28.01.2014 / 23:50

Міхаіла Жызнеўскага пахавалі ў вёсцы Сцяг Працы з васьмігадзіннай затрымкай ФОТЫ 35

Пахаванне Міхаіла Жызнеўскага, забітага на барыкадах у Кіеве 22 студзеня, прайшло ў вёсцы Сцяг Працы пад Гомелем вечарам 28 студзеня. У Кіеве жалобныя мерапрыемствы адбыліся 26 студзеня — у той дзень Міхаілу магло споўніцца 26 гадоў.

Адпявалі героя ў Свята-Міхайлаўскім Залатаверхім саборы – галоўным саборы Украінская праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата. Тысячы ўкраінцаў прыйшлі правесці ў апошні шлях беларуса. Жалобная працэсія прайшла па Хрышчаціку і Майдане.

Потым пачаўся складаны і доўгі шлях Мішы да роднай зямлі. Спачатку планавалася, што пахаванне адбудзецца пад Гомелем у панядзелак, затым прайшла інфармацыя пра аўторак, і прыкладны час – 12-13.00. Але дарога з Кіева аказалася складанай ва ўсіх сэнсах – трэ’ было аформіць шмат папер.

«Нас ганялі па ўсіх інстанцыях, ад пракурора да пракурора. Гэта было непараўнальна, як праводзілі ўкраінцы нашага сына… Там тысячы людзей стаялі ўздоўж дарогі, гукалі «Героям слава! Жыве Беларусь!», многія плакалі… А пасля была вельмі кепская дарога з Кіева, галалёд, мяцеліца, вецер, затрымкі на мяжы з-за папер», — скрушна расказваў бацька, Міхаіл Жызнеўскі.

Украінскія сябры, якія суправаджалі цела маладога чалавека на Радзіму, дадаюць, што яны прытрымліваліся мер бяспекі, мянялі аўтамабілі. «Не ўсе было так проста! Мы тры дні змагаліся, каб даказаць, што гэта менавіта было агнястрэльнае раненне!» — стомлена кажа украінец Уладзімір.

А на вясковых могілках сярод лесу чакалі журналісты з Гомеля і Мінска, дый простыя людзі. Развітацца з суайчыннікам сабраліся 50 чалавек. Было мінус 20, людзі распалілі вогнішча.

Лес. Ноч. Вогнішча. Пачало цямнець. І дзясятак бел-чырвона-белых і жоўта-блакітных сцягоў. Прыехалі і нейкія ціхары на аўтамабілі з запэцканымі нумарамі. Спробы пагаварыць і высветліць іх асобы скончыліся ўцёкамі ціхароў на аўтамабілі «Лада» па лясной заснежанай дарозе.

У 19.35, калі цемра поўнасцю паглынула лес, а журналісты спрабавалі хоць неяк адагрэць тэхніку, на дарозе нарэшце з'явіўся мікрааўтобус з украінскімі нумарамі.

Хавалі Жызнеўскага без прамоў, пад сцягамі, асветленымі фарамі аўтамабіляў. Цела было накрыта сцягам «УНА-УНСО», а труну накрылі бел-чырвона-белым сцягам.

Адпяванне правёў праваслаўны святар Леанід Акаловіч. Падчас малітвы ўсхадзіўся пранізлівы калючы вецер.

Маці, ледзь прытомную, пад рукі трымалі сваякі. Яна плакала і з апошніх сілаў закрычала, калі дамавіну пачалі апускаць у зямлю: «Сыночку, забяры мяне з сабой!».

Не стрымліваў слёз і бацька. «Міша жыў ва Украіне, бо яму было там лягчэй дыхаць, чым тут, працаваць, у яго там былі сябры. Гэта быў яго выбар. Мы прасілі яго вярнуцца дахаты, і вясной ён абяцаў прыехаць. Але вось так выйшла», — гараваў ён.

Бацька сумняваецца, што ўкраінскія ўлады разбяруцца і знойдуць забойцу сына. «Там жа знайшлі — логава снайпераў было! Яны, напэўна, Мішу і забілі! Але хто будзе разбірацца… На жаль, і беларускі бок, я думаю, асабліва не будзе там ціснуць, каб высветлілася праўда», — лічыць Міхаіл Жызнеўскі.

Закідалі магілу пры святле фар аўтамабіляў, ліхтароў, відэакамер журналістаў. Цемрай з начнога лесу раз'язджаліся аўтамабілі — у Кіеў, Мінск, Гомель.

У лесе засталіся свежая магіла ў безлічы кветак і вуголле ад амаль дагарэлага вогнішча.

Юлія Шымкевіч, Гомель

0
Тадзiк / Адказаць
29.01.2014 / 00:47
Слава Беларускаму i Украiнскаму Герою ! Вечная пямяць! Бог! Беларусь! Воля! Жыве Беларусь!
0
Valkyrja / Адказаць
29.01.2014 / 00:53
R.I.P. Як больна гэта чытаць! Мяркую, смерць беларуса невыпадковая... простыя беларусы безаабаронныя...
0
Valkyrja / Адказаць
29.01.2014 / 00:58
Вялікі дзякуй людзям, якія ў ТАКІХ умовах займаліся пахаваннем!
Паказаць усе каментары/ 35 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру