Пацярпелы на здымках фільма «Авель» удзельнік здымачнай групы Аляксандр Лазар усё яшчэ знаходзіцца ў апёкавым аддзяленні Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў бальніцы.

4 лютага некаторыя СМІ паведамілі, што падчас выбуху мікрааўтобуса на здымках карціны 1 лютага ў Мінску пацярпеў вадзіцель аўтамабіля Аляксандр Лазар, у якога былі зафіксаваныя пераломы, апёкі, страсенне мазгоў і атручэнне газападобнымі рэчывамі. Пацярпелы спачатку знаходзіўся ў апёкавай рэанімацыі, а праз некалькі гадзін яго перавялі ў агульнае апёкавае аддзяленне.

Каментуючы гэту інфармацыю, прадзюсар фільма «Авель» Сяргей Ждановіч 5 лютага паведаміў, што Лазар ужо выпісаўся з бальніцы. «Работнік жывы-здаровы, усё добра, на працоўным месцы», — зазначыў прадзюсар.

У гутарцы 6 лютага Ждановіч растлумачыў свае ўчарашнія словы тым, што Лазар нібыта пазваніў яму і паведаміў, што прыедзе на працу, аднак там не з'явіўся. «Саша кажа, што адчувае сябе добра», — падкрэсліў Ждановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?