганiзацый рознай формы ўласнасцi. Пры гэтым у арганiзацыях Мiнбудархiтэктуры працуе толькi кожны трэці. Ёсць таксама яшчэ адна акалiчнасць, якую нельга скiдваць з рахункаў — беларускiя будаўнiкi карыстаюцца вялiзным «попытам» у суседняй Расii. I спынiць працоўную мiграцыю амаль немагчыма, паколькi ў суседняй краiне вышэйшыя заробкi.

На сёння кадры для будаўнiчай галiны рыхтуюць 6 ВНУ, 16 сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, 38 прафесiйна‑тэхнiчных устаноў будаўнiчага профiлю i 49 ПТВ iншага профiлю — усе яны больш‑менш раўнамерна размеркаваныя па тэрыторыi краiны.

У 2007 годзе прыём на спецыяльнасцi будаўнiчага профiлю ў ССНУ быў павялiчаны на 700 чалавек, або на 25 працэнтаў у параўнаннi з папярэднiм годам, у тым лiку на спецыяльнасць «Прамысловае i грамадзянскае будаўнiцтва» на дзённую форму навучання на 20 працэнтаў i на завочную — амаль што ўдвая.

У гэтым годзе 97 працэнтаў выпускнiкоў ССНУ дзённай формы навучання атрымалi накiраванне на працу. Па васьмi асноўных спецыяльнасцях архiтэктурна‑будаўнiчага профiлю ВНУ выпусцiлi 628 чалавек, з iх працаўладкавалiся паводле размеркавання — 80,8 працэнта. А з 9589 выпускнiкоў устаноў прафтэхадукацыi, якiя атрымалi будаўнiчыя прафесii, былi размеркаваныя 97,1 працэнт, а працаўладкавалiся 86,4 працэнта.

Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва збiраецца звяртацца ў Мiнiстэрства абароны з просьбай аб прадастаўленнi для маладых спэцыялістаў адтэрмiноўкi на паўтара‑два гады

Большасць маладых спецыялiстаў атрымлiваюць гарантаванае дзяржавай першае месца працы, але не ўсе з iх замацоўваюцца ў будаўнiчых арганiзацыях, што абумоўлена нiзкiм узроўнем заработнай платы, адсутнасцю ўмоў для пражывання i iншымi аб’ектыўнымi i суб’ектыўнымi прычынамi. Напрыклад, выпускнiкоў ПТВ, як правiла, прызываюць на службу ва Узброеныя Сiлы, а пасля армii мала хто вяртаецца на месца свайго размеркавання. У сувязi з гэтым Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва збiраецца звяртацца ў Мiнiстэрства абароны з просьбай аб прадастаўленнi для iх адтэрмiноўкi на паўтара‑два гады, каб маладыя спецыялiсты паспелi заахвоцiцца сваёй прафесiяй i «пусцiць каранi» на першым працоўным месцы.

Аляксандр Селязнёў лiчыць таксама, што трэба ўдасканальваць сiстэму кадравага рэзерву. Але без дапамогi ўстаноў адукацыi тут не абысцiся — iнфармацыя аб найбольш перспектыўных выпускнiках павiнна перадавацца ў Мiнбудархiтэктуры. Маладых спецыялiстаў трэба пастаянна суправаджаць i ствараць iм умовы для прафесiйнага росту, каб яны маглi рэалiзаваць сябе, а не чакаць выхаду на пенсiю свайго начальнiка.

Яшчэ адна праблема, аб якой шмат гаварылася на калегii, — гэта якасць падрыхтоўкi спецыялiстаў.

— На жаль, але мы вымушаны канстатаваць, што многiя маладыя спецыялiсты не гатовы да iнавацыйнай дзейнасцi i выканання складаных вытворчых функцый, — падкрэслiў у сваёй прамове мiнiстр адукацыi Аляксандр Радзькоў. — Таму вялiкiя надзеi звязваем з магiстарскай падрыхтоўкай спецыялiстаў. У сувязi з пераходам на двухузроўневую падрыхтоўку спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй скарачаюцца тэрмiны навучання на першай ступенi вышэйшай адукацыi, але гэта зусiм не азначае знiжэння аб’ёмаў прафесiйнай падрыхтоўкi. Зараз распрацоўваецца новае пакаленне адукацыйных стандартаў, дзе удакладняецца састаў кампетэнцый выпускнiкоў з улiкам сучасных патрабаванняў работадаўцаў. Апошнiя прапануюць нам скарацiць блок агульнаадукацыйных прадметаў i, наадварот, пашырыць блок спецыяльных. Маўляў, навошта фiзiка i вышэйшая матэматыка ў ранейшых аб’ёмах… Але я, напрыклад, зусiм не перакананы, што трэба адмаўляцца ад фундаментальнасцi адукацыi, характэрнай для беларускай вышэйшай школы.

Многiя маладыя спецыялiсты не гатовы да iнавацыйнай дзейнасцi i выканання складаных вытворчых функцый

Не сакрэт таксама, што прафесiйна‑тэхнiчныя ўстановы адчуваюць востры дэфiцыт выкладчыкаў, у прыватнасцi, майстроў вытворчага навучання. Многiя з працуючых знаходзяцца ў перадпенсiйным i пенсiйным узросце, а абнаўленне педагагiчных калектываў маладымi выкладчыкамi напрамую залежыць ад узроўню заработнай платы, якая iстотная нiжэйшая, чым на вытворчасцi.

Апошнiм часам у будаўнiцтве масава ўкараняюцца новыя архiтэктурныя рашэннi, выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы i тэхналогii, пераўзбройваюцца вытворчасцi, павышаецца ўзровень механiзацыi працы. Пры гэтым тэмпы абнаўлення матэрыяльна‑тэхнiчнай базы ўстаноў адукацыi застаюцца нездавальняючымi. Так, выдаткi на абнаўленне матэрыяльна‑тэхнiчнай базы па спецыяльнасцях архiтэктурна‑будаўнiчага профiлю ў ВНУ скарацiлiся за апошнiя пяць гадоў амаль у 3 разы (у 2003 г. — 510 млн рублёў, а ў 2007‑м — 181 млн рублёў). Адна з прычын — ускладненая працэдура атрымання дазволу на спонсарскую дапамогу. У прафтэхустановах за пяць гадоў на абнаўленне матэрыяльна‑тэхнiчнай базы было накiравана 5,1 млрд рублёў, з iх 76,5 працэнта — гэта бюджэтныя сродкi, 9,8 працэнта — пазабюджэтныя сродкi i 13,7 працэнта — сродкi арганiзацый.

У паляпшэннi матэрыяльна‑тэхнiчнай базы навучальных устаноў павiнны ўдзельнiчаць i Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва, i iншыя ведамствы, для якiх ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў, а таксама непасрэдна прадпрыемствы‑заказчыкi. Мiж iншым, пакуль што назiраецца даволi пасiўнае стаўленне прадпрыемстваў‑заказчыкаў да супрацоўнiцтва з навучальнымi ўстановамi. Пераважная iх большасць не iмкнуцца да доўгатэрмiновага i стабiльнага партнёрства.

Нярэдка вытворчая практыка праходзiць выключна фармальна, так бы мовiць, для галачкi, а практыканты займаюцца работай, якая не звязана з мэтамi i задачамi практыкi, або выкарыстоўваюць час, адведзены на практыку, па ўласным жаданнi. На калегii прагучала прапанова вызначыць ва ўсiх рэгiёнах краiны базавыя профiльныя прадпрыемствы для арганiзацыi стажыровак i вытворчай практыкi навучэнцаў прафтэхустаноў, сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў i студэнтаў ВНУ. А таксама шырэй выкарыстоўваць магчымасцi студэнцкага будатрадаўскага руху. Працягласць работы ў студэнцкiх будаўнiчых атрадах можна павялiчыць за кошт арганiзацыi вытворчай практыкi студэнтаў i навучэнцаў у рамках студатрадаў.

Надзея Нiкалаева, «Чырвоная змена»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0