05.02.2014 / 14:45

Беларускія праграмісты не ўдзельнічалі ў стварэнні парталу амерыканскага ўрада 1

Праграмісты з Беларусі не ўдзельнічалі ў стварэнні камп'ютарнай сістэмы рэформы аховы здароўя ЗША, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка Нацыянальнага савета па бяспецы ЗША Кэйтлін Хэйдэн.

Інфармацыя аб тым, што беларускія праграмісты ўдзельнічалі ў распрацоўцы праекта HealthCare.gov, з'явілася 3 лютага на сайце freebeacon.com. Паводле звестак партала, службы разведкі ЗША паведамілі аб гэтым у адміністрацыю прэзідэнта Барака Абамы на мінулым тыдні і папрасілі праверыць сістэму на наяўнасць шкодных праграм. 

Увагу спецслужбаў прыцягнула інтэрв'ю кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы, якое выйшла ў эфір радыё «Голас Расіі» яшчэ 25 чэрвеня 2013 года. Тады Цапкала заявіў: «Адзін з нашых кліентаў — Міністэрства аховы здароўя Злучаных Штатаў, нам плацяць за дапамогу Абаме з рэформай аховы здароўя».

Асцярогі разведкі выклікала магчымая ўразлівасць сістэмы для кібератак у выпадку ўдзелу ў яе распрацоўцы праграмістаў, звязаных з уладамі Беларусі.

4 лютага Кэйтлін Хэйдэн пацвердзіла, што амерыканскія спецслужбы нядаўна выпусцілі, а затым адклікалі справаздачу, звязаную з магчымым удзелам беларускай кампаніі ў распрацоўцы праграмнага забеспячэння.

Паводле слоў Хэйдэн, спецыялісты Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША «не знайшлі прыкмет таго, што нейкія праграмы былі створаны ў Беларусі».

Кампанія CGI Federal, галоўны падрадчык для праекта HealthCare.gov, у сваю чаргу апублікавала ў сувязі з гэтым наступную заяву: «Падчас сваёй работы над HealthCare.gov CGI ніколі не прыцягвала у якасці субпадрадчыка прадпрыемствы або спецыялістаў з Беларусі, і з мінскага Парка высокіх тэхналогій у прыватнасці. Уся работа для HealthCare.gov CGI выканана ў Злучаных Штатах».

Паводле звестак Lenta.ru, сайт HealthСare.gov, прызначаны для пошуку і куплі медыцынскай страхоўкі, быў запушчаны 1 кастрычніка 2013 года ў межах рэформы аховы здароўя, якую праводзіць адміністрацыя Барака Абамы. На распрацоўку партала спатрэбілася тры гады і прыблізна 292 мільёны долараў.

0
Программист / Адказаць
05.02.2014 / 18:39
Они не найдут концов в цепочке аутсорсинга. Наши программисты много чего делают, в том числе и для критически важных для национальной безопасности отраслей США, в том числе Department of Defence. Правда, троянов туда не суём, честно-честно, на полном серьёзе. Ну может только пару-тройку документов скачаем для тестов себе. Но в КГБ и ФСБ их не шлём, тоже честно-честно, и тоже серьёзно.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру