Помнік кампазітару Станіславу Манюшку будзе ўстаноўлены на плошчы Свабоды ў Мінску. Аб гэтым гаворыцца ў адказе Мінгарвыканкама на зварот мінчан з просьбай аб устаноўцы помніка.

У ліпені мінулага года па ініцыятыве Алеся Белага і Дзяніса Салаша на інтэрнэт-платформе www.change.org пачаўся збор подпісаў пад зваротам да старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі з просьбай устанавіць помнік Манюшку. 

Ініцыятары адзначалі, што для беларускай культуры асаблівае значэнне мае супрацоўніцтва Станіслава Манюшкі з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, вынікам якога сталі чатыры камічныя оперы, уключаючы славутую «Ідылію». На думку аўтараў петыцыі, 200-годдзе Манюшкі, якое будзе адзначацца ў 2019 годзе, павінна суправаджацца шэрагам юбілейных мерапрыемстваў, «у тым ліку ўстаноўкай дастойнага помніка, найлепшым месцам для якога, на думку большасці экспертаў, з'яўляецца сквер на плошчы Свабоды ў Мінску, тварам да гасцініцы «Еўропа». У сярэдзіне XIX стагоддзя на месцы гатэля знаходзіўся Мінскі гарадскі тэатр, дзе і адбылася прэм'ера «Ідыліі».

У снежні мінулага года петыцыя сабрала 4.200 подпісаў, якія разам з 120 рэальнымі подпісамі былі перададзены ў Мінгарвыканкам.

У адказе за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Сяргея Хільмана паведамляецца, што Мінгарвыканкам «прынцыпова падтрымлівае гэтую прапанову». Праект рэканструкцыі і рэстаўрацыі забудовы гістарычнага цэнтра Мінска прадугледжвае ўстаноўку помніка Манюшку на плошчы Свабоды, паведамляе аўтар ліста. 

Паведамляецца таксама, што Мінскі гарадскі мастацка-экспертны савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве ўхваліў мадэль помніка «С.Манюшка і В.Дунін-Марцінкевіч», прапанаваную скульптарам Сяргеем Гумілеўскім. Работа па стварэнні помніка ажыццяўляецца КУП «Мiнская спадчына» ў адпаведнасці з пастановай Савета міністраў ад 19 верасня 2008 года № 1372 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твора манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва».

«Як і марыла грамадскасць, помнік установяць у самым прыгожым месцы беларускай сталіцы — на плошчы Свабоды, каля гарадской ратушы. І такі выбар не выпадковы, бо менавіта з гэтым месцам найбольш цесна звязана біяграфія Манюшкі», — пракаментавў рашэнне мінскіх улад Дзяніс Салаш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?