Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) з вялікай доляй верагоднасці будзе забяспечаны Расійскімі ваеннымі заказамі на гады, а то і на дзясяткі гадоў наперад.

Гэта можа здарыцца як дзякуючы падаўжэнню тэрмінаў эксплуатацыі стратэгічных мабільных ракетных комплексаў («Таполя» і «Таполя -М»), што ўжо ёсць на ўзбраенні, так і за кошт разгортвання новых («Ярс»). Усе яны маюць у колавай базе шматвосевыя транспарцёры асабліва вялікай грузападымальнасці маркі МЗКЦ.

Як заявіў днямі Юрый Саламонаў, генеральны канструктар Маскоўскага інстытута цеплатэхнікі (МІЦ), які распрацаваў у свой час гэтыя ракетныя комплексы, тэрмін службы ракет «Таполя-М» будзе падоўжаны яшчэ як мінімум на 20 гадоў.

Паводле яго слоў, прадугледжаны праектам гарантыйны тэрмін службы першых серыйных міжкантынентальных балістычных ракет «Таполя-М» у бліжэйшыя гады завершыцца, і Міністэрства абароны Расіі запланавала падаўжэнне тэрмінаў эксплуатацыі ракеты.

Нагадаю, што ракетныя комплексы «Таполя -М» пачалі прымацца на ўзбраенне з 1997 года. Першапачаткова гарантыйны тэрмін іх службы складаў 15 гадоў. Аднак досвед выкарыстання папярэдніка «Таполі-М» — ракетнага комплексу «Таполя» — дазваляе разлічваць на большае.

Першапачаткова эксплуатацыя ракеты «Таполя» была разлічана на дзесяць гадоў. Але, як паведаміў генеральны канструктар МІЦ, дзякуючы адмысловым захадам атрымалася павялічыць гэты тэрмін у два з лішнім разы. А больш канкрэтна — да 24 гадоў. Такія дадзеныя прывёў камандуючы Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэння Расіі генерал-лейтэнант Сяргей Каракаеў.

Каб падтрымлівалася пастаянная баявая гатоўнасць мабільных грунтавых ракетных комплексаў «Таполя» і «Таполя-М», вытворца шматвосевых спецыяльных шасі для іх — Мінскі завод колавых цягачоў — усе гэтыя гады ажыццяўляў аўтарскі і гарантыйны нагляд за іх эксплуатацыяй у войсках, аказваў дапамогу ў правядзенні розных відаў тэхнічнага абслугоўвання і пастаўляў запчасткі.

Па меркаванні расійскіх ракетчыкаў, гэтыя сухапутныя ракетаносцы не маюць аналагаў у свеце і з'яўляюцца дасягненнем у галіне цяжкага аўтамабілебудавання. Паводле ацэнак расіян, гэтыя машыны валодаюць унікальным цягава- дынамічнымі характарыстыкамі, а беларускія спецыялісты адрозніваюцца высокім узроўнем адказнасці і тэхнічнай падрыхтоўкі.

Прычым супрацоўніцтва паміж Расійскімі ваеннымі і беларускімі машынабудаўнікамі ніколі не перарывалася, нават у перыяды «газавых» і «малочных» войнаў паміж дзвюма краінамі.

На мінскіх колавых шасі МЗКТ-79221 размешчаны і новыя мабільныя ракетныя комплексы РС-24 («Ярс») з раздзяляльнай галаўной часткай (ад 3 да 6 боегаловак). Іх разгортванне пачалося ў Цейкаўскай ракетнай дывізіі (Расія, Іванаўская вобласць) у снежні 2010 года.

Мяркуецца, што да канца 2016 ракетныя комплексы «Таполя-М» і «Ярс» будуць складаць, не менш за 80% у баявым складзе расейскіх ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.

У сітуацыі, калі па меры старэння і зняцця з баявога дзяжурства яшчэ савецкіх шматзарадных ракет «Штылет» і «Сатана» перавага ЗША над Расеяй у галіне стратэгічных узбраенняў будзе станавіцца ўсё больш значнай, нарошчванне вытворчасці комплексаў «Таполя-М» і РС-24 з'яўляюцца для РФ практычна адзіным шанцам хутка пераламіць гэтую небяспечную тэндэнцыю.

З-за высокага кошту і працяглых тэрмінаў будаўніцтва ўзбраенняў і інфраструктуры ні шахтныя міжкантынентальныя балістычныя ракеты (МБР), ні стратэгічныя бамбавікі, ні ракетныя падводныя лодкі не могуць даць Маскве такую магчымасць.

Такім чынам, забеспячэнне парытэту ў стратэгічных ядзерных сілах паміж Расеяй і ЗША сёння ў значнай ступені залежыць і ад Беларусі.

Больш за тое, зыходзячы з тэмпаў развіцця высокадакладнай зброі, шэраг экспертаў лічаць мабільныя ракетныя комплексы больш перспектыўнымі, чым шахтавыя, з пункту гледжання жывучасці.

Пачынаючы з 1961 года пераважная большасць колавых шасі для савецкіх, а потым і расійскіх мабільных ракетных комплексаў рознага прызначэння, уключаючы стратэгічныя, было створана ў спецыяльным канструктарскім бюро Мінскага аўтазавода. У 1991 годзе ад МАЗа адлучыўся Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ).

Прыкладна з сярэдзіны 90- х гадоў у Расіі актывізаваліся працы па стварэнні новых балістычных ракет «Таполя -М», шмат у чым уніфікаваных з папярэднімі маркамі. Рухомасць, а такім чынам і высокую жывучасць, гэтага ракетнага комплексу забяспечвае шасі МЗКТ-79221, абсталяванае дызельным рухавіком ЯМЗ-847 магутнасцю 800 конскіх сіл. Яго максімальная хуткасць роўная 45 км/гадзіну. Запас ходу складае 500 км.

Ужытыя пры стварэнне МЗКЦ-79221 праектныя рашэнні дазваляюць яму несці і значна больш цяжкія МБР, напрыклад шматзарадныя РС-24, закліканую замяніць знакамітую «Сатану».

Першае шасі МЗКТ-79221 з колавай формулай 16x16 пад мабільную пускавую ўстаноўку было перададзена Мінскім заводам колавых цягачоў расійскаму заказчыку ў чэрвені 1995 года.

Паколькі транспорцёры МЗКЦ-79221 распрацаваны і вырабляюцца ў Беларусі, то ў ваенным кіраўніцтве Расіі ўзнікалі сумневы адносна таго, ці варта падтрымліваць разгортванне МБР «Таполя-М» на шасі, выпушчаным ў іншай дзяржаве. Тым больш ва ўмовах няпростых адносін паміж кіраўніцтвам дзвюх краін.

Больш за тое, вядома пра існаванне планаў наладжвання вытворчасці Аналагічных цяжкіх транспарцёраў на Курганскім заводзе колавых цягачоў (КЗКТ). Аднак на сённяшні дзень гэтыя планы, па дадзеных дасведчаных крыніц, выглядаюць для Масквы нерэальным. У першую чаргу — з-за недастатковага інтэлектуальнага і тэхнічнага патэнцыялу КЗКТ. І гэтую праблему за год-два відавочна не вырашыш.

Такім чынам, хутчэй за ўсё, у перспектыве ракетная моц Расеі шмат у чым будзе залежаць ад якасці прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?