Аб «Эўрапейскім Маршы», Бірме і прагрэсе піша Віталь Тарас.

Рызыкуючы патрапіць у становішча чукчы, якога непакоіў Гандурас, не магу ўстрымацца ад таго, каб правесьці некаторыя паралелі паміж апошнімі падзеямі ў Беларусі і М’янме. Але пачну ўсё ж з таго, што бліжэй — зь Менску, які аддзяляюць ад сталіцы колішняй Бірмы Рангуну (цяпер Янгону) больш за дзесяць тысяч кілямэтраў, ня кажучы пра розьніцу ў гістарычным досьведзе, рэлігійных схільнасьцях, мэнтальнасьці й звычаях двух народаў.

У Эўропу з антыэўрапейскімі лёзунгамі?

Большасьць камэнтароў у сувязі з Эўрапейскім маршам «За Свабоду» тычыліся таго факту, што ўлады амаль не чынілі перашкодаў дэманстрантам, прынамсі ў дзень акцыі. Праўда, на мой погляд, гэта не павінна засланяць сабой фактаў прэвэнтыўных арыштаў грамадзянскіх актывістаў напярэдадні маршу, а таксама звыклага асьвятленьня апазыцыйнае акцыі ў дзяржаўных СМІ — у зьдзеклівай, калі не сказаць — хамскай манеры.

Я б зьвярнуў увагу яшчэ на адзін момант. Калі раней большасьць удзельнікаў падобных акцыяў складалі людзі сярэдняга і сталага веку, дык на апошніх «маршах» відаць усё болей маладых твараў. І гэта ў пэўнай ступені дадае аптымізму.

Хачу адзначыць, што сама акцыя мела характар ня столькі эўрапейскі, колькі беларускі. Звычка дэманстрантаў пераходзіць вуліцу выключна на зялёнае сьвятло (нягледзячы на тое, што калёна гэтым разам час ад часу выплёсквалася на праезную частку праспэкту Незалежнасьці) не зьмянілася з часоў першага маршу на Курапаты ў 1988‑м.

Мірнае шэсьце часам нагадвала нават крыху расслаблены прамэнад. Маніфэстацыя пад рознакаляровымі сьцягамі на шырокіх вуліцах Менску, залітых амаль што ласкавым кастрычніцкім сонцам, пад сінім небам і залатымі шатамі дрэваў міжволі выклікала ў памяці іншую карціну, пабачаную нядаўна на тэлеэкране.

На тле фантастычна прыгожага гораду з залатымі храмамі і шырокімі (амаль як у нас) праспэктамі і плошчамі пад сінім трапічным небам ідуць людзі ў аранжавых шатах, узяўшыся за рукі — будыйскія манахі, ідуць разам зь людзьмі ў цывільным, у пераважнай большасьці якіх таксама маладыя твары, толькі зусім няма дзявочых. І раптам у кадры мы бачым бэтээры, людзей у камуфляжы з аўтаматамі напагатоў. Кароткае зьмяшаньне (камэра не пасьпявае за падзеямі), чуваць стрэлы, выкрыкі — і вось ужо людзі бягуць па нейкім мосьце, сігаюць з высокай балюстрады ўніз, уцякаючы ад нябачнай нам пагрозы. Як гэта ўсё знаёма кожнаму, хто калі‑кольвек удзельнічаў у ранейшых маршах беларускай апазыцыі. Вось толькі стрэлаў не было (калі не лічыць стрэлаў шумавых гранатаў). Бо не было загаду. А калі б быў? Мала хто сумняваецца, што спэцназ яго б выканаў.

Блогеры ўсіх краінаў, яднайцеся…

Гэтае разьмежаваньне вуліцы — на мірных людзей, якія адольваюць у сабе страх, і тых, хто ёсць ягоным носьбітам, яго, мабыць, заўсёды выразна відаць. Дзе б ні адбываліся падзеі — у Менску, Маскве, Пэкіне ці Янгоне.

І ня трэба шукаць параўнаньня з бойкамі паміж дэманстрантамі і паліцыяй дзе‑небудзь у Эўропе і — бойняй. Гэта заўсёды бойня, калі ўзброеныя да зубоў, натрэніраваныя тупыя робаты ў форме зьбіваюць інтэлігенцыю, старых, дзяцей, манахаў (хоць у апошнім выпадку гэта амаль адно і тое ж).

У выпадку з М’янмай, мы ведаем, гэта была сапраўды крывавая бойня. Мы ня ведаем дагэтуль, колькі людзей сталіся яе ахвярамі. Ня ведаем, колькі манахаў, дэманстрантаў, дысыдэнтаў арыштавана. Але вядома, што парэшткі забітых будыйскіх манахаў спальвалі ў крэматорыях, што людзей арыштоўвалі сотнямі, што арыштаваная ў выніку ўся вярхоўка апазыцыі. (Яе лідэрка Аўнг Сан Су Чжы ўжо шмат гадоў застаецца пад хатнім арыштам.)

А даведаліся мы пра гэта дзякуючы інтэрнэту. Дакладней — блогерам М’янмы. Газэта The Times на пачатку кастрычніка распавядала: сёлета ў верасьні, калі пачаліся падзеі, ахрышчаныя замежнымі журналістамі «шафранавай рэвалюцыяй», 28‑гадовы Ко Лат і ягоныя сябры Arca, Eye, Sun и Superman, а таксама шмат іншых блогераў у сваіх сецевых часопісах з дапамогай фота і відэа фіксавалі спачатку дэманстрацыі супраць рэжыму, а потым крывавыя рэпрэсіі супраць дэманстрантаў. Нядаўна блогеры розных краінаў правялі ў інтэрнэце акцыю салідарнасці ў падтрымку рэпрэсаваных у М’янме.

Рэакцыя вайсковага рэжыму на дэманстрацыі ўнутры краіны была абсалютна прадказальнай. Найперш быў адлучаны Інтэрнэт. Спачатку, праўда, было абвешчана, што гэта адбылося з тэхнічных прычынаў (знаёмае апраўданьне, ці ня праўда?). Але неўзабаве былі вылучаныя ўсе спадарожнікавыя тэлефоны.

А ведаеце, як усё гэта, улучна з расстрэламі, называецца? Дысцыплінаваная дэмакратыя! «Апошнія падзеі ясна паказалі, што ў краіне і за мяжой ёсьць сілы, якія жадаюць згарнуць распачаты працэс (дэмакратызацыі), каб кінуць краіну ў хаос. Іх усё больш падбурхторваюць да скіданьня ўраду. Але ўрад … цалкам усьведамляе адказнасьць за тое, каб далей весьці свой народ шляхам трансфармацыі да дысцыплінаванай дэмакратыі». Такое магло б прагучаць некалі на брыфінгу беларускага МЗС. Але прагучала ў ААН з вуснаў прадстаўніка вайсковага рэжыму М’янмы Ў Н’ян Віна, які ўзначальвае МЗС гэтай краіны. Лепшага азначэньня, бадай, і не прыдумаеш. Гэта нават лепей за «сувэрэнную дэмакратыю». Дакладней, так — дысцыплінаваная дэмакратыя ёсьць найвышэйшай стадыяй дэмакратыі сувэрэннай.

Паміж Малдовай і Тунісам

Так супала, што 14 кастрычніка, у дзень, калі ў Менску праходзіў Марш за свабоду, тэлекампанія Бі‑Бі‑Сі ў праграме Hard talk паказала гутарку з прадстаўніком апазыцыі М’янмы. Мова гэтага чалавека, тое, што ён гаварыў, фармулёўкі, якія ён ужываў, вельмі нагадвалі тое, пра што гавораць беларускія лідэры апазыцыі. Ён апэляваў да міжнароднай супольнасьці, да ААН, якая нічога не зрабіла для паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў гэтай краіне, да сумленьня палітыкаў Захаду.

Журналіст, які вёў праграму, прывёў некаторыя дакумэнты. Адзін зь іх — чарнавік рэзалюцыі Рады бясьпекі, зь якога былі выкрасьленыя словы аб тым, што ў выпадку, калі кіраўніцтва М’янмы не прыслухаецца да голасу Аб’яднаных Нацыяў, ААН пойдзе на больш жорсткія крокі ў адносінах да рэжыму. Ясна, што вялікі паўночны сусед М’янмы Кітай такой рэзалюцыі не пацярпеў бы. Ясна і тое, што сьвету ў цэлым мала справы да нейкай азіяцкай краіны ў джунглях, вядомай сваімі чароўнымі пагадамі ды вытворчасьцю наркотыкаў. Француская нафтагазавая кампанія Total ужо заявіла, што яна не падтрымлівае эканамічных санкцыяў супраць М’янмы і ні пры якіх акалічнасьцях не пакіне гэтую краіну.

Але з другога боку, варта зьвярнуць увагу і на тое, як ставіцца Англія да сваіх былых калёніяў. У часе Другой сусьветнай вайны, між іншым, брытанскія жаўнеры ў каляніяльнай Бірме змагаліся побач зь бірманцамі супраць японскіх захопнікаў. У шмат якіх іншых выпадках — ці гэта Кенія, ці Зімбабвэ, ці Індыя з Пакістанам — брытанская грамадзтва ўважліва сочыць за разьвіцьцём дэмакратыі ў гэтых краінах, а часта й дапамагае станаўленьню яе інстытутаў. Брытанцы як бы адчуваюць сваю гістарычную адказнасьць за лёс народаў, якія яны некалі жорстка скарылі. Прынамсі, яны не хаваюць праўды аб мінулым. Які кантраст у параўнаньні з палітыкай Крамля што да былых савецкіх рэспублік.

А беларускай апазыцыі, мне здаецца, варта памятаць, што шмат якія краіны Эўропы заўсёды былі схільныя і асабліва схільныя цяпер найперш улічваць адносіны з Расеяй, улічваць свае эканамічныя інтарэсы ў Расеі, а потым ужо падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі. Настолькі, наколькі гэта не вымагае ад Эўропы празьмерных высілкаў. Як сказала эўракамісарка Бэніта Фэрэра‑Вальднэр, Эўразвяз гатовы прапанаваць Беларусі праграму добрасуседзтва. Гэта тая праграма, якая тычыцца ўсіх суседзяў Зьвязу — ад Малдовы і Ўкраіны да краінаў афрыканскага Міжземнамор’я. У тым ліку, Лібіі, дзе некалькі гадоў трымалі ў турме баўгарскіх мэдсёстраў, пагражаючы ім сьмяротным пакараньнем. Ці Тунісу, дзе дагэтуль практыкуюцца катаваньні.

Беларусь у гэтым сьпісе эўрапейскага добрасуседзтва з гледзішча Брусэлю — недзе паміж Тунісам і Малдовай. Сёньня аўтарытарная Расея парадаксальным чынам апынуліся бліжэй да бязьвізавага рэжыму з Эўропай, чым РБ.

Лідэрам дэмакратычнай апазыцыі варта гэта разумець і ўлічваць. Але не ўпадаць у разгубленасьць ці адчай. Тым больш ня варта зацыклівацца на такіх пытаньнях, як візавая палітыка эўрабюракратаў (асабліва, латвійскіх, літоўскіх ці польскіх, якія пакуль мала чым розьняцца ад былых савецкіх чыноўнікаў). Куды больш складаны й даўгі, але больш верны шлях у Эўропу — будаваць яе тут. І пры гэтым памятаць, што апазыцыя можа дзейнічаць і ў куды больш складаных умовах, чымся ёсьць у Беларусі.

Сёньня ў Менску ўжо не зьбіваюць людзей перад тэлекамэрамі. І гэта безумоўны прагрэс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?