Віншую, суайчыньнікі! Нашы выйгралі! Жаночая зборная краіны па баскетболе перамагла хеўру даволі моцных саперніц і дамаглася нябылых вынікаў — трэцяе месца на чэмпіянаце Эўропы. Радасьць напаўняе сэрца кожнага грамадзяніна, калі ён бачыць сваіх, такіх родных, дзяўчынак, якія ладненька стаяць на п’едэстале ў спартовых строях, з бронзавымі мэдалямі на шыях, якія з захапленьнем, прыціскаючы далоні да сэрцаў, сьпяваюць наш гімн! І над усёй гэтай прыгажосьцю лунае наш гонар, наш родны, наш прыгожы сьцяг, сымбаль перамогі, сымбаль прыгажосьці, сымбаль аб’яднанага народа! Ўзьвіся, наш чырвона‑белы штандар, над нашымі чэмпіёнкамі! Блаславі нас усіх, старажытная свастыка! Слава арыйскай расе! Няхай вечна жыве фюрэр!

Не пужайцеся, я проста жартую. Прабачце мне мой сарказм. Спадзяюся, ніводная з гарачых галоваў не ўбачыць у папярэднім абзацы прапаганды нацызму, фашызму і Адольфа Алозьевіча асабіста. Прайшло ўжо дастаткова часу, і можна толькі пасьмяяцца над убогасьцю прыхільнікаў Гітлера, якія альбо дыктатары, альбо вар’яты, альбо дзікунская сумесь першага і другога. Даўно ўжо адкрытыя архівы, кожны можа прачытаць гісторыю прыгнечаньня народу, гісторыю запалохваньня і генацыдаў, але, але… Дубаломы ўсё роўна ірвуць глыткі, даказваючы, што Гітлер нібыта быў выдатным гістарычным дзеячам, бо пабудаваў моцную эканоміку, запалохаў увесь сьвет сваёй арміяй і дамогся спартовага росквіту.

Менавіта пра спорт і хацелася б пагаварыць. Але спачатку давайце разьбярэмся ў тэрміналёгіі. Калі я кажу пра спорт, я ня маю на ўвазе адцісканьне ад падлогі кожную раніцу, фітнэс па вечарох і басэйн па выходных. Спорт — гэта праца, якой займаюцца не дзеля падтрыманьня прыстойнай фігуры. Спорт — гэта прафэсія, за якую атрымліваюць грошы, мэдалі і прывілеі, на якой марнуецца здароўе, вольны час і ўласнае жыцьцё. Спартоўцы — аб’екты грамадзкае ўвагі, публічныя асобы, будучыя інваліды. Спартоўцы — сучасныя глядыятары, яны штодня паміраюць на забаву разнастайнае публікі.

Чаму я пачаў з фашыстаў, кажучы пра спорт? Таму што спорт ёсьць адной з асноваў таталітарных рэжымаў. Ён падмяняе каштоўнасьці і адцягвае ўвагу ад праблемаў. Ён стварае штучныя радасьці і штучнае шчасьце. Нашыя дзеткі пакуль хварэюць на шчытавідку, армія шчэ ня стала прафэсыйнай, а беларускія дыплёмы дагэтуль не прызнаюцца ў Эўропе, але гэта ўсё лухта. Халера яе бяры, тую сацыялку! Затое мы ўцёрлі насы ўсім гэтым чэшкам, харваткам і іншым макароньніцам! Нашыя дзеўкі зь мячыкамі перабегалі іхных дзевак зь мячыкамі! Слава России! Да здравствует Беларусь!

Нармальная з’ява для несвабоднага грамадзтва. Падчас Бэрлінскай Алімпіяды ў 1936‑м годзе Германія перажывала цяжкія часы, але ўвагу нацыі прапагандысты адцягвалі на міт «звышдасканаласьці арыйцаў». Падчас Чарнобыльскай трагедыі савецкія тэлегледачы спакойна елі радыёактыўную кілбасу пад футбол‑хакей і фігурнае катаньне. І каму якая справа да свабоды слова ці расстрэлу рабочага мітынгу, калі перад вачыма лунаюць нашыя канькабежцы.

Канешне, разьвіты спорт не з’яўляецца асаблівасьцю толькі таталітарных рэжымаў, ім жывуць шмат людзей і у свабодных краінах сьвету. Аднак там ён рэклямуе тавары спажываньня, стыль вопраткі і розныя прыбамбасы, а не лю́бага генэралісімуса, пад апекай якога «нашы» кінулі далей і прыгнулі вышэй. У прыгнечаных краінах спорт не яднае нацыю, а мацуе ўладу і цешыць дыктатараў. Рамзан Кадыраў і Ўдай Хусейн — вось дзе сапраўдныя аматары футболу ў вольны ад катаваньняў час.

«Дык што нам, увесь час заганяцца? Дайце нам пазабаўляцца‑пацешыцца, а то так і дах можа з’ехаць!»‑ абурыцца нацыянальная эліта. Спакойна, паважанае спадарства, ніхто не прымушае вас увесь час думаць толькі пра лёс Беларусі. Але я вазьму на сябе сьмеласьць даць невялічкую параду. Замест прагляданьня пад піва футбольнага матчу бярыце ў рукі мячык дый бяжыце на поле, падыхайце паветрам, разамніце мускулы. Адкладзіце куды падалей «Прессбол», выкіньце ў сьметніцу «Советский спорт» і пачытайце Орўэлла ці Чапэка. Глядзіце «Дыскаверы» і мастацкія фільмы, чытайце старую і новую літаратуру, катайцеся на роварах і лыжах, гэта і прыемна, і карысна. І перастаньце забіваць свае галовы прозьвішчамі спартоўцаў і лічбамі чвэрцьфіналаў, у іх няма ніякага сэнсу!

Абаронцы «Советского спорта», канешне, пакрыўдзяцца і спытаюць: «А чым культура лепш за спорт? Чаму яна мае сэнс, а спорт ня мае?» А таму, што музыка, літаратура і мастацтва ня так залежыць ад часу, дасягненьні культуры можна скарыстаць у любы момант, і на іх аснове стварыць новы, непаўторны шэдэўр, якім будуць захапляцца праз стагодзьдзі. А што можна зрабіць са спартовымі ведамі і навошта?

У спартовай рубрыцы «Нашай Нівы» паважаны мной Зьміцер Панкавец піша, што «краіна прагне камандных перамог». Апісваючы посьпех беларускіх баскетбалістак, сумуе, што «баскетбол па ранейшаму ня ўключаны ў сьпіс відаў спорту, якія маюць дзяржаўныя датацыі і ільготы». Не магу пагадзіцца са Зьміцерам. Краіна прагне пераменаў, ёй неабходныя рэформы, а не датацыі баскетбалісткам. Народу даўно навязалі штучныя каштоўнасьці, і замест самаадукацыі людзі з азартам глядзяць футбол і набываюць лятарэйныя фанцікі. І ўжо незразумела, ці то нам трэба тужэй зацягнуць паясы, ці то набудаваць лядовых палацаў на кожным полі.

Сяргей Дубавец, на якога часам спасылаецца пан Панкавец, лічыць спорт магчымасьцю беларусізацыі грамадзтва. Але схема «адукацыя праз спорт» мае сэнс толькі тады, калі «адукацыя праз адукацыю» не прайшла. Я не спрачаюся з тым, што спорт павінен быць беларускім, але Беларусь не павінна замыкацца на спорце, пакуль не дасягне свабоды. Ёсьць іншыя, больш важныя справы, чым стаяньне на стадыёнах.

Алімпійскія Гульні ў старажытнай Грэцыі мелі сваімі ўдзельнікамі не прафэсійных спартоўцаў, а ваяроў, нацыянальную эліту. Алімпійцы імкнуліся да дасканаласьці духу і цела, не да піва‑відовішчаў. І па сканчэньню спаборніцтваў ізноў апраналі дасьпехі, каб бараніць свае гарады. Залаты прыклад для эліты сучаснай.

Крываль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0