На вечар пятніцы вядома, што мінімум двое фанатаў футбольнага клуба БАТЭ правядуць у ізалятары часовага ўтрымання пяцёра сутак за акцыю падтрымкі Майдану.

«Наша Ніва» паведамляла пра першага затрыманага ў абед, аднак высветлілася, што гэта не адзіны выпадак.

«Сёння быў яшчэ адзін суд над фанатам футбольнага клуба БАТЭ. Хлопцу патэлефанавалі дадому і запрасілі на размову. Пасля таго, як чалавек папрасіў выслаць яму позву, супрацоўнікі міліцыі прыехалі і забралі з дому.

Пасля адведзеных па законе трох гадзін «да высвятлення асобы» ў Барысаўскі ГАУС паехаў бацька хлопца з адвакатам. У аддзеле паведамілі, што затрыманага разам з матэрыяламі справы павезлі ў суд. Наступныя дзве гадзіны адмаўляліся наогул паведамляць пра яго месцазнаходжанне.

Да чалавека не дапускалі адваката, як і ў папярэднім выпадку, яго па-ціхаму прывезлі ў суд і асудзілі. І гэта ў прысутнасці ў судзе бацькі і адваката», — паведамляе сайт belultras.by.

Адзін з фанатаў БАТЭ паведаміў «Нашай Ніве»: «Нашых знаходзяць праз Укантакце. Параўноўваюць фота ды вызвоньваюць. Клоўны. Давялося выдаляць старонку ды ствараць новую».

На фанацкіх форумах Укантакце праходзяць паведамленні, што яшчэ ў пачатку тыдня супрацоўнікі праваахоўных органаў прыходзілі да фанатаў «Дынама», якія таксама выказаліся ў падтрымку Майдану.

Фанаты БАТЭ зладзілі сваю акцыю салідарнасці з Украінай на мінулых выхадных. Каля дваццаці чалавек сфатаграфаваліся з бел-чырвона-белым сцягам і плакатамі «Трымайся, Украіна, мы з табой» і «Слава героям». Фоткі трапілі ў інтэрнэт, дзе былі пазітыўна ўспрынятыя.

Наколькі вядома «Нашай Ніве», затрыманым інкрымінуюць не мацюкі (дробная хуліганка), а ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, палітычны артыкул.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?