Эксперты Міжнароднага валютнага фонду лічаць, што курс беларускага рубля завышаны. Такая выснова ўтрымліваецца ў лістападаўскім дакладзе МВФ, які апублікаваны на яго сайце. Дакумент быў падрыхтаваны для абмеркавання на снежаньскім пасяджэнні выканаўчага савета фонду.

Эканамісты фонду адзначаюць, што

курс беларускага рубля на працягу 2013 быў паніжаны на «значна меншую велічыню, якая была б апраўданая з улікам вялікай розніцы ва ўзроўні інфляцыі з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі і істотнага павышэння заработнай платы».

Як гаворыцца ў дакладзе, зробленыя разлікі паказваюць, што «ў спалучэнні з рэзкім пагаршэннем стану рахунку бягучых аперацый» курс беларускага рубля, магчыма, завышаны.

Па звестках МВФ,

у перыяд пікавага ціску на рубель у чэрвені -ліпені 2013 Нацбанк «праводзіў значныя інтэрвенцыі на валютных рынках з мэтай падтрымкі нацыянальнай валюты,

але з таго часу інтэрвенцыі некалькі зменшыліся».

Каб скараціць знешнія дысбалансы і прадухіліць далейшыя страты рэзерваў, улады павінны звесці да мінімуму валютныя інтэрвенцыі і павысіць гібкасць абменнага курсу, мяркуюць эканамісты фонду.

Разам з тым эксперты ў сваім дакладзе канстатуюць, што

праведзеныя з дзяржаўнымі органамі кансультацыі паказваюць негатоўнасць беларускіх уладаў да больш хуткіх тэмпаў паслаблення нацыянальнай валюты.

«Афіцыйныя органы прызналі неабходнасць гнуткага абменнага курсу, але выступалі за павольныя тэмпы зніжэння курсу.

Улады па-ранейшаму былі глыбока занепакоеныя магчымай рэакцыяй рынку, сцвярджаючы, што чаканні шырокай грамадскасці працягваюць фарміравацца на аснове досведу крызісу 2011 года

і што любыя сур'ёзныя змены абменнага курса могуць выклікаць рэзкае падзенне курсу беларускага рубля», — гаворыцца ў дакладзе МВФ.

Акрамя гэтага, як адзначаюць у фондзе, улады «таксама былі занепакоеныя тым, што рэзкае скарачэнне інтэрвенцый можа прывесці да празмернай валацільнасці неглыбокіх валютных рынкаў».

Як паведамлялася раней, восенню 2013 года ў Мінску знаходзілася місія МВФ, якая ў рамках пятага постпраграмнага маніторынгу правяла серыю кансультацый з беларускімі ўладамі. Нагадаем, крэдытная праграма з МВФ, у рамках якой Беларусь атрымала каля 3,5 млрд. даляраў, была рэалізавана ў 2009-2010 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?