Іслам Карымаў

Б. Фэрэра-Вальднэр

Як мяркуецца, на сваёй сёньняшняй сустрэчы ў Люксэмбургу кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў краін ЭЗ адменяць забарону на выдачу візаў, уведзеную ў дачыненьні да шэрагу высокіх адказных асоб Узбэкістану пасьля андыжанскіх падзей 2005 году. На думку назіральнікаў, на гэтае рашэньне паўплывала жаданьне Брусэлю не тармазіць разьвіцьцё эканамічных адносінаў з гэтай ключавой краінай Цэнтральнай Азіі, а таксама праяўленая з боку Ташкенту гатовасьць абмяркоўваць праблему правоў чалавека.

У выступе напярэдадні паседжаньня рады міністраў замежных спраў камісар ЭЗ па вонкавых стасунках Бэніта Фэрэра‑Вальднэр адзначыла, што візавая забарона будзе зьнятая на шэсьць месяцаў і ня будзе ўводзіцца зноў у тым выпадку, калі ва Ўзбэкістане ня будзе зафіксавана новых парушэньняў правоў чалавека.

«Паглядзім, куды нас гэта прывядзе. Прынамсі, нам варта паспрабаваць. Як я ўжо адзначала, Узбэкістан ёсьць краінай з самым вялікім насельніцтвам у рэгіёне, і гэта ключавы партнэр у нашай цэнтральнаазіяцкай стратэгіі. Ня думаю, што мы можам не зважаць на гэта. Мяркую, што варта ўцягваць Узбэкістан у дыялёг, і крок за крокам працаваць над паляпшэньнем там сытуацыі з правамі чалавека».

Андыжан — абласны цэнтар ва Ўзбэкістане з насельніцтвам каля 300 тысяч чалавек. Пры канцы 2005 году ў Андыжане адбыліся акцыі пратэсту. У выніку задушэньня пратэстаў уладамі загінулі больш за сто чалавек.

Паводле словаў спадарыні Фэрэра‑Вальднэр, ЭЗ прызнае значнасьць «першых крокаў», зробленых Ташкентам насустрач Брусэлю. Сярод іх называюцца два раўнды кансультацый наконт падзеяў у Андыжане і адна сустрэча па пытаньнях правоў чалавека, умоўнага вызваленьня палітычных вязьняў і магчымай адмены сьмяротнай кары. Камісар адзначыла, што для працягу бесьперашкоднага разьвіцьця двухбаковых адносін узбэцкім уладам давядзецца ўнесьці «цэлы шэраг» істотных зьменаў у заканадаўства і правапрымяняльную практыку ў галіне правоў чалавека.

ЭЗ захоўвае эмбарга на пастаўку Узбэкістану зброі. Аднак гэтая забарона мае намінальны характар. Як прызнаюць самі эўрачыноўнікі, Ташкент мае магчымасьць бесьперашкодна закупаць патрэбныя яму сыстэмы ў Кітаі й Расеі. Як адзначаюць экспэрты, апошняя ў поўнай меры скарысталася ахалоджаньнем адносінаў Іслама Карымава з Захадам. Гэтак, у 2006 годзе Ташкент узнавіў актыўнае сяброўства ў сфармаваным Масквой ваенным блёку АДКБ.

Паводле Радио Свобода / Радио Свободная Европа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0