Неяк Біл Клінтан, тады яшчэ прэзыдэнт ЗША, сказаў: «Калі ўлады Кітаю паспрабуюць кантраляваць Інтэрнэт, я толькі магу пажадаць ім посьпехаў. Гэта тое самае, што спрабаваць прыбіць жэле цьвіком да сьценкі». Але выглядае на тое, што кітайскія ўлады ўжо знайшлі патрэбны цьвік, прычым — на радзіме Клінтана.
Замураваны Інтэрнэт
Паводле прыблізных падлікаў, у Кітаі больш за 110 мільёнаў карыстальнікаў Інтэрнэту. Больш толькі ў ЗША, дзе Сецівам карыстаюцца 200 з гакам мільёнаў чалавек. Але паміж двума найбуйнейшымі інтэрнэт-рынкамі сьвету ёсьць агромністая розьніца: калі ў ЗША інфармацыя распаўсюджваецца свабодна, дык Кітай трымае першае месца сярод сусьветных інтэрнэт-цэнзараў.
Апошнім часам афіцыйны Пэкін не дае рады цэнтралізаванай цэнзуры — надта вялікі аб’ём працы. Таму гэтую задачу ён пакрысе перакладае на плечы прыватных фірмаў. Хочаш працаваць на прыбытковым інтэрнэт-рынку — супрацоўнічай з уладай. Інтэрнэт-кавярні зьбіраюць зьвесткі пра сваіх карыстальнікаў, інтэрнэт-парталы не зьмяшчаць на сваіх старонках забароненыя тэмы. Кітай зрабіўся экспартэрам сыстэмаў для інтэрнэт-цэнзуры: яго распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў Віетнаме ды Іране, хадзілі чуткі пра пастаўкі ў Беларусь.
Галоўны фронт змаганьня — інтэрнэт-дзёньнікі. Калі на Захадзе так званыя «блогі» — гэта ўсяго толькі дапаўненьне да яскравай палітры звычайных мэдыяў, дык у Кітаі яны — цалкам самастойны, новы сродак масавай інфармацыі, у параўнаньні зь якім сухі афіцыёз выглядае блякла. Летась у Кітаі было зарэгістравана больш за 30 мільёнаў аўтараў інтэрнэт-дзёньнікаў. Сярод гэтай безьлічы інтэрнэт-допісаў трапляюцца і дыскусіі на «вострыя» тэмы. Летась афіцыйны Пэкін нават забараніў абмяркоўваць у дзёньніках палітыку, эканоміку і замежныя сувязі, аднак гэтае патрабаваньне было такім абсурдным, што яго папросту праігнаравалі.
Але не заўсёды інтэрнэт-творчасьць праходзіць без наступстваў. На сёньня ў кітайскіх турмах знаходзяцца 49 «кібэрдысыдэнтаў» і 32 журналісты, якія карысталіся Сецівам для крытыкі ўраду. Ліквідаваць дзёньнікі на запыт уладаў — нармальная практыка сярод кітайскіх інтэрнэт-фірмаў. Цяпер кітайскі рэжым узяўся і за амэрыканскія карпарацыі. Калі яны жадаюць выйсьці на шматабяцальны кітайскі інтэрнэт-рынак, ім давядзецца заняцца цэнзурай ды выведкай на карысьць Камуністычнай партыі Кітаю.
Чарвівы бізнэс
Сыстэма, якую Кітай выкарыстоўвае для адсочваньня няблаганадзейнага інтэрнэт-трафіку, мае назву «земляны чарвяк». У аснове яе, як мяркуюць праваабаронцы з арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», пакладзенае абсталяваньне, пастаўленае ў Кітай амэрыканскай кампаніяй Сisco. Менавіта яна ад 2000 году выйграе штогадовыя тэндэры кітайскага тэлекаму. Cisco запэўнівае, што пастаўляе ў Кітай звычайнае абсталяваньне, і тое, як яно выкарыстоўваецца, ня справа кампаніі. Разам з тым, існуюць падазрэньні, што кампанія інструктуе кітайскіх спэцыялістаў, у задачы якіх уваходзіць цэнзура Інтэрнэту.
Іншая карпарацыя, інфармацыйны гігант Yahoo, якая стварыла інтэрнэт-партал з масай разнастайных паслугаў, зьявілася на кітайскім рынку ў 1999 годзе. Як выявілася, Yahoo ўвесь час патаемна фільтравала вынікі запытаў інфармацыі, якія робяцца кітайскімі карыстальнікамі праз пашуковы мэханізм кампаніі. А летась праваабаронцы выявілі, што прадстаўніцтва кампаніі ў Ганконгу перадало кітайскім спэслужбам зьвесткі пра аднаго з карыстальнікаў паштовага сэрвісу Yahoo. Ім быў Шы Тао, журналіст кітайскай дзелавой газэты «Дангдай Сянь Бао». Напярэдадні 15-й гадавіны крывавага разгону студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь ягоная рэдакцыя атрымала закрытую ўрадавую інструкцыю, у якой журналістам нагадвалася пра падвышаную рызыку «сацыяльнай дэстабілізацыі» ў краіне. Шы Тао разаслаў гэтую інструкцыю праз электронную пошту рэдактарам шэрагу замежных сайтаў. 24 лістапада 2004 году журналіста схапілі ў двары, абшукалі ягоны дом, сканфіскавалі кампутар ды асудзілі за 10 год турмы за перадачу за мяжу «дзяржаўных сакрэтаў». Кіраўніцтва Yahoo заявіла, што віны за сабой ня бачыць. «Мы хоць і базуемся ў ЗША, аднак зьяўляемся міжнароднай карпарацыяй, таму мусім падпарадкоўвацца мясцовым законам», — заявіў сузаснавальнік інтэрнэт-сэрвісу Джэры Янг.
Запляміўся і знакаміты Microsoft. Летась увесну ён адчыніў свой першы кітайскі інтэрнэт-партал MSN China. Карыстальнікі выявілі, што на сайце нельга стварыць інтэрнэт-дзёньнік з назвай, якая ўтрымлівае словы «свабода», «дэмакратыя», «незалежнасьць Тайваню», «правы чалавека» ды «Далай Лама». Праваабаронцы таксама даведаліся, што Microsoft зьнішчае са свайго парталу на патрабаваньне кітайскага ўраду «няўгодныя» інтэрнэт-дзёньнікі. Адгаворка Microsoft стандартная: партал разьмешчаны ў Кітаі, таму падпарадкоўваецца мясцовым законам.
Шалёна папулярны пашуковік Google, які дапамагае знаходзіць і зьмяшчаць інфармацыю ў інтэрнэце, абраў прынцыпова іншую тактыку. Як і іншыя заходнія кампаніі, якія пажадалі выйсьці на кітайскі інтэрнэт-рынак, Google натыкнуўся на патрэбу супрацоўніцтва з кітайскімі ўладамі. Але, у адрозьненьне ад Microsoft ды Yahoo, кампанія вырашыла рабіць гэта адкрыта. Google афіцыйна заявіў, што будзе фільтраваць запыты кітайскіх карыстальнікаў свайго сэрвісу ў адпаведнасьці з законамі Кітаю. Акрамя гэтага, карыстальнік, які атрымае адмову ў інфармацыі, будзе пра гэта адразу ж паінфармаваны адмысловым паведамленьнем на сайце. А вось разьмяшчаць у Кітаі свае сэрвісы электроннай пошты ды інтэрнэт-дзёньнікаў Google адмовіўся, каб ня быць абавязаным перадаваць кітайскім спэцслужбам асабістыя зьвесткі пра карыстальнікаў.
Палітыкі супраць бізнэсоўцаў
Відаць, сваёй адкрытасьцю Google разьлічваў захаваць прыгожы твар, аднак атрымаў адваротны эфэкт. Выбухнуў сапраўдны скандал, у выніку якога прадстаўнікоў усіх чатырох карпарацыяў выклікалі ў амэрыканскі Кангрэс па тлумачэньні. Слуханьні прайшлі 15 лютага ў Камітэце па міжнародных адносінах і дужа нагадвалі публічную порку, прычым лупцавалі інтэрнэт-камэрсантаў як дэмакраты, так і рэспубліканцы. «Вашыя брыдкія дзеяньні ў Кітаі — гэта ганьба! — кінуў у твар зьніякавелым бізнэсоўцам Том Лантас, галоўны кангрэсмэн-дэмакрат у Камітэце. — Я проста не разумею, як вашае карпаратыўнае кіраўніцтва можа спакойна спаць уначы». Кангрэсмэн-рэспубліканец Крыстафэр Сьміт абвінаваціў кампаніі ў «падтрымцы спробаў кітайскага кіраўніцтва рэгуляваць інтэрнэт паліцыйнымі мэтадамі».
Праблемы з амэрыканскім парлямэнтам могуць моцна нашкодзіць карпарацыям. Кангрэс можа перагледзець падатковыя льготы для кампаніяў, якія займаюцца інтэрнэт-распрацоўкамі, а таксама адмовіцца ад плянаў падвысіць колькасьць выдачы візаў для ўезду ў ЗША замежных спэцыялістаў у галіне высокіх тэхналёгіяў — таннай працоўнай сілы для волатаў інтэрнэт-індустрыі. Акрамя гэтага, ужо абмяркоўваецца прапанова забараніць амэрыканскім інфармацыйным карпарацыям зьмяшчаць свае сэрвэры ў Кітаі.
«Вядзеньне бізнэсу ў Кітаі вымагае самацэнзуры, — прызнаўся прадстаўнік Google Эліят Шрэйдж. — Гэта супярэчыць асноўным каштоўнасьцям і абавязкам Google. Аднак, на ягоную думку, нават ва ўмовах самацэнзуры кампанія зможа паспрыяць пашырэньню інфармацыі ў Кітаі. Кіраўніцтва Google заклікала ўрад ЗША не перакладаць увесь цяжар на плечы прыватнага бізнэсу, а самому больш актыўна дамагацца ад Кітаю ды іншых «праблемных» краінаў пашырэньня свабоднага слова.
Згода Google на самацэнзуру ў Кітаі можа мець для кампаніі і для інтэрнэт-індустрыі ўвогуле нечаканыя наступствы. Апошнім часам пашуковіку даводзілася адбівацца ад націску з боку адміністрацыі Джорджа Буша. Прэзыдэнт ЗША патрабуе, каб кампанія перадавала амэрыканскім уладам зьвесткі пра запыты, якія робяць карыстальнікі пашуковага сэрвісу. Такім чынам амэрыканскія ўлады зьбіраюцца шукаць тэрарыстаў ды дзялкоў дзіцячай парнаграфіі. Google адмаўляецца, бо лічыць гэтую інфармацыю сваёй камэрцыйнай таямніцай, а таксама асабістай таямніцай сваіх кліентаў. Аднак, вырашыўшы супрацоўнічаць з кітайскімі ўладамі, Google будзе нашмат цяжэй патлумачыць сваю адмову «дапамагаць» уладам ЗША.
Свабода заразная
Google — кампанія, якая любіць казаць пра тое, што бачыць перад сабой высокую місію — «арганізаваць сусьветную інфармацыю і зрабіць яе паўсюдна даступнай і карыснай». Паводле кіраўніцтва Google, сама прысутнасьць яго ў Кітаі, няхай нават няпоўнавартасная, аблегчыць жыхарам Паднябеснай доступ для інфармацыі. Тут ёсьць рацыя. Карыстальнік Інтэрнэту блукае ў Сеціве, нібы ў лябірынце. Лепей рабіць гэта з мапай, дзе ёсьць белыя плямы, чым зусім безь яе — паблукаўшы, так ці іначай усё роўна дойдзеш да мэты.
Акрамя гэтага, цэнзураваць Інтэрнэт — справа няўдзячная. Сеціва мае такі вялізны аб’ём і складаную структуру, што тэхніка з гэтым спраўляецца з горам напалам. Да таго ж, ёй даводзіцца мець справу з гнуткім чалавечым розумам. Ніякі кампутар ня здолее распазнаць эзопаву мову ці алегорыі. Менавіта таму стваральнік Microsoft Біл Гейтс лічыць: «Вы можаце прымусіць інтэрнэт-сайт прыбраць пэўныя зьвесткі, аднак, калі насельніцтва жадае нешта даведацца, яно ўсё роўна атрымае гэтую інфармацыю».
Зь іншага боку, татальны кантроль над Інтэрнэтам нікому і не патрэбны. Дастаткова кропкавых удараў, каб прымусіць змоўкнуць найбольш актыўныя галасы ды запужаць усіх астатніх. Паводле падлікаў Google, недзе 2% інфармацыі, якую звычайна шукаюць кітайскія карыстальнікі, будуць для іх недаступныя. Здаецца, няшмат. Аднак у гэтыя 2% уваходзяць усе самыя балючыя праблемы кітайскага грамадзтва, а 98% складаецца большай часткай з інфармацыйнага друзу. Дый ці можна назваць сапраўды свабодным чалавека, які часткова, няхай нават на 2%, зрабіўся несвабодным?
Скандал дазваляе з дакладнасьцю да даляра падлічыць кошт свабоднага слова. Для гэтага дастаткова ўзяць гадавы прыбытак кампаніі ад працы на кітайскім рынку ды падзяліць яго на колькасьць адмоваў у запытах на інфармацыю за год. Атрымаем суму прыбытку, якую атрымлівае Google у абмен на закрыцьцё доступу для інфармацыі для аднаго карыстальніка Сеціва. «Гэтыя кампаніі кажуць пра тое, што яны могуць зьмяніць Кітай, — кажа Том Лантас, — аднак Кітай ужо зьмяніў іх саміх». Кантроль над інфармацыяй з дапамогай тых, хто гэтую інфармацыю распаўсюджвае, зьмяняе сутнасьць Інтэрнэту. З глябальнага Сеціва ён ператвараецца ў набор лякальных сетак. Ужо цяпер тое, што могуць рабіць у інтэрнэце амэрыканцы, немагчыма для жыхароў Кітаю.
Калі амэрыканскія гіганты ня здолеюць спыніць самацэнзуру ў Кітаі, іншыя краіны пачнуць пераймаць тактыку афіцыйнага Пэкіна. Цікава, калі Google вырашыць выйсьці на беларускі рынак, ён таксама будзе фільтраваць словы «дэмакратыя», «выбары» ды «Пагоня»?