16.02.2014 / 13:59

У выніку снегападаў у Японіі загінулі 11 чалавек

Прынамсі 11 чалавек сталі ахвярамі моцных снегападаў у Японіі, і больш за 1,3 тыс. чалавек пацярпелі, паведамляе AFP са спасылкай на цэнтральнае паліцэйскае ўпраўленне Японіі.

Удар стыхіі пакінуў без электрычнасці больш за 18 тыс. жылых дамоў і выклікаў буйныя перабоі ў працы транспартнай сістэмы Японіі.

Снегапад абрынуўся на паўночную і паўночна-ўсходнюю часткі краіны. Моцна пацярпелі прэфектуры Гума і Нагана, якія размяшчаюцца на поўнач ад Токіо.

У выніку заносаў сотні машын стаяць у заторах па некалькі дзён. Заторы расцягнуліся на дзесяткі кіламетраў.

Міністэрства транспарту Японіі ўжо арганізавала дастаўку пітной вады і гарачай ежы людзям, якія захраслі на дарогах. На японскіх трасах ўсталёўваюцца пункты абагрэву і біяпрыбіральні.

У аэрапортах Токіо і іншых японскіх гарадоў было адменена больш за 830 ўнутраных рэйсаў. 

Нацыянальнае мэтэаралягічнае упраўленне Японіі папярэдзіла, што моцныя снегапады працягнуцца на поўначы краіны, і заклікала жыхароў не выходзіць на вуліцу без крайняй неабходнасці.

nn.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру