03.02.2014 / 22:11

«Турэмная лірыка» Анатоля Лябедзькі 14

Вы прачыталі кнігу Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засценках КДБ»? Я асабіста перачытаў тры разы, піша былы суддзя Канстытуцыйнага суда, а раней — прафесар Інстытута нацыянальнай бяспекі Міхаіл Пастухоў. Для чаго?

Па-першае, кніга мяне ўразіла. У ёй даецца дэталёвае апісанне кожнага дня, праведзенага ў «турэмным пекле», якім быў для палітвязняў следчы ізалятар КДБ. А яшчэ — думкі і эмоцыі зняволенага А.Лябедзькі, якія суправаджалі яго ў камерах СІЗА.

Па-другое, мне захацелася расказаць пра гэтую кнігу, і я склаў свой даведнік па яе найбольш прывабных месцах.

Па-трэцяе, акрамя сведчанняў аб жудасных умовах знаходжання ў так званай «амерыканцы», кніга змяшчае цікавыя лірычныя замалёўкі.

У сваім артыкуле вырашыў паказаць вобраз Анатоля Лябедзькі з розных бакоў, а менавіта як пісьменніка, паэта, палітыка, грамадзяніна і чалавека.

Пісьменнік

Як піша аўтар, «СІЗА — рэч суровая». Вось якія там умовы знаходжання: «…дэпрэсіўнае святло, катаванні холадам, шумавы прэс з боку «зондэркаманды» ў масках, перамяшчэнне «ластаўкай», расцяжкі ля «сцяны гвалту» ў спартзале, правакаванне на бескантрольныя эмоцыі. Усё гэта ўмяшчаецца ў адно кароткае слова — кашмар».

Аднак і ў гэтых умовах А. Лябедзька знаходзіць магчымасць весці дзённікавыя запісы, якія сталі асновай для турэмнага бэстсэлера.

Аўтар знайшоў асабліваю форму падачы матэрыялу: кароткія, змястоўныя і вобразныя сказы. Прывяду толькі некалькі прыкладаў: «Дзень згасае», «Грэемся размовай», «Дзе паўзком, дзе і подбегам час падабраўся да адбою», «Вечар дагарае аплаўленай свечкай».

Цікавы прыклад апісання камеры, у якую ўціснулі А. Лябедзьку пятым на чатыры месцы: «Камера — грушападобны мяшок. Звужаецца ля дзвярэй і пашыраецца да акна. Вузкаплечыя дзверы зацягнутыя ў каванае жалеза. Квадратнае вочка, як кракадзілава века, перыядычна прыўздымаецца і пазірае ўсярэдзіну. На дзвярах прастакутная адтуліна. Гэта кармушка ці месца для бартару. Туды — сюды. Туды — міскі, адтуль — каша, суп, таблеткі і іншыя складнікі мінімальнага пакету тавараў і паслугаў для падтрымання жыццядзейнасці чалавечага арганізму. Батарэя, утопленая ў сцяну, не дыхала ні цяплом, ні холадам. Унітаз як прыкмета цывілізацыі. Намёртва прыкручаныя да бетону стол і два табурэты».

А вось яшче выраз: «Ад бетоннай падлогі цягне магільным холадам». Вельмі тонка прыкмечана. Быццам уяўляеш пранізлівы холад, ратуючыся ад якога, сядзельцы камеры вымушаныя былі надзяваць на сябе ўсё што можна, уключаючы абутак. І ў такім «халадзільніку» трэба было бавіць дні і ночы. Пры тым, што дзень — у вертыкальным становішчы або седзячы на нарах, а кароткую ноч — у гарызантальным. Анатолю давялося амаль месяц бавіць ночы на насціле з дошак.

Не менш цікава ў кнізе апісваецца час абеду і сам абед: «Час абеду наблізіўся на адлегласць чарпака. Экскаватар сподка магутнасцю ў адну чалавечую сілу скроб па баках з ежай. На першае — капуста з пахам мяса, якога не відаць. На другое — каша з камяком мяса, якое мясам не пахне. За некалькі хвілін да прыёму ежы панылы кантралёр перадаў у камеру кіпяцільнік, які — буль-буль-буль — тут жа патануў у збанку з вадой. Кіпень казённы. Гарбата хатняя. Гэта і ёсць мой абед».

Колькі ўражанняў выклікае такое апісанне? Беднасць харчавання. Пачуццё няволі. Бяспраўнасць зняволеных. Прыніжэнне чалавечай годнасці. Людзі вымушаныя есці ў камеры, дзе стаіць пластмасавы бачок для адпраўлення патрэб.

Яшчэ адзін фрагмент уражвае: «Ноч білася і грукала ў дзверы». Як гэта «ноч білася»? Як яна можа «грукаць»? Аказваецца, можа ў наўпростым сэнсе слова. Гэта — вычварная форма ўздзеяння на палітыка А. Кантралёры праз «вочка» ў дзверы камеры назіралі, як ляжыць вязень. Паводле інструкцыі, якая захавалася са сталінскіх часоў, ён павінен павярнуцца тварам да дзвярэй, а рукі павінныя быць над коўдрай.

Цягам ночы А.Лябедзьку будзілі разоў дзесяць, патрабуючы ляжаць «па інструкцыі». Пры гэтым усю ноч у камеры было ўключанае асвятленне — і начное, і дзённае.

Можна яшчэ доўга прыводзіць цытаты з кнігі. Усе яны заслугоўваюць увагі. На завяршэнне гэтай часткі — адзін урывак, які характарызуе аўтара як пісьменніка: «Мяне вялі, як асуджанага на расстрэл. Але я не адчуваў ні наручнікаў, якія ўпіліся ў запясці, ні палкі, якая выварочвала суставы рук… Усярэдзіне хмурна і брыдка. На волі ў такім стане або напіваюцца, або зводзяць рахункі з жыццём».

Пры гэтым трэба адзначыць, што А.Лябедзька быў заключаны пад варту і прабыў у «амерыканцы» больш чым тры месяцы не за нейкія злачынныя дзеянні, а толькі за «старыя грахі», як яму сказаў прадстаўнік КДБ падчас гутаркі.

Паэт

Знаходзячыся ў няволі, А.Лябедзька захаваў свабоду духу і здольнасць да творчасці, у тым ліку складаць вершы. Некаторыя з іх атрымалі «прапіску» ў кнізе.

Жыццё бяжыць, і мы спяшаемся
Паспець туды, куды спазняемся.
Жыццё стаіць, мы ж завіхаемся.
Жыццё грызе, і мы кусаемся.
Да бульбы з салам локцем прабіваемся.

Тут мы бачым філасофскі падыход да жыцця. Любыя дзеянні і думкі выклікаюць адпаведную рэакцыю. Пры гэтым сказваецца эгаістычная прырода большасці людзей — бліжэй да «бульбы і сала» (гэта ў турме, а на волі — да «скваркі і чаркі»).

У працяг гэтага верша — два заключныя радкі:

Жыццё то выбар, і мы вагаемся.
Куды ісці, у слупа пытаемся.

І яшчэ мне спадабалася, як аўтар апісвае сустрэчу новага 2011 года ў камеры «амерыканкі». Вось якое лірычнае афармленне гэтага моманту: «Цалаваліся нашыя конаўкі. Абдымаліся нашыя думкі. Нам было добра на нашым невясёлым свяце».

Палітык

У турме складана праявіць сябе ў якасці палітыка. Тым не менш, А. Лябедзьку гэта ўдалося. Невыпадкова ён атрымаў мянушку Правадыр.

Чытаючы кнігу, можна бачыць пазіцыю Анатоля Лябедзькі па многіх пытаннях палітычнага жыцця краіны. Найбольш выразна яго погляды выкладзеныя ў праекце выступу на судзе, які лагічна павінен быў адбыцца пасля заканчэння следства. Але не адбыўся. Не знайшлося доказаў злачыннай дзейнасці. Давялося адпусціць палітыка пад падпіску аб нявыездзе, а потым — і зусім спыніць крымінальны пераслед.

Але тады над А.Лябедзькам вісеў дамоклаў меч беларускай Феміды. І ён сур'ёзна рыхтаваўся да выступу ў судовым працэсе. Гэтая частка кнігі заслугоўвае асаблівай увагі.

Перш за ўсё Анатоль Лябедзька збіраўся абвясціць недавер суду, бо ўсе суддзі — залежныя чыноўнікі, апранутыя ў чорную ўніформу. Ён загадзя прадбачыў, што судовы працэс будзе палітычным судзілішчам.

На судзе А.Лябедзька планаваў выступіць не ў ролі бяспраўнага абвінавачанага, а ў якасці абвінаваўцы ў дачыненні да створанай у Беларусі сістэмы ўлады. Ён меў намер расказаць аб прычынах трагедыі па плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года і назваць імёны яе арганізатараў.

Падрыхтаваная прамова не спатрэбілася. Увечары 6 красавіка 2011 г. Анатоля Лябедзьку на службовым аўтамабілі даставілі дадому, адкуль у ноч на 20 снежня 2010 вераломна выкралі.

Грамадзянін

На першым допыце на прапанову следчага КДБ аб супрацоўніцтве Анатоль заявіў: «Я хутчэй адгрызу ўласную руку, чым адмоўлюся ад таго, у што я веру».

На сімвалічнай сустрэчы 2011 года А. Лябедзька прапанаваў тост: «За свабоду нашай Беларусі!» Паводле яго словаў, «толькі калі будзе вольная яна, будуць вольныя і яе грамадзяне».

У адным з лістоў дадому Анатоль выклаў сваю пазіцыю як грамадзянін краіны: «Веру ў сябе, веру ў вас, веру ў нашу будучыню».

Правёўшы 108 дзён і начэй у бетонных камерах СІЗА, А. Лябедзька заявіў, што лічыць сябе лідарам палітычных аптымістаў Беларусі.

Чалавек

У Анатоля Лябедзькі была тысяча падставаў зненавідзець людзей у масках, якія акупавалі следчы ізалятар КДБ. Тым не менш, ён даў сабе слова зрабіць усё магчымае, каб не пасяліць у сэрцы нянавісць. І гэта ў яго атрымалася.

Ён не надламаўся, не пахіснуўся, не здаўся. Ва ўмовах сабачага холаду ён дэманстраваў цуды адвагі. Вось фрагмент з кнігі: «Вызваляюся з пледу, сцягваю з празяблых плячэй швэдар, майку. Сакамернікі ашалела глядзяць на мой голы торс. Абапіраюся на жалезную акантоўку нараў і пачынаю адціскацца. Потым бяруся за прэс. Так наганяю, запампоўваю цяпло ў цела».

Пры гэтым Анатоль выпрацоўвае філасофію выжывання ў экстрэмальных умовах. Ён разважае так: «Раз гэтыя цяжкасці нам пасланыя, значыць, іх трэба пераадолець. Альбо перайсці ў іншую лігу, дзе гуляць па іншых правілах».

А. Лябедзька быў і застаўся чалавекам з усімі яго якасцямі. Ён можа смяяцца і плакаць. Так, кніга завяршаецца слязьмі: «Дзверы. Званок. Хтосьці спяшаецца з таго боку. І вось мы ў адным клубку. Я, Света, Цёма. Перапляліся рукамі і целамі. Слёзы пацяклі адным ручайком. Мы разам. Мы адно цэлае».

* * *
Кніга захоплівае і не адпускае да самага апошняга сказа. Яна раскрывае змрочны перыяд нашай гісторыі. Кніга абвінавачвае, але і замілоўвае. Яе трэба прачытаць кожнаму грамадзяніну краіны.

З улікам значнага ўнёску Анатоля Лябедзькі ў раскрыццё праўды нашай рэчаіснасці прапаную вылучыць яго кандыдатуру на атрыманне прэміі Еўрапейскага саюза «За свабоду слова» і спадзяюся, што гэтая прапанова атрымае грамадскую падтрымку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Міхаіл Пастухоў

0
mikola / Адказаць
03.02.2014 / 22:33
Udaczi Anatol,smat hto budze pamjatac sustreczu z Vami u Antwerpene.!
0
вось / Адказаць
03.02.2014 / 22:48
У спадара Лябедзькі проза паэтычная, а вось верш - празаічны.. І я падтрымліваю вылучэньне на прэмію. Безумоўна.
0
Тацяна Л. / Адказаць
03.02.2014 / 23:22
Падтрымліваю! Напісана з талентам!
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру