08.02.2014 / 11:24

Дзве высновы вынікаюць з нядаўняй сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі СМІ. Камертон тыдня ад Сяргея Ваганава 2

Першая — беларусы жывуць як ніколі добра.

Другая — грошай у дзяржавы няма.

Першую выснову падказала старэнькая мама сп. Кісяля, кіраўніка буйнога тэлеканала. Хто б сумняваўся…

Другую выснову зрабіў сам Лукашэнка, адказваючы на слушную развагу кіраўніка БелаПАНа Алеся Ліпая пра гаротны стан беларускіх пенсіянераў.

Адкуль ён узяўся, гэты дзіўны парадокс?

Апошнім часам неяк незаўважна знік з прэзідэнцкага лексікона і, адпаведна, з нарматыўнай лексікі беларускіх ідэолагаў «рынкавы сацыялізм». З’явілася «мадэрнізацыя». Насамрэч мадэрнізацыя? Ці чарговы камуфляж крызіснага стану беларускай эканомікі?

Як добра было ў 2008 годзе, калі крызіс абрынуўся на ўвесь свет! Тады самую простую і прадбачлівую характарыстыку сітуацыі таксама даваў Аляксандр Рыгоравіч. Калі давесці ягоную тагачасную думку да абсалютнай яснасці, то сёння забугорнага капіталізму ўжо не павінна быць. Але ж ёсць — як заўжды, збіраецца ў Давосе, паціху выкараскваецца з крызісу. А што мы? Хто зараз зацягвае нас у багну крызісу ўсё глыбей і глыбей?

На гэтым фоне зноў згадваецца Савецкі Саюз.

Чаго не было ў «краіне перамоглага сацыялізму», дык гэта крызісаў. Ну, і ўсяго астатняга, акрамя танкаў і ракет. Дзяржава не вытрымала і таксама перастала быць. Разам з грашыма яе даверлівых грамадзян.

Зрэшты, у Савецкім Саюзе я сутыкаўся з Крызісам у адной сельскай школе. Такую мянушку вучні далі настаўніку, каторы быў вельмі худы і любіў даваць вострым каленцам пад зад. Яшчэ ён прапанаваў не карміць двоечнікаў школьным абедам, пакуль яны не вывучаць ягоны ўрок геаграфіі. Абед складаўся з дзвюх крупінак у ячным крупніку, кавалка хлеба, бульбы, калі адшкадуе нехта з бацькоў, а на свята — яйка…

Крызісам, мяркую, таго настаўніка празвалі не толькі за падабенства з карыкатурамі з савецкіх газет. Буржуйскі крызіс быў ягоным каньком. Разам з мільёнамі літраў малака, што выліваліся на зямлю, і тонамі расціснутых трактарамі апельсінаў. У выніку атрымалася так, што разам з буржуямі напалову галодныя вучні зненавідзелі свайго настаўніка. І калі скончыўся Савецкі Саюз, аказаліся ў поўнай разгубленасці ад перамогі «загніваючага капіталізму»…

Сёння гэтым вучням за шэсцьдзясят. І што ж яны чуюць у тлумачэнне таго, што адбываецца і як далей жыць? Дзевятнаццаць гадоў чулі пра «рынкавы сацыялізм», на дваццатым годзе — пра «мадэрнізацыю». А грошай няма. Крызіс…

Даўно не глядзеў «Контуры», але добра памятаю, як у самы разгар сусветнага крызісу спадар Аверкаў дасылаў свае фірмовыя пасы палітолагу Юрыю Шаўцову і эканамісту Аляксандру Чубрыку: адкажыце, калі ласка, ну што, што будзе з намі, і як нам быць? Было, аднак, уражанне, што адказы Аверкаў ведае. Ці ведае, якімі яны павінны быць. І ва ўсякім разе ведае, якімі яны быць не павінны.

І ўсё ж, вылузваючыся з­пад акцёрскай высакамоўнасці вядучага, эксперты намалявалі не толькі дабратворную карціну нашай абароненасці і незалежнасці ад крызісу, але і выціснулі з сябе нейкі намёк.

Намёк просты: трымайцеся за працоўныя месцы і зацягвайце паясы. Пры гэтым, паводле тагачаснага выказвання Шаўцова, надзвычай важная салідарнасць усяго грамадства. Ніякіх сацыяльных пратэстаў, бо зусім прападзем.

Прайшло амаль шэсць гадоў. Аднак падобна на тое, што хутка шмат каму трымацца не будзе за што, а ў паясах давядзецца пракручваць яшчэ не адну дзюрку. Галоўнае, каб гэта былі паясы вернасці. Вернасці рэжыму, які клапатліва абароніць ад любых крызісаў…

Загваздка ў тым, што яна, гэтая вернасць, уелася толькі ў нашу свядомасць, а ў жыцці ўсё па­іншаму, і нават наадварот.

Жыццё наша цалкам складаецца з парадоксаў. Ці ж не парадокс, што дзяржава абкладае грамадзян, нават бюджэтнікаў і пенсіянераў, усё новымі падаткамі, хаця сама вінаватая нам? Узгадайце хаця б савецкія даўгі ці пашукайце ў пыльных скрынях прыватызацыйныя чэкі… Нас запэўніваюць у тым, што дзяржава, не тое што, да прыкладу, у Амерыцы, абараніла нас ад спекуляцый на біржах, ад розных там акцый ды іншых падазроных папер, выратавала ад збядненняў, фізічных страт і душэўных пакут. Але пры гэтым мы жывем па цэнах, вышэйшых за амерыканскія, не маючы аніякіх страховачных механізмаў на выпадак вышэйпералічаных страт, здароўя найперш. Больш за тое, кіраўнік дзяржавы ўсё часцей разважае пра платную медыцыну як пра невычарпальную крыніцу здароўя. Пры гэтым неяк забываецца, што бясплатнай медыцыны ў краіне фактычна няма. Калі не лічыць «бясплатнай», за нішто, працы нашых медыкаў. Мы нават не задумваемся над тым, што краіна, дзе за прычыненне калецтва ад міліцэйскага дручка нашымі ж грашыма плоцяць больш, чымсьці за ягонае лячэнне, знаходзіцца ў стане перманентнага крызісу. Магчыма, таму і не страшны ён, што звыклы.

А вось думка пра грамадскую салідарнасць заслугоўвае больш глыбокіх меркаванняў.

Дзеля чаго? Дзеля якіх святых мэтаў?

Мо дзеля незалежнасці?

Але як пазбавіцца яшчэ аднаго парадоксу, народжанага Лукашэнкам на вышэйзгаданай сустрэчы: незалежнасць — «словаблудства» ці захапляльная перспектыва праз 30 гадоў?

…У мяне на паліцы з сакавіка 1994 года стаіць кніга Лешэка Бальцэровіча з аўтографам і партрэтам на вокладцы. Мне падабаецца погляд «бацькі польскіх рэформ», ён шчыры. І назва падабаецца — «Wytrwać».

Дзеля чаго?

На жаль, у нас дагэтуль цяжкасці з перакладам.

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru

0
zhd / Адказаць
09.02.2014 / 13:13
У самую кропку.
0
Michal z daleka / Адказаць
09.02.2014 / 23:44
Гм, цікава, адкуль гэта "у нас дагэтуль цяжкасці з перакладам"? Што, ўсе такія русыфікаваныя, што нават старыя бабулі з былых Крэсаў не дапамогуць? Было б толькі дзеля каго перакладаць!))
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру