Дзейнасць спа-цэнтраў у Беларусі будзе ўрэгулявана, паведаміла сёння журналістам намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.
У прыватнасці, з'явіцца стандарт для спа-паслуг. Плануецца, што ў Правілах бытавога абслугоўвання спажыўцоў з'явіцца новы раздзел, які рэгламентуе дзейнасць спа-цэнтраў. Будуць вызначаныя патрабаванні да персаналу падобных устаноў.
Паводле слоў намесніцы міністра, у Беларусі наспела неабходнасць на заканадаўчым узроўні даць азначэнне тэрміну «спа». Спажывец павінен дакладна разумець, які пакет паслуг яму прапануюць у пэўнай установе. Многія суб'екты рэкламуюць свае ўстановы як спа-цэнтры, аднак выразнага крытэра, што лічыць спа-цэнтрам, пакуль няма. «Калі ўстанова прапануе толькі адну паслугу з цэлага комплексу, то які гэта спа-цэнтр? Гэта падман спажыўца ўжо ў назве аб'екта», — дадала Ірына Наркевіч.
Акрамя гэтага, будзе разглядацца пытанне аб урэгуляванні дзейнасці прадпрыемстваў, якія аказваюць паслугі па арэндзе аўтамабіляў.