В Беларуси вновь инициируют изменения в законодательство, которые позволят именовать географические объекты не только на белорусском языке, как сейчас, но и на русском. Чем это грозит?

НН перепечатывает статью доктора филологических наук, профессора Валентины Лемтюговой, опубликованную 3 сентября 2013.

Як нам вярнуць беларускія назвы?

Ні ў адной цывілізаванай краіне свету нацыянальная тапанімія не зазнала такога глумлення, як у Беларусі.

Яшчэ і сёння на ёй ляжыць адбітак дзейнасці польскай і расійскай канцылярыі. Але найбольшы здзек над ёй учынілі савецкія ўладныя структуры. Вось як гэта здзяйснялася на практыцы.

Аматарскі ператрус

Як заўважыў яшчэ байкапісец Іван Андрэевіч Крылоў, безнадзейна чакаць добрых вынікаў, калі не за сваю справу бяруцца аматары-саматужнікі. Беларусы маюць свой горкі вопыт такога кшталту.

Без элементарнага ўяўлення пра значнасць тапаніміі як гістарычна-культурнага помніка і носьбіта каштоўнай інфармацыі такія аматары распачалі маштабную кампанію па знішчэнні нашых старажытных, нярэдка ўнікальных, адзінкавых тапонімаў.

Колькі непапраўных страт нанесена беларускай тапаніміі ў выніку бяздарных перайменаванняў! Знішчалася ўсё, што не адпавядала чыноўніцкаму ўсведамленню новай ідэалогіі або гучала як быццам не вельмі прыстойна. Але, да прыкладу, што ідэалагічна шкоднае неслі ў сабе беларускія тапонімы Ліхтэрня, Паташня, Гута, Майдан, Радацэнь? Амаль усе яны непаўторныя і пераважна месцяць у сабе назвы старажытных беларускіх промыслаў: гута‘прадпрыемства, дзе вырабляецца шкло’, майдан ‘смалакурня; печ для апальвання цэглы’, паташня ‘паташны завод’, ліхтэрня‘прадпрыемства, на якім выраблялі ліхтэры – невялікія грузавыя судны тыпу баржы’. А што непрыстойнае пачулася некаму ў назве Гавязна Стаўбцоўскага р-на? У яе аснове ні што іншае, як назва травяністай расліны гавяз (націск на першым складзе), якая звычайна расце па берагах рэчак і вадаёмаў. Незразумела таксама, дзеля чаго і дзеля каго стала ахвярай старажытная назва Мондзін (першая згадка — 1559 год). Спачатку яе перайменавалі на Сиреневка, якая, па сведчанні Я. Адамовіча, па-беларуску стала пісацца Сярэнеўка. Відаць, гэта і змусіла чыноўнікаў паўторна перайменаваць яе ў Чаромушкі. У аснове тапоніма Мондзін — нямецкае слова монд ‘месяц’. У размоўным ужыванні так называецца лысіна чалавека, якая нагадвае па форме дыск месяца. Значыць, заснавальнікам або ўладальнікам паселішча быў чалавек з такой лысінай.

А хіба можна чым-небудзь растлумачыць замену цалкам нейтральных тапонімаў Барок, Гарбы, Двор Левандоўскага, Германава, Адверніца, Мікалаеўка, Хацееўка, Хаткі, Куравічы, Шаламы, Пляцянічы, Крыжовы Лог, Падгоранка, Каўшоўка, Божы Дар і шмат іншых?

Ні ў адным з афіцыйных спісаў тапонімаў не быў прастаўлены націск, праз што тапонімы нярэдка прачытваліся памылкова і нават траплялі ў лік абразлівых. Прыкладам могуць служыцьМартышкі (націск на апошнім складзе) і Холуй (націск на першым складзе). У выніку пераносу націску яны па асацыяцыі з мартышкамі і халуямі падпалі пад перайменаванне. Між іншым сэнс іх бяскрыўдны. Мартышкі паходзяць ад асабовага імяМартын, якое ўяўляе сабой размоўную форму ад афіцыйнага імяМарцін, а назва Холуй паходзіць ад слова холуй ‘пясчаны нанос на беразе ракі’.

З гэтай жа прычыны знікла назва Язвы. Паходзіць яна зусім не ад слова язва (націск на першым складзе), а ад язва (націск на апошнім складзе) ‘пратока, праточная балаціна, якая не замярзае зімой’.

Прыкладам тапанімічных кур’ёзаў сталі перайменаванні тапонімаўМорач у Савецкую Морач і Алёс уЧырвоны Алёс. Атрымаўся ідэалагічны казус, бо морач азначае цёмнае змрочнае балота, аалёс – альховае балота.

Шматлікія пераназыванні спрадвечных назваў (і на рускай, і на беларускай мове) запалымнелі ідэалагічнай чырванню: Красная Плошчадзь, Красны Пахар, Красны Лес, Красны Рог, Красны Свет, Красны Май, Красны Партызан, Чырвоны Барэц, Чырвоная Звязда, Чырвоная Знаменка, Чырвоная Кветка, Чырвоны Агарод, Чырвоны Агароднік, Чырвоны Змагар, Чырвоны Клін, Чырвоны Пільшчык, Чырвоны Сцяг, Чырвоны Шлях, Чырвоны Вапняк, Чырвоны Рубеж, Чырвоны Гонтаўшчык, Чырвоная Харкаўка.

Не лепшы лёс напаткаў тапонімы, якія засталіся жыць. У працэсе пераафармлення беларускай тапаніміі на арфаграфію рускай мовы многія тапонімы страцілі свой першасны сэнс, форму, структурнае аблічча, арыгінальнасць. Так, на тэрыторыі Беларусі неаднаразова паўтараецца назва Пральня, якая паходзіць ад беларускага слова пральня ‘памяшканне, дзе мыюць бялізну’. Па-расійску яна пераагучаная ў Пряльня ‘памяшканне, дзе прадуць’. А тапоніму Пранікі ‘людзі, якія займаюцца мыццём бялізны’ нададзена гучанне Пряники ‘пернікі’.

Шматлікія спрадвечныя назвы бязвінна знішчаныя і замененыя нейкім ідэалагічным сурагатам тыпу Пралетарыя, Вішнёвая, Рамашкі, Залог Пяцігодкі, Першамай, Вазраждзенне, Надзежда, Пабеда, АкцябрКастрычнік, Звязда, Зоранька, Рассвет, Лучазарная, Перадавы, Працоўная, Новае Жыццё, Новы Лад, Чырвоная Зара, Партызанаўка, Прагрэс, Пражэктар, Труд, Бальшавік, Камсамолец! Хіба гэта паўнацэнныя назвы для населеных пунктаў? Гэта пустыя штучныя знакі, якія не маюць ніякага дачынення ні да гісторыі паселішчаў, ні да аб’ектаў іх наваколля. Напрыклад, што атрымаецца, калі ў паселішчах з пералічанымі назвамі з’явіцца школа, крама, дзіцячы садок? Як яны будуць называцца? Як будуць называцца людзі, якія там жывуць? Ці падумаў хто пра гэта? І тым не менш такія назвы прыйшлі на месца тысяч тапанімічных сведак нашай гістарычнай мінуўшчыны, якія маглі б шмат чаго расказаць не толькі лінгвісту, але і гісторыку, географу, эканамісту, этнографу.

Маючы на ўвазе тапанімію, нямецкі філолаг Вільгельм Грым пісаў: «Ёсць больш жывыя сведчанні пра народы, чым косці, дамавіны і зброя, – гэта іх мова». У нас жа на руінах шматвяковай народнай творчасці забуяла пышная рускамоўная фантазія.

Вёска (вуліца), як цябе называць?

Увесь гэты набор наватвораў на рускай і беларускай мове затым пачалі даслоўна перакладаць з мовы на мову, што ўнесла страшэнную блытаніну і разнабой у сістэму беларускай тапаніміі. У выніку ўзнікла такая з’ява, як двухназоўе (Двигатель – Рухавік, Красный Пахарь – Чырвоны Араты, Ромашки – Рамонкі, Октябрь – Кастрычнік і інш.) і тапонімы фактычна перасталі выконваць сваю асноўную намінатыўную функцыю – служыць адназначным арыенцірам на мясцовасці. Падчас дыялекталагічных экспедыцый мне даводзілася гутарыць з жыхарамі двухназоўных паселішчаў. У адказ на пытанне, як усё ж такі называецца іх вёска, напрыклад, Победитель ціПераможац, яны толькі паціскалі плячыма.

Надзвычайная тапанімічная блытаніна ўзнікла ў выніку перакладу тапонімаў з кампанентам Красны – Чырвоны. Назвы тыпуКрасный Большевик, Красный Маяк, Красный Октябрь пры перакладзе зрабіліся чырвоныміЧырвоны Бальшавік, Чырвоны Маяк, Чырвоны Кастрычнік. А тыя пераназовы, якія афіцыйна засведчаныя па-беларуску (ёсць і такія), пры перакладзе на рускую мову сталі краснымі. У гэтай каламуці ўжо цяжка вылучыць беларускія спрадвечныя красныя назвы, якія ніякіх адносін да кастрычніцкай рэвалюцыі не маюць. Яны паходзяць ад старажытнага прыметніка красны ‘адметны прыгажосцю, хараством, маляўнічасцю наваколля’. Напрыклад, Красная Слабада, Красны Двор, Краснаполле. Першыя ўпамінанні аб іх у пісьмовых крыніцах адносяцца да 14-16 стагоддзяў, а ўзніклі яны значна раней.

Але не толькі пераклады, а і звычайная нядбайнасць можа прыводзіць да двухназоўя. Па ўсёй Беларусі сустракаюцца выпадкі, калі літаральна на дзвюх суседніх шыльдах назва адной і той жа вёскі пішацца па-рознаму: Валеўка і Валяўка, Астрашыцы і Астрошыцы, Трашчыцы і Трошчычы, Більцэвічы іБільцавічы і пад.

Ад савецкіх часоў пануе анархія і блытаніна ў перакладной частцы назваў нашых вуліц. Нават добры знаўца беларускай і рускай моваў не ў стане прызвычаіцца да двухмоўя: Крынічная – Родниковая, Вясёлкавая – Радужная, Шпалерная – Обойная, Чыгуначная – Железнодорожная, Яравая – Овражная, Будаўнікоў – Строителей, Бэзавая – Сиреневая, Усходняя – Восточная, Паўночная – Северная, Калгасная – Колхозная і інш. Вядома нямала казусаў, якія ўзнікаюць на глебе перакладаў. Так, напрыклад, на вуліцы Крынічнай адбылося здарэнне. Міліцыянер аформіў пратакол, указаўшы назву вуліцы, напісаную на шыльдзе, – Крыничная. Залішне адукаваны следчы ўнёс гэтую назву ў паперы ўжо ў перакладным варыянце – Родниковая. У выніку з залы суда дакументы вярнуліся на даследаванне, бо суддзя цалкам законна пабачыў розначытанні пры вызначэнні месца здарэння. Некаторыя самадзейныя пераклады нагадваюць анекдот. Дзяўчына напісала ліст сяброўцы. Узялася падпісваць канверт і задумалася, як назва вуліцы Вялікі Гасцінец будзе гучацьпа-руску. Урэшце напісала: улица Большой Подарок.Паштоўка вярнулася з прыпіскай, што такой назвы ў горадзе няма.

Горш за ўсё, што далёка не ўсе і афіцыйныя пераклады можна прызнаць адэкватнымі, бясспрэчнымі. Да прыкладу вуліцаЦагельная перакладаецца як Кирпичная. А хіба вытворная аснова гэтага прыметніка — цэгла? Калі так, то вуліца называлася б Цагляная, а не Цагельная. Цагельны – гэта прыметнік ад назоўніка цагельня – «кирпичный завод». А значыць, правільны пераклад – Кирпичнозаводская.

Вуліца Дыяментавая перакладаецца як Алмазная. Але ж алмаз – гэта сыры прыродны мінерал, а дыямент – апрацаваны, адшліфаваны пэўным спосабам алмаз. У рускай мове ёсць эквівалент беларускага слова дыямент – гэта диамант. То адкуль узяўся рускі адпаведнік Алмазная для беларускай назвы?

Вуліца Яравая па-руску перакладаецца як Овражная. Але ў рускай мове ёсць слова яр, прычым яно з’яўляецца мнагазначным: ‘крутой обрывистый берег реки, озера, склон оврага; обрыв’, ‘овраг, лощина’. Чаму з усіх эквівалентаў пры перакладзе быў абраны менавіта овраг?

І такіх выпадкаў сотні.

Замежныя госці блудзяць у Беларусі

Замежныя грамадзяне, прыязджаючы ў Беларусь, дзівяцца і абураюцца з нашага вынаходніцтва па перакладзе назваў вуліц. Прыгадаем хаця б два эпізоды.

У савецкі час двое ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі (у Мінску) пажадалі схадзіць у кіно. Наш супрацоўнік купіў ім білеты, паклаў іх у канверт і на канверце напісаў: кінатэатр «Перамога» («Победа»). Ад суправаджэння нашыя госці адмовіліся. Прачытаўшы надпіс, разгубіліся. Што за рэбус? У які кінатэатр ім кіравацца? Звярнуліся да дзяжурнай гасцініцы, але тая ім не дапамагла. На вуліцы нехта, відаць, не разабраўшыся, што ім патрэбны кінатэатр, скіраваў гасцей на Плошчу Перамогі. Толькі там міліцыянер растлумачыў, што ў Беларусі кінатэатры маюць дзве назвы, але на сеанс яны ўжо спазніліся і абураныя вярнуліся ў гасцініцу. А назаўтра вылівалі ўвесь свой гнеў на гаспадароў канферэнцыі.

А вось зусім нядаўні выпадак. Двое маскоўскіх студэнтаў завіталі ў Мінск на музычны канцэрт. Купілі карту мінскага метро, падлічылі, колькі станцый ім трэба праехаць, каб перайсці на іншую лінію. На карце гэтая станцыя абазначалася якОктябрьская, а калі выйшлі з вагона, яна аказаласяКастрычніцкай. Разгубіліся хлопцы. «Што гэта за прамежкавая станцыя, якая не трапіла на карту», – падумалі яны. Патэлефанавалі сябрам і толькі тады дазналіся, што ў Беларусі, як яны выказаліся, так прыкра жартуюць з прыезджых.

«Внести изменения, предусматривающие использование прямого перевода при передаче географических названий с белорусского языка на русский».

Такое распараджэнне прыйшло ў Тапанімічную камісію пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь.

А ці магчыма ўвогуле ажыццявіць прамы (г.зн. даслоўны) пераклад нацыянальнай тапаніміі на іншую мову? У сусветнай практыцы такога прэцэдэнту яшчэ не было і, мусіць, ніколі не будзе, бо такі пераклад – справа непад’ёмная, нават калі б за яе рызыкнуў узяцца сам Бог.

Да тапонімаў нельга падыходзіць так, як да звычайных словаў, для перакладу якіх можна заўсёды адшукаць патрэбны эквівалент у перакладных слоўніках. Сэнс тапонімаў схаваны пад тоўшчай вякоў і дабрацца да яго вельмі няпроста. Гэта тлумачыцца тым, што многія словы, задзейнічаныя ў тапаніміі, даўно выйшлі з ужытку або жывуць, але ўжо зусім у іншых значэннях. Галоўнай перашкодай для перакладу нацыянальнай тапаніміі на любую іншую мову з’яўляецца адсутнасць храналагічна і сэнсава адэкватных адпаведнікаў у іншых мовах, бо кожная нацыя развівалася па сваім, толькі ёй уласцівым сцэнары. Сутнасць назваў, якімі мы карыстаемся сёння, раскрываецца толькі ў кантэксце рэалій той эпохі, якая іх спарадзіла.Напрыклад, безнадзейна шукаць эквіваленты для перакладу тапонімаў Валокі, Маргі, Засценкі, Клеткі, Сярэдняе Сяло, Прыдаткі, Наддаткі, Рэзкі, Рыскі і інш., спароджаныя зямельнай рэформай «Устава на валокі» 1557 г. На тэрыторыі Расіі аналагаў у яе не было.

Калі не ўлічыць гэтыя абставіны, так званы прамы пераклад у дачыненні да тапонімаў ператвараецца ў фікцыю. Возьмем, напрыклад, беларускія тапонімы Вялікі Двор, Вялікае Сяло, Вялікая Слабада. У княжацкі перыяд назвы Великий Двор, Великое Село, Великая Слобода даваліся не за тое, што яны вызначаліся сваімі памерамі, а за тое, што належалі вялікім князям. Пацверджаннем гэтаму служаць тэксы старажытных пісьмовых крыніц: «А Слобода Великая – то отчина великих князей», «Князь Андрей Дмитриевич дал игумену Кириллу село свое Великое». А ў Лаўрэнцеўскім летапісе (1377 г.) паведамляецца, што вялікі князь Вячаслаў сядзеў у Кіеве «на Великом дворе». У эпоху Кіеўскай і Маскоўскай Русі апрача вялікіх князёў да вышэйшага саслоўя належалі таксама «большие бояре». Іх паселішчы, у адрозненне ад вялікакняжацкіх, называліся Большой Двор, Большое Село. На беларускай этнічнай тэрыторыі такога высокага баярства не існавала, а таму гістарычна апраўданымі для беларускай тапаніміі з’яўляюцца толькі назвы, у якіх словы двор, сяло, слабада спалучаюцца з прыметнікам вялікі і не ўтвараюць антанімічную пару з прыметнікам малы. У дадатак у расійскай тапаніміі без перакладу функцыянуюць назвы з кампанентам Великий (Великий Устюг, Великие Луки) і Большой (Большой Бор, Большое Село, Большой Иван). Адпаведна пераклад Вялікае Сяло на Большое Село з’яўляецца скажэннем, адступленнем ад гістарычнай праўды. Крыху іншая сітуацыя ў назвах, што ўтвараюць процілеглыя пары: Вялікае Сяло – Малое Сяло, Вялікія Лепі – Малыя Лепі. Але і ў гэтым выпадку не трэба спяшацца Вялікізамяняць на Большой, паколькі ў перыяд узнікнення назваўВялікі ў іх складзе ўжываўся не ў сэнсе ‘значны паводле сваіх памераў’, а ў сэнсе ‘галоўны, асноўны’.

Ці яшчэ адзін прыклад. Назва Гай перакладаецца як Роща. Здаецца, звычайныя словы. А тут хаваецца сур’ёзная праблема. Слова гай у беларускай мове абазначае не адно, а некалькі паняццяў. У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» гай – гэта невялікі лес, звычайна лісцёвы; дуброва. У беларускіх дыялектах гай – гэта: 1. лясок сярод поля; 2. малады хваёвы лес; 3. невялікі прыгожы змешаны лясок ці частка лесу. Якое з гэтых паняццяў легла ў аснову назвы, высветліць практычна немагчыма. Тады чаму Гай – гэта менавіта Роща, а не Барок, Хвойнік, Дуброва, проста Лясок? Больш за тое, у рускай мове ёсць слова гай. То ці варта наогул рабіць пераклад?

Ці ёсць выйсце з гэтай тупіковай сітуацыі? Ёсць. Трэба ачысціць нацыянальную тапанімію ад наноснага сурагату, вярнуць нашыя спрадвечныя назвы, а тыя, якія сапраўды нясуць у сабе нейкі негатыў, перайменаваць у духу народных традыцый. Так і меркавалася зрабіць падчас працы над даведнікам «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у шасці тамах. Але нас не падтрымалі мясцовыя ўлады. Ды і сама працэдура вяртання страчаных найменняў аказалася надзвычай складанай.

Па-руску назвы паселішчаў і вуліц варта перадаваць спосабам транслітарацыі (палітарна). У наш час, калі пры ААН створана Група экспертаў па нацыянальнай стандартызацыі, якая выпрацавала рэкамендацыі па перадачы тапаніміі з адной мовы на другую, проста несалідна займацца сумнеўнымі перакладамі. І не ў інтарэсах дзяржавы кідаць цень на міжнародны аўтарытэт краіны, здабыты ў галіне тапаніміі за апошнія дзесяцігоддзі.

Тапонімы – вочы краіны. З глыбіні вякоў яны высвечваюць гістарычны лёс народа, яго культурныя і духоўныя набыткі, яго менталітэт. І зусім ужо непрыстойна ператвараць нацыянальную тапанімію ў разменную манету.

Думаецца, што і нашай уладзе і ўсім нам не ўсё роўна, што будуць высвечваць гэтыя вочы: гісторыю і культуру народу, яго незалежнасць, самабытнасць мовы або нашу нядбайнасць, бяспамяцтва, рабалепства, невуцтва і бескультур’е.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0