Цана на элітнае жыллё ў Мінску няўхільна расце. Два гады таму катэджы каштавалі не больш за $2 мільёны. Цяпер жа максімальная цана сягае $2,6 мільёна. Па традыцыі нагадаем, што беларусу з сярэднім заробкам, які сумленна сплачвае падаткі, на такі дом давядзецца працаваць больш за 430 гадоў. Але зразумела, што гэта жыллё не для звычайных беларусаў.

1. $2,6 мільёна — суцэльная пазалота

За максімальную цану гаспадары прадаюць шыкоўна абстаўлены катэдж у Калодзішчах, гэта каля 10 км ад Мінска. Чатырохузроўневы цагляны дом агульнай плошчай 1200 м2 быў пабудаваны 15 гадоў таму. Рамонт у ім свежы, але ад колькасці залацістых колераў у інтэр’еры аж мітусіцца ў вачах. Пяць спальняў, пяць санвузлоў, лазня, басейн і два гаражы — прапанова можа захапіць заезжага багатыра, але беларускія мільянеры ўжо маюць сваё жыллё, зробленае на свой густ.

2. $2,2 мільёна — і голыя сцены

Дом на вуліцы Пастаўскай каля Цнянкі летась быў самым дарагім катэджам краіны, выстаўленым на продаж. Сёлета там усё тыя ж голыя сценкі (хата без рамонту) і ўсё тыя ж $2,2 мільёна за 767 м2… Купцоў дагэтуль няма, але цана не зніжаецца ні на даляр.

Сярод перавагаў — першая берагавая лінія Цнянскага вадасховішча і лес непадалёк. Але перспектыва доўгага рамонту ўсё адно адштурхоўвае.

3. $2,2 мільёна — былая амбасада Індыі

Любімыя кліенты прадаўцоў элітнай нерухомасці — дыпламаты, найлепш — азіяцкія. Яны гатовыя плаціць любыя грошы, прычым заўсёды ў тэрмін. Знайсці такіх выгадных арандатараў складана.

Вось ужо некалькі месяцаў на продаж выстаўлены катэдж у Сельгаспасёлку, каля вуліцы Багдановіча, які займала індыйская амбасада. Дом агульнай плошчай 787 м2 мае шэраг адметнасцяў. Па-першае, гэта ліфт, які рухаецца паміж усімі чатырма ўзроўнямі. Па-другое, гэта наладжаная сістэма бяспекі, якая засталася пасля дыпламатаў.

Цікава, што адзін з суседніх дамоў таксама прадаецца і таксама задорага — $2 мільёны.

4. $2 мільёны — рэзідэнцыя ў Раўбічах

Раўбічы, 15 км ад Мінска — а цана ўсё адно не падае ніжэй за два мільёны даляраў. Катэдж у «спартыўнай» вёсцы мае агульную плошчу 595 м2. Выдатная загарадная рэзідэнцыя — 4 спальні, 3 санвузлы, гараж, більярдная і, вядома ж, басейн. А для дзяцей — парк з вялікімі дрэвамі.

5. $2 мільёны — з відам на задні двор «Арэны-сіці»

Гэты катэдж на вуліцы Крупецкай прадаўцы ўжо гатовыя аддаць танней за пачатковую цану, якая складала $2,15 мільёна. Вокны дома выходзяць на задні двор гандлёвага цэнтра «Арэна-Сіці», але месца ўсё адно лічыцца прэстыжным — Дразды ёсць Дразды. Агульная плошча дома складае ўсяго 284 м2. Прадаўцы кампенсуюць дызайнерскім рамонтам у цёмных танах і вулічным басейнам з падагрэвам.

* * *

Стабільнасць прапановы і цаны

Некаторыя катэджы прадаюцца ўжо трэці год. Напрыклад, за двухпавярховік на Вайсковым завулку (каля плошчы Перамогі) па-ранейшаму просяць каля $2 мільёнаў, і ўсё марна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?