Сьвятлана Длатоўская — дызайнэр, які займаецца вопраткай. Ды не, што я такое кажу! Хіба такія словы патрэбна ўжыць, калі расказваеш пра цуды, якія Сьвятлана дастае зь вялікай шафы і раскладае і разьвешвае перада мной? Кожны строй — непаўторны і стыльны.

«НН»: Сьвятлана, Вашыя працы сапраўды ўражваюць. Такое ня часта пабачыш. Але колькі ж часу займае праца над кожнай мадэльлю?

Сьвятлана Длатоўская: Каля двух месяцаў.

«НН»: А як нараджаюцца вобразы для калекцыі?

СД: Па‑рознаму. Часамі нешта падказвае сама тканіна — гэта найчасьцей лён, божая сьвечка. Часамі штуршок дае нейкая сустрэча, пачутая гісторыя, яшчэ нешта.

«НН»: А адкуль Вашая зацікаўленасьць вопраткай, адкуль такое майстэрства шыцьця ды вышыўкі? Дзе вытокі Вашага вытанчанага стылю?

СД: Мусіць, з многіх крыніц. Паводле адукацыі я прамысловы дызайнэр, але жыць¬цё склалася так, што ў прафэсію я не пайшла. Таму праца зь металам, дрэвам, пластмасай для мяне адпала. А тканіна, ніткі — яны заўсёды пад рукой, яны лёгкія і ўдзячныя. Цікавасьць да дызайну — бясспрэчна, ад бацькі Аляксандра Длатоўскага, які быў першым старшынём Саюзу дызайнэраў Беларусі. Ён працаваў як раз у галіне прамысловага дызайну. У часы майго дзяцінства ўсе езьдзілі на жыгулях ды запарожцах, а мы — на адмысловай машынцы, якую бацька сам прыдумаў і вырабіў. Да слова, дызайн новага тралейбусу, які нядаўна выйшаў на вуліцы Менску, таксама распрацаваў ён.

А ўменьне шыць, пачуцьцё стылю — ад бабуль. Вясковая бабуля Вольга была адмысловай майстрыхай. Рэчы, якія яна рабіла, ня толькі ўпрыгожвалі жыцьцё, але літаральна ратавалі яго: падчас вайны сям’я аказалася ў казацкай станіцы, і яна выменьвала іх у багатых казачак на прадукты. А тыя рэчы, што бабуля дарыла сваякам тут, потым амаль містычным чынам вярталіся ў сям’ю: іх прывозілі і аддавалі, мусіць, разумеючы, што ў вёсцы яны зваляюцца, згубяцца… На гэтых рэчах, на ўменьнях і памяці маёй бабулі мая цётка Марыя Віньнікава, па сутнасьці, зрабіла сваю дысэртацыю, прысьвечаную аднаўленьню страчаных спосабаў беларускага ткацтва. Яна цяпер працуе ў музэі этнаграфіі Акадэміі навук, займаецца як раз народнымі строямі. А гарадзкая мая бабуля Сьвятлана шыла таксама адмыслова, практычна ўсё — ад бялізны да футраў. І прабабуля Вікторыя была майстрыха, да таго ж яна вельмі ганарылася тым, што паходзіць са шляхецкага роду, «з двара караля Сыгізмунда», і заўсёды падкрэсьлівала гэта ўсімі сваімі паводзінамі.

БЯЗ ВАС — НІЯК
Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190786828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012206280014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».
Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

«НН»: Вашая беларускасьць — ад іх жа? Ці гэта быў сьвядомы выбар сьвядомага ўзросту?

СД: Не, гэта было адразу. Гэта ў крыві.

«НН»: Вашая калекцыя недзе выстаўлялася?

СД: На выставе «Пагоня», якая адбылася вясной, было некалькі строяў зь яе. А ў бліжэйшых плянах —узяць удзел у фэстывалі этнамоды, што адбудзецца ў Італіі.

«НН»: Вашыя мадэлі зробленыя менавіта на Вас. А няма жаданьня рабіць нешта на замову, адкрыць, можа, майстэрню?

СД: Мне цікава рабіць рэчы для іншых. Калі я іду на Дзень Волі, або на сустрэчу бацькоў ліцэістаў, або на нейкую іншую апазыцыйную акцыю, я заўсёды абдумваю, як буду выглядаць, каб быць, што называецца, на месцы і да месца, каб акцэнтаваць увагу менавіта на тым, што адбываецца. Мне б было цікава дапамагчы ў гэтым і іншым. Бо, хаця на падобных мерапрыемствах людзі зьбіраюцца прыгожыя, са сьветлымі тварамі і разумнымі вачыма, адчуваецца, што на вопратку ў большасьці ні часу, ні імпэту нестае.

«НН»: А Вы лічыце, што вопратка вартая выдаткаваньня часу і імпэту?

СД: Безумоўна. Час павінен выдаткоўвацца і на зьнешнасьць — тады больш гарманічным будзе і духоўны сьвет. Часам на моладзі можна пабачыць нейкія крэатыўныя ідэі, але наогул заўважна, што прафэсійнай рукі нам не хапае. Мая мара — Модны дом беларускасьці.

«НН»: А для каго зь вядомых беларусаў Вам хацелася б зрабіць вопратку?

СД: Мне хацелася б, напрыклад, распрацаваць карпаратыўны стыль для Беларускага калегіюму. Гэта такая ўнікальная зьява, там сабраліся такія ўнікальныя людзі… Дызайн — гэта найперш філязофія, і мне цікава было б апранаць філёзафаў, пісьменьнікаў, творцаў.

«НН»: Сьвятлана, Вы жанчына рэдкаснай, чароўнай прыгажосьці. Вы сапраўды можаце быць Тварам, увасабляць ідэю — любая ідэя ад гэтага толькі выйграе. А як Вы ставіцеся да таго тыпу прыгажосьці, які прадукуе беларускае тэлебачаньне: у лепшым выпадку — пустога, у горшым — пошлага?

СД: Ну, яны, відаць, лічаць, што робяць нешта ўежнае.

«НН»: Сымона дэ Бавуар у свой час вельмі пратэставала супраць такой уежнасьці на францускім тэлебачаньні.

СД: Напэўна, яна мела рацыю. Але рэдактарам беларускіх каналаў далёкія пратэсты Сымоны дэ Бавуар (сьмяемся).

«НН»: Калі я рыхтавалася да гутаркі з Вамі, то дратавала знаёмых пытаньнем: што вам цікава ведаць пра Сьвятлану Длатоўскую? Усе як адзін апытаныя мужчыны без усялякага роздуму, адразу адказвалі: пра яе асабістае жыцьцё!

СД: Тады напішыце: варыянты разглядаюцца! (Весела сьмяецца).

«НН»: Вы жартуеце?

СД: Не, чаму? На паперы я замужам… Але чатыры гады назад, калі дачка пайшла ў Ліцэй, муж пайшоў з дому.

«НН»: Менавіта з‑за гэтага?

СД: Складана сказаць. Ён бізнэсовец, і, пэўна, адчуваў з‑за маіх перакананьняў нейкі ціск, і ўрэшце рэштаў ня вытрымаў.

«НН»: Вы, здаецца, рэч у сабе: вось у Вас дом, дзеці, вось калекцыя цудоўных рэчаў, якую Вы, падалося, ня вельмі і імкнецеся прэзэнтаваць… Як бы Вы падсумавалі, чаму Вас навучыла жыцьцё? Як імкнецца жыць Сьвятлана Длатоўская?

СД: Не замінаць іншым, але ж рабіць тое, што ты хочаш і можаш. Ня варта дапускаць тых, каго ня хочаш бачыць, у сваю прыватную прастору. Трэба ўсё ж умець трымаць коўдру над сабой, не даючы яе сьцягваць.

«НН»: Лёс Вас вядзе, шкадуе? Ці ўсё ж ня літасьцівы да Вас?

СД: У мяне такое ўражаньне, што спачатку ён мяне вельмі падставіў, а потым увесь час выбачаўся (сьмяецца)! Мая калекцыя — гэта вынік гэтага самага спрыяньня.


Сьвятлана Длатоўская. Здымак Андрэя Лянкевіча
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?