Конкурсны адбор патэнцыяльных пакупнікоў дзяржаўнай долі ў СТАА «МТС», які павінен быў прайсці сёння, не адбыўся з-за адсутнасці заяў ад патэнцыяльных інвестараў, паведамляе афіцыйны сайт Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Як зазначаецца ў паведамленні, умовай продажу «было патрабаванне захавання працэнта ахопу тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паслугамі рухомай электрасувязі СТАА «МТС» не ніжэй за ўзровень, зафіксаваны ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці за апошні справаздачны перыяд, што папярэднічае заключэнню дагавору куплі-продажу долі СТАА «МТС». 

Продаж долі ў статутным фондзе СТАА «МТС», якая знаходзіцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і ў гаспадарчым распараджэнні РУП «Бетэлекам», ажыццяўляецца па рашэнні прэзідэнта, зазначае Дзяржкаммаёмасць. 

Конкурсны адбор быў аб'яўлены Дзяржкаммаёмасцю ў снежні мінулага года. 5 лютага завяршыўся тэрмін прыёму заявак, сам адбор быў прызначаны на раніцу 6 лютага. 

Нагадаем, першая ацэнка дзярждолі была праведзена ў 2010 годзе — тады пачатковая цана продажу дзяржпакета была заяўлена ў аб'ёме 1 млрд. долараў. Потым яна была зніжана да 863 млн. долараў. 

20 снежня мінулага года, выступаючы перад парламентам, віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч выказаў меркаванне, што здзелка аб продажы дзярждолі ў СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» можа быць закрыта ў першым квартале. «На конкурс мы ўжо выставілі [дзярждолю] «МТС», праведзена рыначная ацэнка. Конкурс праходзіць, і калі ён пройдзе паспяхова, прадпрыемства будзе прыватызавана ў першым квартале», — сказаў Пракаповіч. 

Варта зазначыць, што расійская кампанія «МТС», якая валодае 49% СТАА «МТС», неаднаразова прапаноўвала выкупіць кантроль у Беларусі, але расіян не задавальняла цана, вызначаная беларускім бокам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?