Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымаў права праслухоўваць увесь трафік, які праходзіць праз нашу краіну.

23 студзеня Лукашэнка падпісаў указ № 46 «Аб выкарыстанні дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі тэлекамунікацыйных тэхналогій», на падставе якога ствараецца так званая рэспубліканская воблачная платформа для размяшчэння праграмна-тэхнічных сродкаў, інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыйных сістэм дзяржструктур.

Аператарам рэспубліканскай платформы з'яўляецца сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Беларускія воблачныя тэхналогіі» (beCloud), якое забяспечвае стварэнне дадзенай платформы і яе функцыянаванне. Нагадаем, кампанія beCloud заснавана РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» (51% статутнага фонду якога ў сваю чаргу падпарадкавана ААЦ) і расейскім бізнэсменам Канстанцінам Мікалаевым (саўладальнік буйных транспартных кампаній).

Звяртае на сябе ўвагу адна цікавая дэталь — новы ўказ уносіць змяненні і дапаўненні ва ўказ № 515 ад 30 верасня 2010 г. «Аб некаторых мерах па развіцці сеткі перадачы дадзеных у Рэспубліцы Беларусь» і пашырае паўнамоцтвы НЦАТ, які цяпер мае права не толькі праслухоўваць электронныя паведамленні і трафік беларусаў, але і ажыццяўляць тэхнічны кантроль «за пропускам міжнароднага трафіку і далучэннем да сетак электрасувязі замежных дзяржаў».

Тут жа даецца вызначэнне таго, што трэба разумець пад міжнародным трафікам:

«Для мэт гэтага Указа пад пропускам міжнароднага трафіку разумеецца дзейнасць, накіраваная на перадачу паведамленняў электрасувязі (уключаючы тэлефонныя выклікі, тэлеграфныя паведамленні, службовыя і інфармацыйныя паведамленні, сеткавыя пакеты сетак перадачы дадзеных без абмежаванняў па карыстальніцкіх, транспартных і сеткавых пратаколах) паміж сеткамі электрасувязі Рэспублікі Беларусь і сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, а таксама паміж сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, калі перадача паведамленняў электрасувязі з адной замежнай дзяржавы ў другую ажыццяўляецца праз сеткі электрасувязі, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Іншымі словамі, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымаў права слухаць ўвесь трафік, які праходзіць праз нашу краіну. Зараз становіцца зразумела, што меў на ўвазе беларускі кіраўнік, аддаючы загад начальніку ААЦ узяць пад кантроль міжнародны трафік на сустрэчы 16 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?