Суд па справе аб гібелі дзяўчыны на аперацыі ў «Экамедсервісе» быў рэзанансны. Упершыню грамадства звярнула такую ўвагу на якасць прыватнай медыцыны.

Упершыню атрымалі розгалас факты, а не ўражанні пра рвацтва некаторых дактароў-прыватнікаў. І поўную адсутнасць належнага дзяржаўнага кантролю якасці ў гэтай сферы.

Як, дарэчы, і ў іншых сферах, дзе пануе нерэгуляваны капіталізм — напрыклад, у будаўніцтве, вытворчасці будматэрыялаў ці рэстараннай сферы.

Беспрэцэдэнтнай стала і сума маральнай кампенсацыі, якую па рашэнні суда павінен сплаціць бацькам памерлай дзяўчыны «Экамедсэрвіс». Гэта 75 мільёнаў рублёў у якасці кампенсацыі матэрыяльнай шкоды і 1 мільярд рублёў — у якасці маральнай. Усяго каля 115 тысяч даляраў.

Тым не менш, суд у 10 разоў знізіў суму кампенсацыі проці заяўленай бацькамі ў пазове.

Так, у дэмакратычных краінах Захаду часта ў аналагічных сітуацыях гэтыя сумы яшчэ большыя. Але там і іншая традыцыя стаўлення да жыцця ды большыя заробкі.

Для параўнання: калі год таму кіроўца на «Поршэ Каене» збіў школьніка на прышкольнай дарозе, ён перадаў да суда ў якасці маральнай кампенсацыі 200 мільёнаў рублёў, і сям'я гэтым абмежавалася.

З іншага боку: а ці можа гэта сума быць прэцэдэнтам, калі гаворка ідзе пра памылкі ў дзяржаўных бальніцах ці паліклініках?

Адзіная дачка, нявеста (да вяселля заставаўся месяц), 23-гадовая Юлія Кубарава вырашыла зрабіць рынапластыку — выправіць форму носа. Пасля аперацыі ў красавіку дзяўчына так і не прыйшла ў прытомнасць. Апарат па падачы кіслароду быў няспраўны, інжынер і анэстэзіёлаг не зважалі на гэта. Да чаго дайшло: дзірка ў шлангу ў ім была папросту заматана скотчам, і так правялі нямала аперацый.

Мама Юліі Кубаравай сказала журналістам на працэсе: «Мы наважыліся падаць гэты пазоў, бо хацелі паказаць людзям, што трэба не баяцца ісці да канца. Каб нашы людзі паважалі сябе і шанавалі чалавечае жыццё: яго нельга замяніць ніякімі грашыма».

Бацькі Кубаравай хочуць усынавіць дзіця, калі дасць здароўе: «Гэта, вядома ж, не заменіць нам Юлі, але ў жыцці будзе хоць нейкая мэта».

Пастанова пленума Вярхоўнага суда Беларусі ад 28 верасня 2000 года №7 «Аб практыцы прымянення судамі заканадаўства, якое рэгулюе кампенсацыю маральнай шкоды» кажа: «Пры вызначэнні памераў кампенсацыі … суду мусова кіравацца ч. 2 арт. 152 і п. 2 арт. 970 ГК. Пры гэтым дзеля забеспячэння патрабаванняў разумнасці і справядлівасці для кожнага канкрэтнага выпадку суду трэба ўлічваць ступень маральных і фізічных пакутаў пацярпелага …. Суд управе таксама ўлічваць маёмасны … стан таго, хто ўчыніў шкоду».

Нават калі гаворка пра пералом, вызначыць памер кампенсацыі бывае цяжка. А як ацаніць, крый Божа, жыццё?

Як вы лічыце, ці справядліва, што ў падобных выпадках вінаваты бок выплачвае кампенсацыю за маральную шкоду? Ці цану жыцця ўсё адно не вымераць грашыма, а нягодніка караюць турма і доля? Ці кампенсацыя павінна быць меншай, большай? Як, зыходзячы з чаго яна павінна вымярацца? Пішыце ў каментах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?