У Душанбэ вынеслі прысуд Муштары Мубаракшоевай — нявестцы пасла Таджыкістана ў Беларусі Казідаўлата Каімдодава, якая была затрыманая некалькі месяцаў таму па падазрэнні ў перавозцы гераіну.
Жанчыну прызналі вінаватай у кантрабандзе наркотыкаў у асабліва буйным памеры. Яе прысудзілі да дванаццаці з паловай гадоў турмы.
Муштары Мубаракшоева і яе муж Каімдодаў Каімдодаў былі затрыманыя ў аэрапорце Душанбэ 16 верасня мінулага года.
Муж і жонка збіраліся вылецець у Мінску транзітам праз Маскву. Пры праверцы іх багажу быў знойдзены пакет з двума з паловай кілаграмамі гераіну. Наркотыкі былі схаваныя ў патаемным дне чамадана, які належаў мужу.
Пазней мясцовая пракуратура паведаміла, што па справе аб транспарціроўцы наркотыкаў у якасці падазраванай праходзіць толькі Мубаракшоева. Чаму да справы не быў прыцягнуты муж, не ўдакладнялася.
Муж Мубаракшоевай, сын пасла Таджыкістана ў Беларусі, як паведамлялася, пражывае ў Мінску і працуе рэферэнтам Эканамічнага суда СНД.
Яго бацька, былы віцэ-прэм'ер Казідаўлат Каімдодаў, працуе на дыпламатычнай службе з сярэдзіны 2000-х.