У ноч на 26 студзеня мітынгоўцы ў Кіеве акружылі, а затым і занялі «Украінскі дом» на Еўрапейскай плошчы, у якім напярэдадні днём забарыкадаваліся байцы «Беркута» і вайскоўцы ўнутраных войскаў.

Па словах аднаго з актывістаў, атака пачалася спантанна.

Днём 25 студзеня, атрымаўшы інфармацыю пра тое, што некалькі соцен сілавікоў прыбылі і зачыніліся ва «Ўкраінскім доме» (пабудаваны ў савецкія часы як Музей Леніна), мітынгоўцы пабудавалі барыкаду насупраць. А ўвечары пасля выступу на Майдане лідэраў апазіцыі, актывісты самаабароны запатрабавалі ад сілавікоў пакінуць Украінскі дом. Але атрымалі адмову. Пачалі штурм.

У разбітыя вокны паляцелі шыны, піратэхніка, мяшкі са снегам. З дапамогай троса атакуючыя адчынілі дзверы «Украінскага дома».

Пад крыкі «Кіеў уставай», «Банду гэць!» мітынгоўцы сталі кідаць у разбітыя вокны «кактэйлі Молатава».

Па непацверджанай інфармацыі ва Ўкраінскім доме знаходзіліся каля 200 праваахоўнікаў.

Застаючыся ўнутры будынка, яны выкарыстоўвалі слезацечны газ і палівалі мітынгоўцаў вадой з брандспойтаў.

Мітынгоўцы ўтварылі ў натоўпе некалькі калідораў, каб забяспечыць выхад сілавікоў з будынка. Аднак сілавікі заставалі ў будынку, закрыўшыся шчытамі.

«Адказнасць за эскалацыю канфлікту, пры адсутнасці рашэння ляжыць цалкам на кіраўніцтве праваахоўнікаў», — напісаў у ФБ дэпутат ад партыі «Батьківщіна» Арсен Авакаў, які разам з камендантам Еўрамайдана Андрэем Парубіем вёў перамовы з сілавікамі.

Тыя адказалі, што чакаюць загаду свайго кіраўніцтва.

Каля 5:00 (06:00 па Мінску) міністр унутраных спраў Віталь Захарчанка прыняў рашэнне вывесці групу рэзерву праваахоўнікаў, якія, па яго словах, адпачывалі ва «Ўкраінскім доме».

Адзначаецца, што рашэнне было прынята з мэтай не перашкаджаць перамоўнаму працэсу і ўрэгуляваць сітуацыю мірным шляхам.

У МУС, аднак, сцвярджаюць, што «мэтай мітынгоўцаў было ўзяцце ў палон праваахоўнікаў для далейшага абмену на актывістаў Майдана, якія знаходзяцца за кратамі».

Непасрэдны ўдзел у тым, каб пераканаць праваахоўнікаў пакінуць будынак «Украінскага дома», прыняў Віталь Клічко, паведамляе interfax.com.ua. Ён прыбыў да будынка каля 3:30 (4:30 па Мінску).

«Заданне выканана. Узяцце Украінскага дома абышлося без кровапраліцця», — заявіў Віталь Клічко ноччу на месцы падзей.

Ён даручыў арганізаваць ахову на ўваходах і выхадах будынка. На пытанне, у якіх мэтах плануецца выкарыстоўваць будынак Украінскага дома, апазіцыйны лідэр не змог пакуль адказаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?