Анатоль Іванавіч Усенка, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, чэмпіён РБ і ўладальнік Кубка РБ у складзе мазырскай «Славіі» — пра мараль, грошы, футбол у Гане і фанатычную адданасць справе.

Пра мараль і мясцовых выхаванцаў

Я заўсёды казаў гульцам, што гэта не яны зарабляюць грошы.

На футбалістаў ходзяць глядзець людзі, якія як раз і зарабляюць грошы. Яны працуюць на заводах, і менавіта яны ўносяць сродкі ў нашую скарбонку. І нам сорамна гуляць дрэнна, таму што людзі будуць свісцець і крычаць. А гэта дрэнна. Мне хочацца, каб людзі радаваліся.

Вось прыйшла дзяўчынка гульца, паглядзела, як ён добра выступае, і ёй стала радасна. Прыйшлі вашы бацькі, сябры, сваякі — каб ім заўсёды было не сорамна паглядзець на вашу гульню! Каб яны потым распавядалі, як вы стараліся. Бо гульня — гэта толькі гульня, 90 хвілін. А потым жа ты сустракаешся з людзьмі, якія табе ў твар скажуць, добра ты згуляў ці дрэнна, выдатна выступіла каманда або «для птушачкі».

Вось гэта пытанне выхавання гульцоў, маралі! Гэта цяперашняя бяда — няма маралі ў людзей.

Яны кажуць адно, а робяць другое. І робяць яшчэ да таго ж толькі за грошы. Так не павінна быць! Трэба, каб была чыстае сумленне ў чалавека. Ды калі мне скажуць, што я дзесьці зрабіў нешта дрэнна, дык я з сораму магу згарэць, хоць мне ўжо 65. Людзі ходзяць на футбол толькі тады, калі там гуляюць. Гэта як спектакль, дзе граюць артысты. І трэба гуляць у футбол, а не пакутаваць.

Раней у футбол гулялі, хоць і не было такіх магчымасцяў. У той час людзі, у тым ліку і футбалісты, грошы ЗА-РАБ-ЛЯ-ЛІ. А цяпер моладзь хоча іх атрымліваць. Вось і ўся розніца. Таму і футбол у савецкія гады быў на 10 галоваў вышэйшы, чым наш цяперашні, хоць розніца ва ўмовах каласальная.

Калі я працаваў у Федэрацыі футбола, дык мяне заўсёды хвалявала пытанне мясцовых выхаванцаў. У многіх камандах гуляе большасць прыезджых людзей. А што такое прыезджыя гульцы? У іх няма душы, каб выкладвацца на ўсе 100%. Сыграў добра — выдатна, згуляў дрэнна — ну і няхай. Вядома, такія не ўсё. Аднак гэта вельмі сур'ёзная праблема. 

Пра стаўленне да справы

Калі трэнер фанатычна любіць сваю прафесію, тады, павер мне, яго каманда будзе гуляць.

Трэнерамі не становяцца, імі нараджаюцца. Трэба нарадзіцца трэнерам, каб разумець прафесію і адчуваць усе тонкасці.

Калі я прыняў каманду людзей са слабым зрокам 17 гадоў таму, то ў нас быў дэвіз «немагчымае магчыма». Я прыйшоў тады пасля першай трэніроўкі дадому, а жонка мяне пытаецца: «Чаго ты такі сумны?». Ну я ёй распавядаю, што каманду неабходна рыхтаваць да выступлення на чэмпіянаце Еўропы ў Барселоне, а сітуацыя на пляцоўцы ахавая — дзе мяч, там і ўся каманда. Ну і засада, кажу. А яна мне: «Дык чаго ты перажываеш, табе ж за гэта ўсё роўна грошай не плацяць?». Слухай, у мяне зусім іншая філасофія. Калі ўжо ўзяўся за справу, дык трэба зрабіць яе добра.

Я стараюся рабіць так, каб людзі радаваліся. Я 17 гадоў бясплатна працаваў з камандай інвалідаў па зроку. Мы — пяціразовыя чэмпіёны свету, чатырохразовыя чэмпіёны Еўропы. І мы без грошай усё гэта рабілі! Абыгрывалі такіх жа людзей са слабым зрокам. А гэтыя за грошы не могуць абыграць суперніка, не могуць паказаць нармальны футбол!

Пра Гану і развіццё

Аднойчы ў Гане мы сустракаліся з мясцовым міністрам спорту, які нас асабіста прымаў і распавядаў аб развіцці спорту ў сваёй краіне. Дык вось, ужо тады ён заяўляў, што футбол у Гане атрымае вельмі імклівае развіццё, паколькі ў іх вельмі фізічна моцныя і вынослівыя гульцы. І паглядзі, колькі цяпер ганскіх футбалістаў па ўсім свеце, як гуляе зборная гэтай краіны. Нажаль, мы пакуль не можам так развівацца.

Але, думаю, усё будзе добра. Гадоў так праз 100 будзе ў нас усё нармальна. Я гэта кажу не проста так. Проста я шмат аналізую ў апошні час. Калі людзі шмат кажуць і мала робяць, то нічога не атрымліваецца. А трэба шмат рабіць, а гаварыць менш. Неабходна ведаць, чаго ты ў жыцці хочаш, і імкнуцца да гэтага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?