Goals.by

Goals.by

Калі вы не вельмі ўважліва сочыце за спартовымі навінамі, а таксама з нейкіх прычын ігнаруеце блок афіцыйных паведамленняў у праграме «Панарама», то наўрад ці здагадаецеся, хто, на меркаванне прэзідэнта, «нагадзіў у душу любому беларусу больш за іншых».

Не трэба відавочных варыянтаў. Правільны адказ — хакеісты менскага «Дынама».

Шматпакутны клуб, які зжырае значную частку дзяржаўных грошай, што выдаткоўваюцца на спорт, часта служыць аб’ектам для папрокаў. У гэтым сезоне — як ніколі. Каманда, пераведзеная ў рэжым эканоміі, і гуляе паршыва, і ў табліцы сваёй канферэнцыі займае апошняе месца.

«Аляксандр Рыгоравіч, вы ж самі гэтага хацелі!» — так хочацца пачуць гэтыя словы ад кагосьці з функцыянераў, адказных за «Дынама» і хакей, але ў Беларусі гэта нерэальна.

У нас няма не толькі заўважнай палітычнай апазіцыі (і невядома, калі з’явіцца такая раскоша), але і наогул традыцыі дыскусіі, публічнага абмеркавання. Замест крытычных заўваг – імкненне ўлавіць вышэйшы, сакральны сэнс нават там, дзе яго няма. Спартовы дырэктар «Дынама» Алег Іваноў вінавата схіляе галаву і падае прашэнне аб адстаўцы. Сігнал прыняты, сэнс спасцігнуты.

Кажуць, гэта небяспечна. Што за слова ўпоперак можна паплаціцца пасадай і не толькі. Але за апошнія гадоў дзесяць, а то і больш, ніхто і не спрабаваў запярэчыць. Смелых не бачна ні сярод кіраўнікоў медыцыны, ні сярод будаўнікоў; сярод спартоўцаў прынцыповых людзей, здаецца, таксама дэфіцыт. І спорт ад гэтага ўжо досыць напакутаваўся.

Для мяне самы паказальны выпадак – гісторыя з Анатолем Байдачным. Суб’ектыўная думка, але многія знаёмыя яе падзяляюць: пры гэтым трэнеры футбольная зборная Беларусі гуляла як ніколі [2003—2005]. Не перамагала так часта, як таго хацелася б, але на каманду было прыемна глядзець. Перад матчамі панавала не трывога, як сёння, а прадчуванне вялікай бітвы.

Каб разбурыць тую зборную, аказалася дастаткова ўсяго некалькіх слоў.

На сустрэчы са студэнтамі ў Магілёве, адказваючы на адно з пытанняў, прэзідэнт сказаў, што яму сорамна за нашых футбалістаў. That’s all! Для галоўнага трэнера зборнай гэта быў прысуд.

На жаль для менскага «Дынама», пра хакей на вышэйшым узроўні гаворыцца куды часцей, чым пра футбол.

Нязменным, як правіла, застаецца толькі адзін пункт: выступленне клуба ў КХЛ – гэта «позорище».

Па іншых аспектах думка імкліва развіваецца. Спачатку «Дынама» не апраўдвала ўкладанняў. Пасля высветлілася, што ў камандзе зашмат легіянераў. Далей была зроблена выснова, што і беларусамі ў лізе можна добра выступаць. І формула поспеху адпаведная з’явілася – «6+1» (шэсць палявых замежнікаў і адзін брамнік, астатнія – свае гульцы). Такая «эвалюцыя» прывяла да таго, што каманда ў гэтым сезоне як ніколі рана праляцела міма плэй-оф.

Дзіўныя ідэі рэдка нараджаюцца на пустым месцы.

Хтосьці ж даводзіць, што неабстралянымі беларусамі можна дабівацца поспехаў у моцнай лізе. Што за бесцань можна набіраць добрых легіянераў. Што дзякуючы паразам па-хуткаму можна падрыхтаваць гульцоў для зборнай, а тая ўжо дасць джазу на хатнім чэмпіянаце свету. Здаецца, у прэзідэнцкім атачэнні ёсць чалавек, які дапамагае генераваць такія хакейныя фантазіі. Дай божа, каб такі эфектыўны куратар быў толькі ў хакея.

Гэтыя дзівацтвы ды іншыя (напрыклад, ідэя ўвесці забарону на замежных функцыянераў у нашым спорце) падчас вялікіх абмеркаванняў ніколі не аспрэчваліся, што прыкра. Усё ж такі спорт – не да канца палітыка, каб толькі моўчкі ківаць.

Ды і самі спартоўцы заўжды падаюцца як нейкія звышлюдзі. Мэтанакіраваныя, прынцыповыя, прамыя, смелыя, моцныя духам. Гэта ж якасці сапраўдных чэмпіёнаў і герояў, так? Аднак духоўная сіла кудысьці зыходзіць па-за межамі спартовых пляцовак, а таксама па меры пераўтварэння спартоўца ў функцыянера. Асабліва гэта тычыцца сапраўдных мужчын – хакеістаў, самых заўзятых спартыўных эксперыментатараў у краіне.

Палітыкі розных дзяржаў на працягу некалькіх гадоў заклікалі да байкоту менскага хакейнага ЧС – марна. Затое прома атрымалася што трэба.

Пабываць у краіне-ізгоі, дзікай і няскоранай, ды яшчэ па бясплатнай візе — чаму не? Палітычная «дыверсія» не пракаціла, але для нядобразычліўцаў не ўсё страчана. Хто можа сапсаваць турнір, дык гэта мы самі.

Выступ менскага «Дынама» ў сезоне 2013/14 выклікае прадчуванне апакаліпсісу.

Ніхто не здзівіцца, калі і наша зборная згуляе ў траўні падобна да «зуброў».

Тым больш дынамаўцаў, якія нават на фоне сярэднячкоў КХЛ выглядаюць нікчэмна (а як будуць выглядаць на фоне энхаэлаўцаў?), у нацыянальнай камандзе хапае.

Вось тады сапраўды ўсе ахнуць.

Наконт «Дынама» расчароўвае вось яшчэ што. Уцягнуць у справу сапраўднага кіраўніка-профі клубу з кожным годам усё складаней. Прыйсці ў такі праект – значыць паставіць на кон рэпутацыю з высокай імавернасцю стаць дурнем і няўмекай. На такія перспектывы адэкватны менеджар не пагодзіцца. Хаця нашай дзяржаве да дэфіцыту кадраў не прывыкаць. Вунь, міністру эканомікі не могуць адшукаць намесніка, бо кандыдатаў годных бракуе. Чаму сітуацыя ў хакеі павінна быць лепшай?

Увогуле, здаецца, галоўнаму хакейнаму клубу краіны сёння больш пасуюць не прафесіяналы (тут гаворка не пра Іванова, а ўвогуле), а прыстасаванцы. Тыя, хто гатовы прыняць любую формулу.

Гуляем легіянерамі? Цудоўна. На беларусаў пераходзім? Таксама можна. Бывае, што і прыстасаванцаў звальняюць. Але без справы яны доўга не сядзяць. Попыт на спецыялістаў такога профілю ў краіне вялікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?