Учора ўвечары ваўкавыскія ратавальнікі прынялі паведамленне аб тым, што на рацэ Рось, каля вёскі Пекары, прымерз лебедзь і не можа выбрацца на бераг.
Мужчына, які праязджаў побач, падышоў да птушкі і паспрабаваў ёй дапамагчы, але не змог. Тады неабыякавы грамадзянін патэлефанаваў па нумары 101.
Прыбылі ратавальнікі і вызвалілі птушку, адаграваючы лёд рукамі. Пасля лебедзя завезлі на агляд да ветерынара.
Штогод сердабольныя грамадзяне, падкормліваючы птушак, часам робяць ім «мядзведжую паслугу». Так здарылася і на гэты раз. Лебедзь падплыў да берага, каб паласавацца, і прымерз да лёду.
Аднак МНС нагадвае, што дапамога жывёлам і птушкам — не ў іх кампетэнцыі. Ратавальнікі прыязджаюць толькі ў выключных выпадках.