11 лютага ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Доме-музеі І з'езда РСДРП» пачала працу выстава «Ампірны Мінск. Шляхецкая гісторыя.», падрыхтаваная сумесна з музычна-гістарычным праектам «DouxSouvenir«.

ХІХ стагоддзе — час балаў, вытанчаных манер і рамантыкі. Менавіта так сёння бачыцца нам 200-гадовае мінулае. А ўсё таму, што ў пачатку стагоддзя, у перыяд праўлення імператара Напалеона I, у Францыі паўстаў стыль ампір (ад фр. Empire style – «імперскі стыль»). Ён развіваўся на працягу трох першых дзесяцігоддзяў XIX стагоддзя, але пакінуў неабсяжную спадчыну: гэта і архітэктура высокага (позняга) класіцызму, акадэмічны жывапіс, французскія рамансы і лёгкія жаночыя сукенкі з высокай таліяй.

Выстава «Ампірны Мінск. Шляхецкая гісторыя» прапануе гледачам калекцыю бальных строяў эпохі ампір, вайсковыя мундзіры і цывільную вопратку, а таксама прадметы побыту часоў «Пана Тадэвуша».

Акрамя таго Вы ўбачыце плён творчасці калектыву «Doux Souvenir» — афішы і праграмкі з выступаў, кружэлкі, ноты, кнігі з подпісам аўтара, фотаздымкі і рэчы з ўласных калекцый удзельнікаў праекта.

На выставе будзе прадстаўлены фотапраект Ганны Юхнавец «Традыцыі ў сучаснасці», дзе праз тэматычныя фотакалажы аўтар перадае сваё стаўленне да шляхетнай эпохі ХІХ ст.

Дом-музей I з’езда РСДРП (пр-т Незалежнасці, 31А). Кожны дзень з 11.00 да 19.00, тэл.для даведак: 290-68-47

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0