У Калінкавічах міліцыя вылічыла злодзея-дамушніка, які доўгі час паспяхова сыходзіў ад крымінальнага пераследу, выкарыстоўваючы сваё «недзеяздольнае» становішча ў выглядзе нагі ў гіпсе.

Як паведамляе аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама, з сярэдзіны лета 2013 года ў Калінкавічах здзяйсняліся крадзяжы з кватэр і прыватных дамоў. Невядомы забіраў грошы, упрыгожанні. Немалую дапамогу ў раскрыцці серыі крадзяжоў аказалі грамадзяне, у прыватных дамах якіх усталяваныя сістэмы відэаназірання.

Злодзеем аказаўся 34-гадовы жыхар райцэнтра, раней судзімы за крадзяжы. Пасля вызвалення мужчына не ўладкаваўся на пастаянную працу. Не працавалі ні ён, ні яго жонка. На ўтрыманні ў іх было двое дзяцей. Каб неяк утрымліваць сям'ю, жыхар райцэнтра ўспомніў навыкі крымінальнага мінулага. Крадзяжу здзяйсняў ноччу. Улазіў у прыватныя дамы, вымаючы аконную шыбу, знаходзіў грошы, банкаўскія карткі, каштоўнасці і знікаў. З банкаўскіх рахункаў па некаторых картках былі знятыя грашовыя сродкі толькі таму, што гаспадары альбо на самой картцы паказалі пін-код, альбо на запісцы, якая захоўвалася разам з карткай.

Да падазраванага дадому не раз прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, правяраючы як раней судзімага за аналагічныя злачынствы. Аднак нават падазрэнняў у аператыўнікаў не ўзнікала. Як пазней было выяўлена, пасля чарговага «набегу» злодзей вяртаўся дадому і накладаў «муляж» гіпсу на нагу.

За паўгода ў Калінкавічах было зафіксавана больш за 20 аналагічных крадзяжоў. Цяпер сумесна з супрацоўнікамі Следчага камітэта праводзіцца комплекс мерапрыемстваў з мэтай даказаць віну жыхара райцэнтра і выявіць усе злачынныя эпізоды. Падазраваны затрыманы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?