Расіянін, які ў стане ап'янення спрабаваў уцячы на «БМВ-Х5» ад нарадаў Дзяржаўтаінспекцыі ў Гродне 5 лютага, аштрафаваны на 13 мільёнаў рублёў. Ён пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на чатыры гады. Пра гэта паведамляе ўпраўленне ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Судовы разбор прайшоў у абласным цэнтры 6 лютага.

Нагадаем, на траекторыю руху аўтамабіля «БМВ-Х5» з расійскімі рэгістрацыйнымі знакамі днём 5 лютага нарад батальёна дарожна-патрульнай службы звярнуў увагу на праспекце Янкі Купалы. Сігнал інспектара вадзіцель пазадарожніка праігнараваў. Адарваўшыся на вялікую адлегласць, паімчаўся ў бок вуліцы Перамогі. Ігнаруючы правілы дарожнага руху, ліхач збіраўся выехаць за гарадскую мяжу. Дзякуючы ўзгодненым дзеянням супрацоўнікаў ДАІ, на вуліцы Падольнай, дзе другі нарад сваім аўтамабілем заблакіраваў праезд, яго затрымалі.

Акрамя 24-гадовага вадзіцеля ў аўтамабілі знаходзіліся пасажыры (дзве дзяўчыны і брат парушальніка). Паводле слоў затрыманага, у Гродна ён прыехаў з Калінінграда па працы. Ноч правёў у знаёмых, дзе піў гарэлку. Прачнуўшыся раніцай, пахмяліўся і вырашыў развезці сабутэльніц па дамах.

Медыцынскі агляд паказаў наяўнасць у арганізме вадзіцеля 1,97 праміле алкаголю. Паводле слоў парушальніка, права кіравання ў Расіі яго пазбавілі каля трох гадоў таму. Накладзеную за дапушчаныя ў Гродне парушэнні суму штрафаў ён заплаціў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?