Джэймс Алаізій Марцін, старэйшы ў свеце езуіт, ва ўзросце 105 гадоў памёр 1 кастрычніка 2007 г. у сядзібе Джорджтаўнскага езуіцкага універсітэта ў Вашынгтоне (ЗША).

Айцец Марцін распачаў сваю падрыхтоўку да святарства на пачатку 1920‑х гг., у 1934 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. У 1939 г. ён упершыню прыехаў у Вашынгтон, дзе правёў год намеснікам дэкана і асістэнтам адказнага за фізкультуру Джорджтаўнскага універсітэта.


Дж.А.Марцін

Потым ён на працягу двух гадоў быў адказным за фізкультуру у каледжы святога Юзафа ў Філадэльфіі, пасля чаго быў накіраваны за акіян у якасці капэлана ваенна—паветраных сілаў ЗША і служыў у Паўночнай Афрыцы, Італіі і Францыі. Пасля заканчэння ІІ Сусветнай Вайны ён актыўна дапамагаў у зборы сродкаў на аднаўленне езуіцкіх касцёлаў і школ у Еўропе.

З 1946 па 1949 гг. айцец Марцін працуе студэнцкім кансультантам у Скрэнтанскім універсітэце Пенсільваніі і загадчыкам кафедры тэалогіі. Пасля гэтага ён вяртаецца ў Вашынгтон, дзе працуе кансультантам і настаўнікам рэлігіі ў Каледжы святога Алаізія. На пачатку 1950‑х г. ён уваходіць у склад езуіцкай місіянерскай групы, якая арганізоўвае рэкалекцыі і духоўныя практыкаванні ў касцёлах на тэрыторыі акругі Вашынгтон.

З 1955 па 1964 г. айцец Марцін прымае актыўны ўдзел ў планаванні і будаўніцтве Дома ігнацыянскіх духоўных практыкаванняў у Чарлз Каунці, які прыгожа ўзвышаецца над ракой Патамакам. У пазнейшы час яго служэнне звязана з арганізацыяй духоўных практыкаванняў і правядзеннем дабрачынных акцый касцёла.

З 1974 г. ён пастаянна жыве ва універсітэцкім гарадку Джорджтаўнскага ўніверсітэта і перыядычна працуе ў якасці арганізатара духоўных практыкаванняў і кансультанта Хрысціянскага Руху Сям’і. З 1975 па 1983 г. ён дырэктар вашынгтонскай архідыяцэзіяльнай арганізацыі Апостальства малітвы. Яго апошнім прызначэннем стала пастырскае служэнне ў касцёле святой Марыі ў Александрыі з 1983 да выхаду на пенсію ў 1989 г.

***

Джэймс Алаізій Марцін нарадзіўся 30 жніўня 1902 года ў Уілкіс—Бэры. Яго бацька працаваў музычным кіраўніком у каталіцім касцёле. Тры яго сястры сталі манашкамі.

Выдатнаму спартсмену ў маладосці, ксяндзу Марціну прапаноўвалі стаць настаўнікам фізкультуры ў каледжы і магчымасць выступаць за прафесійную бейсбольную каманду. Нягледзячы на гэта, ён прыняў рашэнне ўступіць у Таварыствы Езуса. Вучыўся на пачатку ў семінарыі ў Ёнкерсе, штат Нью—Йорк, пазней у Вэст Стокбрыджы, штат Масачусэц.

У 1926 г. ён атрымаў ступень магістра тэалогіі. Вывучаў лацінскую, грэцкую і ангельскую мовы ў Езуіцкай школе ў Маніле з 1928 па 1931 гады і трэніраваў школьную бейсбольную і баскетбольную каманды.

Вывучаў тэалогію з 1931 па 1935 гг. ў каледжы, а таксама ў езуіцкай семінарыі ў Вудстаку, якую скончыў у 1974 г.

catholic.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0