Праектаваныя вуліцы ў мінскім мікрараёне Міхалова-2 плануецца назваць імёнамі дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і вядомага шляхецкага роду. А вось ці з'явіцца ў сталіцы вуліца Быкава і ці будуць новыя імёны ў вуліц Леніна, Савецкай, Маркса — пытанне без адказу?

Беларускія назвы вуліц - на выселках

Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Мінска прыняла рашэнне

прапанаваць назву праектаванай вуліцы № 2 у мікрараёне Міхалова-2 «Вуліца Астрожскіх», а вуліцы № 3 у тым жа раёне - «Вуліца Тышкевічаў».

«Меркаванні жыхароў горада па прапанаваных назвах на працягу двух тыдняў пасля публікацыі» прапануецца накіроўваць у галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама (220006, г. Мінск, вул. Маякоўскага, 22, корп. 2).

Як адзначыў у каментары для Naviny.by мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі,

князь Астрожскі і род Тышкевічаў адыгралі значную ролю ў гісторыі Усходняй Еўропы, таму «называць іх імёнамі вуліцы ў аддаленых ад цэнтра мікрараёнах, дзе яны не напоўнены ні памяццю, ні сэнсам, не зусім разумна».

А вось Камісія па найменні і перайменаванні вуліц ужо на працягу многіх гадоў трымаецца думкі, што даваць імёны гістарычных дзеячаў варта менавіта новым вуліцам. У банку дадзеных патэнцыйных назваў вуліц каля 40 найменняў. На выселках раз-пораз з'яўляюцца вуліцы, названыя ў гонар гістарычных дзеячаў Беларусі. Напрыклад, у Брылевічах ёсць вуліцы Напалеона Орды і Яна Чачота, у Міхалова - Льва Сапегі.

Жыхары мікрараёнаў не разумеюць, якое дачыненне маюць гэтыя асобы да месца, дзе яны жывуць.

На думку ж Сяргея Харэўскага, назвы вуліц «павінны быць хрэстаматыйнымі, каб людзі са школы ведалі гісторыю назвы, а памяць пра гэта падтрымлівалася ў СМІ».

Па словах старшага навуковага супрацоўніка Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Аляксея Ластоўскага, у прыняцці рашэння па назве вуліц важны ўдзел грамадскасці, для чаго неабходна публічнае абмеркаванне:

«Вызначэнне культурнай палітыкі сталіцы можа адбывацца з дапамогай дыскусій зацікаўленых экспертаў, грамадскасці. Калі назвы навязваюцца, гэта нагадвае выкарыстанне адміністрацыйных працэдур. У выпадку з назвамі ў Міхалова-2 гаворка ідзе хутчэй пра інфармаванне, чым пра абмеркаванне. Акрамя таго, важна, каб назвы вуліц мелі сэнс для людзей. Таму

недастаткова назваць вуліцу, неабходная яшчэ адукацыйная палітыка».

Мінск - горад савецкіх вуліц

У тапаніміцы Мінска выяўляецца спадчына перш за ўсё савецкай эпохі, адзначыў Аляксей Ластоўскі.

Так,

па дадзеных даследавання 2009 года, у якім аналізаваўся гарадскі ландшафт, а менавіта назвы вуліц Мінска, Кіева і Вільні, беларуская сталіца была прызнаная самым савецкім горадам.

І гэта вытлумачальна, лічыць Аляксей Ластоўскі: «У Беларусі не было хваляў перайменавання вуліц у адрозненне ад краін- суседак».

Ад 1990 года адбылося 121 перайменаванне мінскіх вуліц. У якасці імкнення да нацыянальнага ў назвах вуліц можна ўспомніць, напрыклад, перайменаванне праспекта Леніна ў праспект Скарыны, вуліцы Горкага ў вуліцу Багдановіча ці вуліцы Танкавай ў вуліцу Танка. Прыкладам з дакладнасцю да наадварот можна назваць змена назваў галоўных мінскіх праспектаў — Францыска Скарыны і Пятра Машэрава на праспекты Незалежнасці і Пераможцаў у 2005 годзе. Тады з нагоды перайменавання вуліц Мінска грамадскасць звярталася ў суд са скаргай, якая не была прынятая.

Між тым, адзначыў Аляксей Ластоўскі,

у тапаніміцы выяўляецца стратэгія гарадскога развіцця, якая важная і для іміджу краіны, для таго, каб Мінск не ўспрымалі як запаведнік сацыялізму.

Ужо шмат гадоў грамадскасць дамагаецца ушанавання памяці народнага пісьменніка Васіля Быкава ў назве вуліцы. Яшчэ ў 2010 было сабрана больш за 10 тысяч подпісаў мінчан за наданне адной з вуліц горада імя Васіля Быкава.

Аднак рэалізацыі грамадскага жадання перашкаджае палітызаванасць асобы Быкава, які цяперашняй уладай не ўспрымаецца як нацыянальны герой.

«Гэта маштабная фігура для беларускай культуры, адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў у свеце. Пройдзе час, мы ўбачым яго як творцы каласальнага маштабу, і яго імя будзе прысутнічаць у культурным ландшафце Мінска», —

упэўнены Аляксей Ластоўскі.

У Мінску велізарная колькасць назваў вуліц у грамадскай свядомасці наогул ніяк не звязаныя з Беларуссю, а некаторыя абсурдныя, дадае Сяргей Харэўскі.

«Чаму помнік Калініну стаіць на плошчы Мінска, у гонар каго названа Ульянаўская? Вы калі-небудзь задумваліся, як дзіка гучыць фраза «дарэвалюцыйная забудова вуліцы Рэвалюцыйнай»?

У гонар якой рэвалюцыі назва? Ці не абсурдная назва вуліцы Мопраўскай, названай у гонар МОПР (Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам). Або чаму ў старым горадзе ёсць вуліца Герцэна, а ня Малая Бернардынская (гістарычная назва)?» — задаецца пытаннямі мастацтвазнаўца.

І справа тут не толькі ў ідэалагічным абсурдзе. Часта гаворка ідзе пра тапанімічную бессэнсоўнасць назваў. Гістарычна, адзначыў Сяргей Харэўскі, вуліца Рачная вяла да ракі, Рынкавая - да рынку, а Манастырская - да манастыра.

«Тут быў сэнс, можна было распавесці гісторыю. Людзі прывыкалі да назваў, іх успрымала мова. Цяпер жа ўсе гэтыя Ульянаўская, Леніна не маюць сэнсу, бо не нясуць ідэалагічнай, адукацыйнай нагрузкі. Маладое пакаленне папросту не ведае, хто гэта такія, а старэйшае не ведае, якое дачыненне гэтыя людзі маюць да Беларусі. У выніку назвы аказваюцца абсурднымі», — кажа Сяргей Харэўскі.

На яго думку, «савецкія назвы вуліц памерлі без перайменавання, бо нічога не кажуць сучаснаму чалавеку».

Вярнуць гістарычныя назвы і перайменаваць - усё і адразу

Час перайменавання вуліц прыйшоў ужо даўно,

лічыць Сяргей Харэўскі. На яго думку, « гораду як сталіцы неабходна вяртаць гістарычнае аблічча ў тапаніміцы».

«Прычым вяртаць гістарычныя назвы трэба з пазіцыі дэсаветызацыі і за адзін раз, для чаго неабходная дзяржаўная канцэпцыя, — упэўнены эксперт. — Зараз мы нясём маральныя ідэалагічныя страты ў выніку існуючай палітыкі ў назве вуліц сталіцы, бо назвы ўплываюць на самасвядомасць».

Неабходна вярнуць гістарычныя назвы не толькі вуліцам, але і скверам, паркам.

«Гіганцкі Мінск, — адзначыў эксперт, — паглынуў шмат вёсак, хутароў, памяць аб якіх магла б быць адлюстравана ў гарадской тапаніміцы. Пустэльні на месцы Мінска не было, і ў кожнага кавалачка зямлі было назва. Гэта найбагацейшы пласт для назваў».

Разам з тым мастацтвазнаўца перасцярог ад падкрэсленай персаніфікацыі ў назвах вуліц, бо ў грамадстве змяняецца погляд на тых ці іншых асобаў з ходам гісторыі.

Аб неабходнасці паступова вяртаць гістарычныя назвы, улічваючы пры гэтым, што

да гэтага часу ў сталіцы вуліцы носяць імёны людзей, якія адмоўна ставіліся да беларускай дзяржаўнасці,

кажа і Аляксей Ластоўскі.

Ён таксама лічыць, што да персаніфікаваных назваў вуліц неабходна падыходзіць асцярожна, не правакуючы палітычныя маніпуляцыі ў будучыні: «Гэта небяспечная рэч — выкарыстоўваць у назвах імёны палітыкаў, напрыклад. Нездарма ў ЗША даюць вуліцам нумары, а не назвы. Тут ёсць логіка, але, на мой погляд, для нашага рэгіёну гэта не пасуе».

У нас лепш, «калі вуліцы будуць насіць імёны культурных, а не палітычных дзеячаў, каб у будучыні не правакаваць новую ўладу на перайменаванні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?