У рэдакцыю «Нашай Нівы» звярнуўся чытач Павел Давыдзенка, які жыве ў пасёлку гарадскога тыпу Парычы, што ў Светлагорскім раёне. Яго абурае, што ад сярэдзіны студзеня на 40% падняліся кошты на паслугу сацыяльнага супрацоўніка.

«Мы з жонкай жывем удваіх, абое — інваліды другой групы, — кажа спадар Давыдзенка. — Я ветэран працы, а таксама ветэран Чарнобыля. І мы даведаліся, што за паслугу сацыяльнага супрацоўніка цяпер давядзецца плаціць не сто тысяч рублёў, як тое было раней, а сто сорак тысяч, што для нас шмат. Сацыяльны супрацоўнік прыходзіць да нас два разы на тыдзень, прыносіць малако, паўхлеба, іншыя прадукты. Я пацікавіўся, чаму паслуга так падаражэла — мяне накіравалі ў Гомельскі аблвыканкам».

Па словах спадара Давыдзенкі жыццё ў Парычах увогуле непростае. Калі выклікаць «хуткую дапамогу», то яна ў вёску дабіраецца дзве з паловай гадзіны. Вялікую частку грошай з’ядаюць лекі.

У Гомельскім аблвыканкаме «НН» патлумачылі, што цэны на сацыяльных супрацоўнікаў узнялі, бо апошнія змены ў цэнах былі ажно два гады таму.

«Насамрэч, з 18 студзеня цэны павялічыліся, — кажа начальніца аддзела развіцця сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Наталля Суздалева. — Аднак лічба змянілася не вельмі моцна. Калі раней паслуга каштавала 2400 рублёў за гадзіну, то цяпер — 3500 рублёў. Льготы ў нас маюць адзінокія і малазабяспечаныя грамадзяне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?