У Беларусі плануюць унесці змены адразу ў два законы. Гэтыя змены дазволяць даваць назвы геаграфічным аб'ектам не выключна на беларускай мове, як гэта адбываецца цяпер, але і на рускай.

Рускамоўныя назвы заканадаўцы прапануюць транслітараваць на беларускую мову. У выпадку прыняцця змен, у Беларусі могуць масава з'явіцца вуліцы «Страіцеляў», «Жалезнадарожная» і іншыя найменні ў найлепшых традыцыях трасянкі. Спецыялісты ўпэўненыя: прыняцце праекта змяненняў можа прывесці да знішчэння нацыянальнай тапанімікі і спарадзіць «катастрафічную сітуацыю».

Калі звычайны чалавек кіне вокам на змены, якія збіраюцца ўнесці ў заканадаўства, ён нават не зразумее, наколькі можа памяняцца сітуацыя ў беларускай тапаніміцы ад некалькіх, здавалася б, малазначных прапаноў. Аднак спецыялістам па тапаніміцы відавочна — сітуацыя зменіцца «катастрафічна».

Так, артыкул 17 Закона «Аб назвах геаграфічных аб'ектаў» прапануецца запісаць так: «У Рэспубліцы Беларусь найменні геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову, або на рускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на беларускую мову»*.

Артыкул 35 раздзела 5 Закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» прапануецца запісаць так: «У Рэспубліцы Беларусь тапонімы (найменні населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і г.д.) даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову, або на рускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на беларускую мову».

* Тлустым шрыфтам выдзеленыя новаўвядзенні, якіх варта чакаць.

Змены ў заканадаўства ўносяцца па даручэнні Савета міністраў Беларусі. Цяпер праект змяненняў у Закон «Аб назвах геаграфічных аб'ектаў» знаходзіцца ў Дзяржкамітэце па маёмасці.

У мінулым годзе спроба ўнесці змены ў заканадаўства ўжо рабілася. Тады прапанавалі варыянт наўпростага перакладу беларускіх тапонімаў на рускую мову. Прафесар Валянціна Лемцюгова на старонках «Нашай Нівы» аргументавана давяла, чаму такога рабіць катэгарычна нельга. Тады Рэспубліканская тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў поўным складам прагаласавала супраць прамога перакладу тапонімаў на рускую мову.

Цяперашні варыянт змяненняў — больш хітры і нават больш небяспечны для нацыянальных тапонімаў.

Чаму — тлумачаць спецыялісты. Вось як пракаментаваў Tut.by магчымыя змены старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар Капылоў:

— Тапонімы — гэта гісторыка-культурныя помнікі, якія дайшлі ды нас праз стагоддзі і па якіх можна вывучаць і нашу сацыяльна-эканамічную гісторыю, і светапогляд народа, і фальклор, і мову — абсалютна ўсё. Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, праз стагоддзі ды нас дайшла нацыянальная тапанімія. Скажаліся нашы тапонімы i ў канцылярыі Расійскай Імперыі, i ў канцылярыі Рэчы Паспалітай, але аснова нацыянальная захавалася. Гэта — скарб. Што адбудзецца, калі будзе прыняты закон у такім выглядзе, артыкул 17? З аднаго боку, гэта выглядае вельмі дэмакратычна, паколькі пакідаецца выбар, на якой мове называць аб'екты, а з другога — будзем глядзець праўдзе ў вочы: назвы будуць прымацца ў асноўным на рускай мове і транслітавацца на беларускую. Да чаго гэта прывядзе? Да знішчэння нацыянальнай тапаніміі. І гэта будзе проста катастрафічная сітуацыя». 

Называнне геаграфічных аб'ектаў па-руску, а потым транслітарацыя на беларускую мову спародзіць мноства непаразуменняў і вялікую блытаніну.

Падобная сітуацыя назіралася доўгія гады пасля савецкага часу, да прыняцця дзеючага закона ў 2010 годзе.

Прывядзём прыклады.

Тапонім Отрадное — назва, прынятая на рускай мове. Калі запісаць гэту назву па прынцыпе транслітарацыі на беларускую мову, то зменіцца значэнне — паўстане тапонім Атраднае, быццам гаворка ідзе пра ўзброенае фарміраванне.

Калі перавесці - Уцешлівае, Радаснае, Вясёлае — сэнс тапоніма перадасца таксама не зусім дакладна. Сярод прыкладаў прыводзіць Ігар Капылоў і такі: як перадаць у беларускай транскрыпцыі назву вуліцы Адраджэння? А як моцна зменіцца сэнс назвы вуліцы Аллейная (ад рускага слова аллея), калі яго запісаць у беларускай транскрыпцыі?

Непрадуманыя змены ў заканадаўстве могуць прывесці да таго, што камусьці прыйдзецца жыць на вуліцы са значэннем «алейная».

Ігар Капылоў не разумее, хто можа настырна, у другі раз, ініцыяваць змены ў закон.

— Ініцыятар, напэўна, не ведае спецыфікі тапанімічнай, ці ён проста не патрыёт Беларусі.

Старшыня тапанімічнай камісіі пры НАН нагадвае, што цяперашні Закон «Аб назвах геаграфічных аб'ектаў» быў прыняты не так даўно, толькі ў 2010 годзе. Пасля сур'ёзнай апрабацыі, пасля ўзгадненняў з Акадэміяй навук і мноствам іншых міністэрстваў.

- Закон ужо працуе чацвёрты год, і на працягу гэтага тэрміна адпаведныя службы камітэта па маёмасці, у прыватнасці, дзяржаўны картаграфічны геацэнтр, працавалі з мясцовымі органамі ўлады, каб прывесці тапанімію ў адпаведнасць з законам. Была праведзена вялікая работа па ўпарадкаванні беларускай тапаніміі, на гэта

былі выдаткаваны значныя сродкі, і мясцовыя органы затрацілі шмат сіл і матэрыяльных выдаткаў. І зноў трэба мяняць закон і ўсё перарабляць? Ці мы такія багатыя, я не разумею?

Існуючы спосаб наймення аб'ектаў зыходзячы з нацыянальнай тапанімікі адпавядае міжнародным патрабаванням.

- Дапусцім, што нехта з беларускай будзе перадаваць, а нехта з рускай?

Будзе парушацца сістэма і будзе блытаніна яшчэ большая. Мне хацелася б, каб была выслухана думка спецыялістаў, перш чым будзе прыняты гэты закон. 

Яшчэ ўзнікае праблема перадачы на лацінку. А гэта ж таксама ёсць ужо дакумент, прыняты на ўзрозні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, і лацінка распрацавана ў адносінах перадачы з беларускай мовы на лацінку. Перадача з рускай мовы на лацінку? Я не ведаю, які гэта нарматыўны дакумент, ці які новы распрацоўваць, ці браць за аснову расійскі, а ў іх там пяць варыянтаў лацінкі. Гэты вузельчык дае шмат праблемных вектараў адразу. 

Намеснік старшыні ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім да абурэння калегі далучаецца:

— Тапанімія, як і мова і культура, з'яўляецца складовай часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Тое, што адбываецца ў нас, выпадае як з міжнароднага пункту погляду, так і з традыцый развіцця краін і шкодзіць інтарэсам нашай дзяржавы.

Паводле інфармацыі TUT.BY,

ініцыятыва змяненняў у заканадаўства аб назве геаграфічных аб'ектаў можа ісці ад Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Дарэчы, у мінулым годзе на старонках «Нашай Нівы» быў апублікаваны адкрыты ліст прафесара Валянціны Лемцюговай да намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі, які не раз выказваў сваё адмоўнае стаўленне да беларускай лацінкі і прапаноўваў перакладаць назвы станцый мінскага метрапалітэна на рускую мову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?