БО
Бо сакавік разносіць па лёгкіх сваю праказу,
бо спаць не даюць садысты — марцовыя каты,
бо адзінаццаціклясьніцы думаюць зусім не пра члены сказу
і ўсё пазьней штовечар прыходзяць дахаты;
бо пагаліцца зранку — зьбіваецца подых,
і лязо спатыкаецца на падбародзьдзі,
покуль усе капяжы крычаць аб правох і свабодах
кругазвароту вясны ў прыродзе;
бо, прадчуваючы працу, касец газонаў ад хваляваньня
блытае словы, прызнаючыся ў каханьні касілагазонцы.
Адаграваецца сонца, па горла ў вясновай ваньне —
і любая выйдзе бяз шаліка, па горла ў вясновым сонцы.
ET SI TU N’EXISTAIS PAS…
калі б цябе не было ў вялікім сусьветным раскладзе
я выдумаў бы што ты далёкі касьмічны спалах
сьвятлом бы табе дасылаў эсэмэскі ўва ўмоўным ладзе
і дарогу б чытаў па тваіх зорных ініцыялах
я наносіў бы тваё ймя на зямныя й нябесныя мапы
прамаўляў бы яго на ўдыху захлынаючыся ад шаленства
і ня верыў што нават малпа можа паходзіць ад малпы
бо ўсё выглядала б створаным на божае падабенства
я складаў пра цябе й гарлаў бы невядомыя іншым песьні
і суседзі прачнуўшыся ўночы ня зналі б каго я клічу
я глыбока сярод зімы пасылаў бы іх… на прадвесьне
і ўпершыню ў жыцьці не баяўся б таннага кічу
калі б цябе не было выдумляў бы цябе як твор я
і павольна канаў ад шчасьця ня просячы эўтаназіі
мой аловак бы лётаў па-над зямлёй як указка прагнозу надвор’я
але ты ў мяне ёсьць і ня ведаю што рабіць са сваёй фантазіяй
* * *
лёс цалуе цябе ў шчаку ты яму падстаўляеш вусны
бо жывёш да нашае эры і ня лічыш нашых гадоў
твая мэтрыка даўні эпас дагамэраўскі дзёньнік вусны
белай пенаю раскіданы па сузор’і сямі гарадоў
ты ня бачыш павольных сноў і ня танчыш павольных танцаў
бо твая рытмічная памяць захавала выбух і ўсхліп
не хапае паветра ў лёгкіх ды ня хочаш лёгкіх дыстанцыяў
бо ня маеш часу і месца на паўторны відэакліп
алімпійскія гульні жарсьці на якіх за цябе заўзею
а вакол равуць стадыёны і прыемна што мы адны
засынаем да новай эры і прыходзяць дзіўныя сны
як жыцьцё што бачым з акна авангардавага музэю