Беларускі тэатр амаль не звяртаецца да інсцэніроўкі твораў сучасных празаікаў.

Сітуацыю імкнецца змяніць Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры. Ён ладзіць лабараторыю, падчас якой маладыя рэжысёры паказваюць урыўкі з будучых спектакляў. Сярод іх –

«Шабаны» Альгерда Бахарэвіча, якія ставіць Алена Ганум, вучаніца Мікалая Пінігіна.

 

«НН»: Чаму вы ўзяліся за раман Бахарэвіча?

АГ: Па адукацыі я актрыса, працавала ў Коласаўскім тэатры, што ў Віцебску. У 2006 годзе я разам з сям’ёй з’ехала жыць у Ліван. Зараз я магу вельмі доўга і натхнёна распавядаць пра добрую ліванскую зямлю. А тады,

калі мая нага ўпершыню ступіла туды, адразу ж зразумела, што апынулася не на зямлі, дзе шмат сонца і свабоды, а «ў месцах пазбаўлення волі»…

У месцы, дзе свой рытм жыцця і свае правілы гульні. Не зразумеўшы і не прыняўшы іх, выжыць тут немагчыма. Мне давялося ўбачыць велізарную колькасць знявечаных эмігранцкіх лёсаў (а ў Ліване багата беларускіх, рускіх і ўкраінскіх жанчын). Але самая незвычайная сустрэча адбылася з ліванскімі «Шабанамі».

«НН»: Якія ж Шабаны ў Ліване?

АГ: У сваім рамане Бахарэвіч піша: «Куды б я нi паехаў, куды б нi паляцеў, Шабаны сустракалiся мне па усiм кантыненце. У Берліне, у Празе, у Львове і Парыжы».

Шабаны – гэта вобраз масавай свядомасці, якая дэградуе. Таму яны паўсюль.

Пасля вяртання ў Беларусь назапашаныя ліванскія ўражанні доўгі час шукалі выйсце. І тут адбылося нешта містычнае: да мяне ў рукі трапіў твор, аўтара якога я раней не ведала. Гаворка ў «Шабанах» ішла пра Беларусь, але дзякуючы героям можна было расказваць пра іншыя краіны (у тым ліку, пра Ліван). Раман літаральна пачаў прасіцца на сцэну.

«НН»: Што для вас «Шабаны»?

АГ: Адну з галоўных думак можна знайсці ў словах, якія кажа настаўнік гісторыі Саланевіч: «Час усе адно мацнейшы за нас. Ён выштурхоўвае тых, хто яго пераймаць не хоча. (…). Шмат хто лiчыць, што ў яго часу няма думаць пра час. Што ён спознiцца. Мiж тым вiдавочна: той, хто пераймае час, нiкуды не спознiцца, Бо час не можа спазнiцца.

А чалавек думае: ах, як проста, ворага знiшчыў, кроў пралiў, дом пабудаваў, iдэалогiю падвёў – як электрычнасць, дзяцей панараджаў, мову памяняў, будычыню змайстраваў – і ганарыцца, як жа не сядзеў на месцы, сэнс жыццю надаў.

А нельга так. ШАБАНЫ у вынiку атрымлiваюцца».

* * * 

Паказ урыўкаў са спектакля «Шабаны» адбудзецца 7 лютага ў Цэнтры эксперыментальнай рэжысуры (вул. Каліноўскага, 50а). Пачатак а 15-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?