photo.bymedia.net
У Беларусі неабходна правесці глыбокую сістэмную аптымізацыю аховы здароўя. Аб гэтым сёння на пасяджэнні калегіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі па выніках працы за 2013 год заявіў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік.
«Неабходна правесці глыбокую сістэмную аптымізацыю, істотна перагледзець падставы для выкліку дактароў, наведвання паліклінік, выкліку хуткай меддапамогі.
Усе рашэнні па гэтым пытанні трэба падрыхтаваць і прыняць на працягу паўгода», — сказаў Анатоль Тозік.
Ён адзначыў, што, паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце 20-40% выдаткаў медыцыны неабаснаваны. У Беларусі прыкладна такая ж сітуацыя.
Анатоль Тозік падняў пытанне аб суфінансаванні людзьмі аказванай ім бясплатнай меддапамогі.
«Людзі не разумеюць рэальнага кошту медыцынскіх паслуг. У нас пры колькасці насельніцтва каля 10 млн чалавек матэрыяльныя каштоўнасці вырабляюць 2,5 млн чалавек, якія павінны ўтрымліваць 7,5 млн астатняга насельніцтва.
Гэта спараджае ўтрыманскія настроі і перакананасць у тым, што за сваім здароўем чалавек павінен сачыць не сам, а дзяржава, медыкі», — сказаў віцэ-прэм'ер.
Тозік сказаў, што ёсць пагроза дэградацыі медыцынскай галіны, неабходна падымаць заробак медыкам, дадае Інтэрфакс.