У малых гарадах пануе абсалютны страх, піша Дзяніс Рабянок з Калінкавіч.

Сацыёлагі кормяць нас байкамі пра так званы «сацыяльны кантракт», які як быццам заключаны паміж аўтарытарным рэжымам і абсалютнай большасцю насельніцтва Беларусі. Зразумела, што «кантракт» гэты не замацаваны юрыдычна, і на Усебеларускім сходзе «найлепшыя прадстаўнікі» народа і начальнік лукашэнкаўскай адміністрацыі сваімі подпісамі яго не замацоўвалі.

«Сацыяльным кантрактам» эксперты называюць адмову беларусаў ад грамадзянскіх свабод у абмен на нейкі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту, які забяспечвае ім улада. «Карацей кажучы, беларуская «мара» — гэта чарка, скварка, іншамарка (у большасці выпадкаў — вельмі і вельмі патрыманая), а зусім не свабода, дэмакратыя і правы чалавека», — напісаў адзін з навукоўцаў.

Зыходзячы з гэтага, некаторыя палітолагі і тлумачаць усе няўдачы і паразы апазіцыі. Маўляў, ёсць 25% грамадзян — тых, хто не прымае рэжым менавіта па прынцыповых пытаннях (адсутнасць правоў і свабодаў), а астатнія 75% — гэта тыя, для каго гэты самы «сацыяльны кантракт» важнейшы за асабістую, грамадзянскую і нацыянальную годнасць. «І яны ніколі не пойдуць за апазіцыяй», — пафасна піша навуковец.

Толькі гэта няпраўда

Але гэта погляд сытага чалавека са сталіцы. А я, жывучы ў правінцыі, бачу рэальнае паўсядзённае жыццё людзей. Магу сцвярджаць, што так званы «сацыяльны кантракт» — гэта міф.

Па-першае, у Беларусі існуе вялікае адрозненне паміж афіцыйным і рэальным узроўнем прыбыткаў хатніх гаспадарак. Статыстыка дэкларуе сярэдні заробак большы за 600 даляраў у эквіваленце. Пры гэтым, у Калінкавічах 90% працаўнікоў добра калі атрымліваюць 3—3,5 мільёна зайчыкаў (у пераліку чыстымі — каля 300 даляраў).

У той жа час цэны ў нас не ніжэйшыя за еўрапейскія. Як за прадукты, так і за паслугі. Часам даходзіць да смешнага, калі атрыманне дыплома ў правінцыйным Мазырскім педуніверсітэце каштуе больш, чым у некаторых універсітэтах Еўропы. Таму мне абсалютна незразумела, як такая сур’ёзная і аўтарытэтная ўстанова, як НІСЭПД, можа рабіць нейкія высновы, зыходзячы з дадзеных лукашэнкаўскай статыстыкі?

Па-другое, ужо згаданы 2011 год, калі Беларусь перажыла сапраўдную фінансава-эканамічную катастрофу, надзвычай яскрава паказаў тое, наколькі прывідныя «ўмовы кантракта».

Улады ўжывалі карныя меры, каб змусіць людзей маўчаць. Не на нейкім кантракце, а на страху трымаецца ўся сістэма.

 

Рабы — не мы?

Калі існуе нейкі «сацыяльны кантракт», то абодва бакі павінны яго выконваць.

А ў нас не кантракт, а салодкае рабства. Можаце запытацца: а чаму салодкае? А якое яшчэ?

Клясці на чым свет стаіць дрэнную ўладу, скардзіцца на жыццё і адначасова пры апытанні з гатоўнасцю казаць пра тое, што на будучых выбарах буду галасаваць за Лукашэнку, па першым загадзе бегчы на акцыю «За моцную і квітнеючую» і паслухмяна несці пашпарт, каб аддаць подпіс за чарговага палатачніка — ці ж гэта не «грамадскае садамаза»?

Як прыклад — маленькая замалёўка. У калінкавіцкае аддзяленне незалежнага прафсаюза РЭП звярнуліся супрацоўнікі аднаго з мясцовых прадпрыемстваў з просьбай скласці заяву на імя старшыні прафкама гэтага прадпрыемства. Заява была своечасова падрыхтаваная, але далей падзеі развіваліся ў горшых традыцыях тэатра абсурду. Працаўнікі не наважыліся падаць заяву старшыні прафкама, а вырашылі спытацца дазволу на гэта ў дырэктара прадпрыемства. Той, канечне ж, забараніў ва ўльтыматыўнай форме. І тыя падпарадкаваліся, хоць праблемы ў заяве былі акрэслены даволі вострыя. Вось такая проза жыцця. Вось такі «сацыяльны кантракт».

 

Гульня ў «выбары»

Казаць у такой сітуацыі пра «паразы» апазіцыі проста не выпадае.

Хоць апазіцыя ў сваіх праграмах даўно аддае галоўнае месца праблеме «пуза і задніцы», адсунуўшы на задні план высокія ідэалы.А ў адказ —…цішыня.

Рабы ж думаюць не пра тое, каб змяніць нешта да лепшага, яны думаюць, каб не стала яшчэ горш. «Пенсію пакуль жа не адмянілі, а маглі б, бо яе ж Лукашэнка з асабістай кішэні плаціць», — прыкладна такая логіка ў неадукаванай часткі насельніцтва.

Дзе ж выйсце? Мне яно бачыцца ва ўзмацненні існых структур дэмакратычнай супольнасці (і палітычных, і грамадскіх), у абароне дзейсных актывістаў, а шырэй — у стварэнні цалкам аўтаномных ад улады і дзяржавы асяродкаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Той жа, хто працягвае прапагандаваць ідэю, згодна з якой можна перамагчы лукашэнкаўскі рэжым на «выбарах» тут і цяпер, ці недалёкі ўтапіст, ці агент уплыву. Тое ж можна аднесці і да прыхільнікаў мяккай эвалюцыі Лукашэнкі праз «мадэрнізацыю» і «ўцягванне ў Еўропу».

Пакуль пануе страх, перамен не будзе. Людзі ў нейкі момант перарастуць грамадскі страх так, як дзеці перарастаюць свае дзіцячыя страхі. Мы тое адчуем на ўсіх узроўнях. Але пакуль таго не здарылася, трэба кінуць гуляць у дурныя «выбарныя» гульні з Ярмошынай і цалкам засяродзіцца на разбудове і стварэнні новых структур, асабліва на рэгіянальным узроўні.

Трэба мець моцны, падрыхтаваны кулак, які ў патрэбны пераломны момант, на сапраўдных выбарах, раструшчыць стаўленіка антыбеларускіх сіл.

Дзяніс Рабянок, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Калінкавічы, Гомельская вобласць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0