Нарвежскі біятланіст Уле-Эйнар Б'ёрндален выйграў спрынт на 10 км на Алімпійскіх гульнях у Сочы з вынікам 24 хвіліны 33,5 секунды (адно штрафное кола).
Lee Jin-man / AP
Гэта сёмае золата 40-гадовага нарвежца на Зімовых алімпійскіх гульнях (1998 - 1, 2002 — 4, 2010 — 1, 2014 — 1).
«Я ў выдатнай форме», — сказаў ён пасля фінішу.
Другое месца сёння заваяваў аўстрыец Дамінік Ландэрцінгер. Трэці — чэх Яраслаў Соўкуп.
Што да беларусаў: Уладзімір Чапелін — 29-ы, Сяргей Новікаў — 33-ы, Яўген Абраменка — 56-ы, Юрый Лядаў — 57-ы.
Біятланіст Эміль Хегле Свендсэн у сваім твітары адзначыў Б'ёрндалена хэштэгам #hundreårsmenneske, што перакладаецца, як «чалавек стагоддзя», паведамляе lenta.ru
Сёння на Алімпійскіх гульняў Нарвегія выйграла два золаты, адно срэбра, адну бронзу і ўзначаліла камандны залік. У Нідэрландаў — адно золата, адно срэбра, адна бронза.
У нядзелю — спрынт у жанчын (17:30).