14.02.2014 / 20:34

Ці ўласцівая чалавеку манагамія? 10

У дзень, калі наўкола спрэс ружовыя сэрцайкі і рамантычныя парачкі, Wall Street Journal задаецца больш прагматычным пытаннем: ці закладзеная ў чалавечай прыродзе манагамія? 

Ані антрапалогія, ані сацыялогія з гісторыяй не даюць дакладнага адказу. Дагэтуль яшчэ ў свеце існуюць культуры, якім уласцівая палігамія — прычым як з боку мужчын, так і жанчын. 

Навукоўцы прапануюць звярнуць увагу на жывёльны свет, дакладней — на палавы дымарфізм прыматаў, сярод якіх таксама ёсць манагамныя і палігамныя віды. Яны сцвярждаюць, што па знешнім выглядзе самцоў і самак можна лёгка вызначыць, які тып адносін характэрны для гэтага віду.

Так, палігамныя самцы — напрыклад, у шымпанзэ і бабуінаў — звычайна большыя за самак (часам удвая), вызначаюцца больш каларытным знешнім выглядам, агрэсіўнымі паводзінамі і большымі памерамі тэстыкулаў. Да таго ж, яны звычайна не прымаюць удзелу ў выхаванні патомства; іх задача — апладніць як найбольшую колькасць самак, за што яны актыўна змагаюцца з іншымі супернікамі. 

Манагамных жа самцоў — напрыклад, у гібонаў і мармазетак — практычна немагчыма адрозніць з выгляду ад самак. Яны вызначаюцца больш спакойнымі паводзінамі і, замест таго, каб перадаваць свае гены направа і налева, шмат увагі надаюць клопатам пра патомства. Тэстыкулы ў іх таксама прапарцыйна меншыя.

Якую ж выснову можна з гэтага зрабіць датычна чалавека? Ва ўсім свеце мужчыны прыкладна на 10% вышэйшыя і на 20% цяжэйшыя за жанчын, патрабуюць на 20% больш калорый і жывуць на 6% карацей. Тэстыкулы прапарцыйна да цела ў іх таксама нашмат большыя, чым у гібонаў. Гэта значыць, што палавы дымарфізм чалавека большы, чым у манагамных відаў, але меншы, чым у палігамных відаў. 

Атрымліваецца, што па сваёй прыродзе мы ані манагамныя, ані палігамныя. Мы — дзесьці пасярэдзіне, як і належыць самаму цікаваму і загадкаваму віду.

0
. / Адказаць
14.02.2014 / 20:35
Не. Бо мы з аднаполых сем'яў.
0
Надзея / Адказаць
14.02.2014 / 20:41
Ці ўласцівая нам бронза?
0
belariy / Адказаць
14.02.2014 / 20:49
робім выснову: чалавек - гэта самая загадкавая малпа. )))))
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру