09.03.2014 / 09:20

Падбіты на ўзлёце 7

Пра Фёдара Макаранку піша Аляксей Пяткевіч.

Маё пакаленне духоўна фармавалася ва ўмовах савецкай сістэмы, нават паспытала дзяржаўнага сталінізму, фінал якога прыпаў на нашы студэнцкія гады. Мы раслі рознымі, і большасць з нас, хто быў прывучаны бацькамі помніць пра свой чалавечы і нацыянальна-тутэйшы гонар, станавіліся асобамі з уласным ладам жыцця.

Але лёс гэтага пакалення быў драматычным: сістэма не прымала самастойнасці, і кожны, хто хоць крыху адхіляўся ад ідэалагічных стандартаў, зведваў жорсткі маральна-псіхалагічны ціск, а то і рэпрэсіі. Некаторыя не змаглі пазбегнуць рэпрэсій ужо на пачатку свае дарогі ў вялікі свет.

Такім быў мой аднакурснік па БДУ Федзя Макаранка (1928—1983). На 1-м курсе ён быў арыштаваны і асуджаны на 6 гадоў зняволення. У турме абвастрылася цяжкая хвароба, якая не пакінула і пазней, калі выйшаў з-за кратаў, і заўчасна абарвала яго жыццё.

Ф.Макаранка быў любімцам у сваёй групе — беларускае аддзяленне філфака, які, дарэчы, быў вельмі прэстыжным тады, і конкурс на ўступных экзаменах (здаваць трэба было 7 прадметаў) дасягаў 10 чалавек на месца.

Невялікі ростам, псіхалагічна кантактны, рухавы, з добрым пачуццем гумару, ён заўсёды свяціўся прыязнай усмешкай.

Толькі яго лагодны гумар часта суседнічаў з іранічным стаўленнем да жыцця. Наш аднакурснік многае падвяргаў сумненню, падсмейваўся з рэчаў і з’яваў, якія іншым здаваліся звычайнымі. Адчувалася, што гэты хлопец з Барысава глядзіць на жыццё глыбей, бачыць яго лепш, чым мы, і яго паважалі. Невыпадкова быў ён прызначаны старастам нашай студэнцкай групы. Але найбольш яго ведалі і шанавалі як паэта.

Мог на хаду скласці трапныя гумарыстычныя радкі. Мы захапляліся Федзевымі творамі, прынамсі, лічылі іх самымі лепшымі з усяго, што чыталі і чулі ў студэнцкім літаратурна-аматарскім асяродку.

У інтэрнаце на Віцебскай, 9, у пакоі № 3, вялікім, з высокімі, у рост чалавека, вокнамі (нейкі былы гарадскі асабняк у два паверхі), дзе жыло каля дваццаці першакурснікаў, пераважна філолагаў, большасць пісала вершы. Нават неяк вырашылі выдаваць свой рукапісны літаратурны альманах «Усход»…

Аднойчы Федзя прачытаў верш пра інваліда нядаўняй вайны, пра яго горкі жабрацкі лёс.

Помню дагэтуль тое моцнае ўражанне, якое зрабіў гэты твор сваёй балючай праўдай. Тады на вуліцах Мінска такія калекі з працягнутай рукой сустракаліся часта. І мы, студэнты, нязменна церпячы безграшоўе, хутка міналі іх, сарамліва-баязліва адводзячы ўбок вочы. Пра іх не прынята было гаварыць. А тут вось малады паэт сказаў публічна, нібы тыцнуў носам кожнага з нас у гэту трагічна-страшную рэальнасць.

Праз нейкі час хтосьці ў пакоі папрасіў яго яшчэ раз прачытаць той верш. Назаўтра аўтар не знайшоў рукапіса свайго твора, ён знік. Неўзабаве знік і сам Федзя Макаранка. Імгненна разнеслася чутка: яго «забралі».

Сталася гэта ў самым канцы 1949 года. Мы былі разгублены і падаўлены. З той пары аднакурснікі так і не пабачылі свайго сябра-паэта.

Ён некалькі разоў пісаў нам з турмы, адрасуючы лісты Б.Хіневічу, аднаму з самых сур’ёзных хлопцаў у групе. Мне гэтыя лісты адгукнуліся наступным чынам. Калі я ўжо вучыўся ў аспірантуры, аднойчы запатрабавалі, каб прыйшоў на «беседу» ў вядомы таямніча-вусцішны вялікі дом з параднай каланадай на фасадзе, што месціцца і сёння на галоўным праспекце сталіцы. Высветлілася, што іх цікавіць мой ідэалагічны багаж.

Немалады, рудаваты з выгляду маёр, які пратрымаў мяне цэлы дзень і які падчас размовы сурова-пагрозліва папярэджваў («Худо вам будет, Алексей Михайлович, худо!»), выставіў супраць мяне ў якасці аднаго з абвінавачанняў рытарычнае пытанне: чаму гэта я, а не хто іншы быў першым, каму паказваў Хіневіч лісты Макаранкі.

Федзя, выйшаўшы на волю, знайшоў мяне ў Мінску, у аспіранцкім пакоі інтэрната БДУ на вуліцы Свярдлова.

Мы тады доўга і сардэчна пагутарылі. Адчувалася, як яму патрэбна падтрымка. Пасля чамусьці на доўгі час рассталіся. Можа, я не знайшоў у той час патрэбных яму слоў. Можа…

Знайшлі мы адзін аднаго зноў недзе ў пачатку 70-х, калі я ўжо жыў у Гродне і працаваў у педінстытуце. З таго часу рэгулярна ліставаліся да апошніх яго дзён. Ён заставаўся ў сваім Барысаве, працаваў дыспетчарам на мясцовай аўтастанцыі.

Ажаніўся, выгадавалі добрую дачку, якая атрымала педагагічную адукацыю і якой бацька ганарыўся. Жылі ў асобным дамку матэрыяльна сціпла, трымалі невялікую гаспадарку. Пісаў, што невымерна ўдзячны жонцы, якая аддала яму вельмі многа сардэчнай цеплыні і самаахвярна клапацілася аб ім. У лістах трымаўся заўсёды годна, але зноў і зноў мільгала нота глыбокай тугі, якая, праўда, прыкрывалася лёгкай самаіроніяй. Мы звычайна пазбягалі палітычных і літаратурных тэм: я, з свайго боку, баяўся зрабіць яму балюча і нават не ведаў, ці піша ён, як раней. Сёння пра гэта шкадую. Пытанні ж Беларусі, беларушчыны, нават беларускага правапісу хвалявалі яго ўвесь час. Ён быў моцным чалавекам і заставаўся паслядоўным у сваіх поглядах і прынцыпах.

Гартаючы цяпер рукапісы Фёдара Макаранкі — маленькія блакноты, спісаныя дробным акуратным почыркам, нават трохі дзівіўся таму, што свая пазіцыя ў вершах выявілася ў яго зусім рана — яшчэ ў хлапчукоўскія школьныя часы. І не проста пазіцыя, а адназначнае перакананне ў антынароднасці савецкай сістэмы, яе дэспатычнай сутнасці.

У паэта-падлетка юная душа была адкрытая насустрач святлу і праўдзе, не магла не рэагаваць на цынічны фальш жыцця.

У 1945 годзе ён напісаў верш «Аб Сталіне».

А там — радкі: «Сонца Сталіна ярка ззяе,// Нашы спіначкі // Прыпякае.// Пот ліецца з нас // Ручаямі. // Абмываемся мы ўсе // Слязамі. // Свайго татачку// Усхваляючы, // А ў цёмным кутку // Праклінаючы. // Хай бы сонейка // Не было таго, // Хай бы татачкі // Не было таго, // І жылі б мы ўсе // Прыпяваючы // І свой родны край // Усхваляючы».

У 7-м класе з Макаранкам здарылася першая сур’ёзная непрыемнасць. На ўроку беларускай літаратуры трэба было выканаць творчую працу на тэму «За што я люблю сваю Радзіму» (паводле Янкі Купалы і Якуба Коласа). Ф.Макаранка напісаў вершам, выказаў свае пачуцці да Беларусі, пры гэтым зазначыўшы, што не прымае прыгнёту, які церпіць народ, «змарнелы ад цяжкіх, нялюдскіх пакут».

Пачаліся разборкі, якія прывялі аўтара верша аж у кабінет загадчыка гарана, дзе высвятлялася пытанне, хто падвучыў. Відаць, загадчык быў разумным чалавекам, і ўсё абышлося.

Вядома, вершам Ф.Макаранкі не ставала добрай паэтычнай формы, літаратурнай тэхнікі. Былі гэта творы яшчэ вучнёўскія. За гады студэнцтва на філфаку Федзя Макаранка напэўна вырас бы як паэт. Выраслі ж у той жа прыблізна час у БДУ Алег Лойка, Яраслаў Пархута, Уладзіслаў Нядзвецкі, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Кляўко, Мікола Арочка, Ніл Гілевіч, Валянцін Тарас. Тым больш, што да творчасці ставіўся вельмі сур’ёзна. Калі з турмы дасылаў свае вершы дадому, прасіў бацьку зберагчы іх, бо ў іх, як пісаў, «усё маё жыццё».

Падбіты на самым узлёце таленту, ён ужо не змог рэалізавацца як паэт.

Шмат нягод і страт зведала гэтае пакаленне. Фёдар Макаранка мог бы адзначыць сёлета сваё 85-годдзе. Яго ж даўно няма. Але ёсць мы. Ёсць наша памяць, найлепшая зарука таго, што «зерне, кінутае ў ніву, // Ўсходзе ды красуе» (Янка Купала).

* * *

Аляксей Пяткевіч (нар. у 1931) — прафесар Гродзенскага ўніверсітэта.

0
вапна / Адказаць
09.03.2014 / 10:38
Трэба перавыдаць яго вершы, разам з фотаздымкамі і нарысамі. Герой!
0
кот / Адказаць
09.03.2014 / 10:59
падобны на паўлюка багрыма. абавязкова трэба назваць вуліцу ў мінску і на радзіме.
0
кот / Адказаць
09.03.2014 / 11:11
6 гадоў за барацьбу з прыкарытнікамі, якія прычосваюць гісторыю, за барацьбу з прапагандай і засілля рудых маёраў у доме з каланадай
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру