07.02.2014 / 09:35

«Ментаўская дзяржава дастала» 6

Фанатаў БАТЭ арыштоўваюць за акцыюсалідарнасці з Украінай.

26 студзеня 23 хлопцы ў Барысаве зняліся з плакатамі «Украіна, мы з табой», «Слава героям». У руках яны таксама трымалі бел-чырвона-белы сцяг. Назаўтра фотаздымак у падтрымку кіеўскага Майдану абляцеў інтэрнэт. Навіна ў сеціве жыве максімум некалькі дзён, паглядзелі людзі ды забыліся. Аднак гэтай справе так хутка знікнуць з першых палос СМІ не далі. Ужо два хлопцы адбылі адміністратыўны арышт за сваю салідарнасць з Украінай. Астатнія — у вышуку.

«Хацелі разам прыйсці ў РАУС»

Саша — непасрэдны ўдзельнік той акцыі. У яго кватэры на сценах сапраўдны «іканастас» фаната. Дзясяткі шалікаў БАТЭ, польскага «Пяста» (сяброўскі клуб барысаўскай каманды), а таксама некаторых іншых «жоўта-сініх» клубаў, вымпелы, значкі.

«У суботу-нядзелю ў барысаўскім Фізкультурна-аздараўленчым цэнтры (ФАЦ) быў валейбол. Там прысутнічалі некаторыя хлопцы. Ёсць запісы з камер відэаназірання, але няма ніводнага запісу, што з плакатамі стаяць менавіта гэтыя людзі», — кажа Саша.

Ужо ў аўторак міліцыя пачала пошук удзельнікаў акцыі. 21-гадовы Яўген першы атрымаў званок з гарадскога РАУС. Яго паклікалі на размову ў міліцыю. Не чакаючы нічога кепскага, хлопец пайшоў у пастарунак, перад гэтым папярэдзіў сястру. Начаваць дамоў ён не вярнуўся. Пакінулі ў ІЧУ. Назаўтра суддзя Лідзія Малчанава (тая самая, што судзіла свайго цёзку палітвязня Аляксандра Малчанава) асудзіла Жэню на пяць сутак арышту.

«Другога хлопца арыштавалі так: пазванілі дадому, каб прыйшоў. Ён папрасіў даслаць позву. Прыехалі і замест позвы проста забралі з сабой, —расказвае Саша. — Дапыталі ягоную дзяўчыну, яна сказала, што была на валейболе з ім, але болей нічога не бачыла. У паказаннях жа запісалі, што пацвярджае ўдзел у акцыі. Праўда, яна подпіс так і не паставіла. Ёй яшчэ паказвалі фотаздымак, дзе стрэлачкамі і кружочкамі былі падпісаныя іншыя ўдзельнікі. Кажа, што было апазнана чалавек восем».

Гэта ўжо не першы выпадак, калі хлопцы сутыкаюцца з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. «Перад пачаткам сезона заўсёды былі прафілактычныя гутаркі, каб не хуліганілі. А яшчэ нядаўна на міні-футболе вывешвалі «Пагоню», дык мелі размову з кадэбістамі. Нікому не дакажаш, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, старадаўні герб». Але вось на суткі за банеры пакуль што нікога не саджалі.

«У нас нават была думка прыйсці ўсім разам у РАУС ды сказаць: «Саджайце на пяць сутак, можна без суда». Але потым вырашылі, пакуль што халаднавата. Яшчэ пабегаем», — смяецца Саша.

Напрыканцы пытаюся, чаму ж хлопцы вырашылі падтрымаць Майдан. «Ментаўская дзяржава дастала», — сходу адказвае Саша. А потым дадае, што выпадак з казаком Міхаілам Гаўрылюком, якога беркутаўцы трымалі голым на марозе, стаў апошняй кропляй.

«Гэта не фанаты»

У барысаўскім РАУСе нас згаджаецца прыняць намеснік начальніка Уладзімір Анатольевіч Волкаў. «Хто вам сказаў, што гэта фанаты? Ніякія яны не фанаты», — яшчэ ў фае кажа ён нам. Праходзім у кабінет. «Хто з вас старэйшы?» — пытаецца Волкаў. Так і карціць да даць: «па званні». Просіць Сяргея Гудзіліна выйсці на калідор, застаемся адзін на адзін. Кажу: «Справа атрымала вялікі розгалас, думаю, вы самі бачылі ў інтэрнэце». «Мне няма калі інтэрнэт чытаць. Дадому прыходжу пасля 22-х, не да інтэрнэту», — кажа начальнік.

«Група маладых людзей сфатаграфалася на ганку ФАЦ. З іх словаў вынікае, што яны зрабілі гэта ў падтрымку падзей на Майдане. Двое грамадзян былі ўстаноўленыя і прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Мы звярталіся ў гарвыканкам, даведваліся, ці быў атрыманы дазвол на пікетаванне. Адказалі, што ніхто не звяртаўся з такой заяўкай», — пачынае аповед міліцыянер.

Ён паказвае падрыхтаваную загадзя раздрукоўку, дзе тлумачыцца, што такое пікет. Чытаю вызначэнне: «Пікетаванне — гэта публічнае выказванне грамадзянінам ці групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў або пратэсту (без шэсця), у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем або без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў».

Можа, яны гэткім чынам са зборнай Украіны па футболе выказвалі салідарнасць? У чым палітыка лозунга «Украіна, мы з табой»? «Я не кажу пра палітыку, яны выказвалі свае інтарэсы».

І ў чым заключаецца інтарэс? «Я не ведаю, у чым інтарэс. З паказанняў затрыманых вынікае, што яны салідарызаваліся з Майданам», — паўтарае, як мантру, міліцыянт.

А як былі апазнаныя затрыманыя? «Ёсць адметнасці, па якіх знайшлі». Што за яны — удакладняць не стаў.

Уладзімір Волкаў прызнаецца, што працягваюцца пошукі астатніх удзельнікаў. Затрыманыя, хоць і прызналі сваю віну, але сказалі, што не памятаюць ці не ведаюць людзей, з якімі стаялі з плакатамі.

«Працуем, высвятляем асобы. Справы на ўсіх 23-х удзельнікаў, як пішуць у інтэрнэце, не заводзілі, бо мы нават не ведаем гэтых людзей, то як можам справу пачаць? Ніхто не дзейнічае так, што на вуліцы выхопліваюць усіх фанатаў БАТЭ. Ды і не фанаты яны. Адзін казаў, што раней хадзіў на 5-ы сектар, але цяпер перастаў. Кажуць, што цікавяцца спортам, ходзяць у трэнажоркі, але да фанатаў сябе не адносяць. На фота, можа, чалавек у пяці была на адзенні нейкая сімволіка БАТЭ».

«Калі б фотаздымак не трапіў у інтэрнэт, то справы не было б?»

«Не было б», — адказвае Волкаў.

«Ці праўда, што ўказанне завесці справу Вам прыйшло з Мінска?» — «Прычым тут Мінск? Мы самі зацікаўленыя ў захаванні добрага імя міліцыі».

«Нас нават на суд не пусцілі»

У вечар панядзелка першы з затрыманых выходзіў на волю. Каля пастарунка сустракаемся з сястрой Яўгена Ленай. Высокая светлавалосая дзяўчына адразу першай задае пытанне: «А вам не страшна асвятляць такія тэмы?»

Гэта не загартаваная адседкамі палітычная апазіцыя, людзі ўпершыню ў жыцці сутыкаюцца з такім, таму шакаваныя.

«Нас нават у суд не пусцілі. Міліцыянт сказаў, што не паложана, — расказвае Лена. — А потым не прынялі перадачу. Ні адзенне, ні ежу, ні гігіенічныя сродкі. Нічога».

Жэня працуе рабочым у гарадскіх электрасетках, гэта метраў за дзвесце ад ІЧУ. Пытаюся, ці не могуць яго звольніць за суткі. «Працаваць і так няма каму», — кажа дзяўчына.

Гэтымі днямі Лена актыўна маніторыць незалежныя сайты. «Непрыемна чытаць некаторых каментатараў, што Жэня першым здаў астатніх. Малы такі чалавек сумленны і справядлівы, што лепш адседзіць лішнія суткі, чым некага здасць».

Лена ні словам, ні паўсловам не асуджае брата.

«Нам і міліцыянт, і суддзя сказалі: «Мы бачым, што добры хлопчык». Дык чаго тады суткі даяце тады?

Яго прывезлі на суд разам з пяццю іншымі. Там жанчына-алкагалічка, нейкія дэбашыры. Дык вось усіх пасля суда адпускалі, давалі штрафы. Мы былі перакананыя, што Жэню таксама адпусцяць».

Хлопца выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання бліжэй да дзевятнаццатай гадзіны. На выгляд хлопец нечым нагадвае актывіста Паўла Вінаградава. Дужы, у турме бародка адрасла. «Нармальна сядзелася. Толькі халодна было», — кажа Жэня. «Я сапраўды прызнаўся, што быў там, трымаў плакат. Не ўмею хлусіць. Настойвалі, каб назваў імёны астатніх удзельнікаў, у такім выпадку абяцалі адразу адпусціць. Хто ж ім паверыць».

Кажа, што дапытваў яго асабіста намеснік начальніка РАУС Волкаў, а не нейкі шараговы супрацоўнік. «Ён шчыра сказаў, што справу загадалі адкрыць з Мінска». Бацька ківае: «Мне тое самае казалі». Ужо ў гэты вечар Яўген збіраўся сустрэцца з сябрамі, каб падзяліцца досведам «сутак». Магчыма, гэта яшчэ будзе чакаць некаторых з іх. 

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.

 

Зміцер Панкавец, Барысаў

0
Серж / Адказаць
05.02.2014 / 14:44
"Ментаўская дзяржава дастала", - пробулчал себе под нос житель концлагеря.
0
Мiхал / Адказаць
05.02.2014 / 15:20
Лечше на главной странице разместите фотографию как тихари с ментами снимают на видео пикет по сбору подписей в поддержку прамоўцы (кандидата в депутаты) от БХД. Демократизация от Луки-2014 в исполнении Ермошиной и Вакульчика в действии. Так что теперь людям в марлевых повязках подписи за Христиан собирать на официальных "выборах" от луки? У Менску 1 лютага прайшла Нацыянальная Рада аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя". У прыватнасці, было вырашана правесці 8 лютага ў розных гарадах Беларусі марафон пікетаў прамоўцаў БХД. http://bchd.info/uploads/posts/2014-02/thumbs/1391415525_p1080603.jpg
0
Андрусь / Адказаць
05.02.2014 / 22:18
НН, пісаць трэба ні "штосці не так" а на іхняй мове: "што-то не так".
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру