фота TUT.by

фота TUT.by

29-гадовы фрыстайліст Антон Кушнір здабыў для Беларусі пяты залаты медаль на Алімпіядзе ў Сочы. «Наша Ніва» ўзгадвае пяць цікавых гісторый з ягонай насычанай біяграфіі.

фота Аляксандра Семянякі, НАК Беларусі

фота Аляксандра Семянякі, НАК Беларусі

Украінец

Антон нарадзіўся ва ўкраінскім Роўне, як, дарэчы, і іншая беларуская алімпійская чэмпіёнка Алла Цупер. Вось такі ўдалы горад для нашага спорту!

У 2002-м васямнаццацігадовы хлопец пераехаў у Беларусь, бо ўмовы падрыхтоўкі фрыстайлістаў у нашай краіне непараўнальна лепшыя.

У Мінск перспектыўны Антон – на той момант пяціразовы чэмпіён Украіны! – ехаў са сваім трэнерам Галінай Досавай.

Тая рассварылася з кіраўніцтвам Міністэрства спорту Украіны. Трэнер праз некалькі гадоў усё ж вярнулася ва Украіну і ўзначаліла мясцовую зборную, а вось яе выхаванец працягнуў кар’еру ў Беларусі.

Дарэчы, на радзіме, у Роўне, у Кушніра засталіся бацькі.

Правал у Ванкуверы…

Патрохі Кушнір забраніраваў сабе месца ў зборнай Беларусі, а з цягам часу стаў яе лідарам.

На Алімпіяду-2010 Антон ехаў безумоўным фаварытам. Хто, калі не ён, тады быў варты залатога медаля? У тым сезоне Кушнір набраў фантастычную форму. З шасці этапаў Кубка свету ён перамог на чатырох, а на астатніх двух узяў срэбра і бронзу адпаведна.

Кваліфікацыю ён пачаў на належным узроўні: першае месца пасля першага скоку.

Але ў наступны момант здарылася асабістая трагедыя Кушніра. У другім скачку ў яго адшпілілася лыжа…

Глядзець з 1:11:20

Прызямліцца роўна ён, вядома ж, не здолеў. З такім вынікам Кушнір не здолеў нават прабіцца ў фінальныя спаборніцтвы. Пераможную эстафету ў яго тады падхапіў іншы беларус, Аляксей Грышын.

…і трыумф у Сочы

На наступнай Алімпіядзе ад Кушніра зноў чакалі медаль, але ўжо не так катэгарычна. Заўзятары спадзяваліся, што ўзнагароду атрымае хоць нехта з беларускіх фрыстайлістаў.

За чатыры гады фармат правядзення спаборніцтваў крыху змяніўся. Цяпер фрыстайлістам даводзіцца захоўваць максімальную канцэнтрацыю на працягу кваліфікацыі (аднаго альбо двух раўндаў) і ажно трох фіналаў.

Пачаў Кушнір упэўнена, але не бліскуча: 7-е месца пасля першага скачку. А значыцца, першая шасцёрка адразу праходзіць у фінал, а Антону і астатнім фрыстайлістам трэба рабіць яшчэ адну спробу.

На гэтым этапе Кушнір парадаваў заўзятараў. Мяккае прызямленне, другое месца ў дадатковай кваліфікацыі, што азначае працяг барацьбы за медалі. А вось Аляксей Грышын спаборніцтвы завяршыў.

Першы фінал – трэба адкінуць чатырох фрыстайлістаў з 12 удзельнікаў. Вылятае яшчэ адзін беларус, Дзяніс Осіпаў, затое Кушнір дэманструе найвышэйшы клас, дзеліць другое-трэцяе месца з украінскім спартсменам. Наперадзе толькі бліскучы кітаец Зоньянь Цзя.

Другі фінал – і трэба адкінуць яшчэ чацвярых.

Суддзі ставяць ацэнкі даволі справядліва, аднак асабістыя перавагі навідавоку. Што ні скачок беларуса, то найлепшы бал ад суддзі з ЗША, і найгоршы – ад Чэхіі.

На гэтым этапе выбывае Дзмітрый Дашчынскі. А ў Кушніра трэцяе месца. Горш за кітайцаў, але лепш за ўсіх астатніх.

Нарэшце, суперфінал. Ранейшыя дасягненні не бяруцца ў разлік. Кушнір заявіў мегацяжкую спробу з максімальным каэфіцыентам 5,0. І выканаў трайное сальта з пяццю вінтамі бліскуча. Пасквапілася на высокую ацэнку толькі чэшка.

Двое кітайцаў, якія стартавалі ўслед за ім, паваліліся адзін за адным, а той самы Зоньянь Цзя нават прызямліўся на галаву.

Перамога Кушніра была бясспрэчнай. Антон – алімпійскі чэмпіён!

Грашовае пытанне

$150 тысяч, які Кушнір атрымае за перамогу ў Сочы, выправяць ягоны фінансавы стан. Як сцвярджаў летась сам спартсмен, грошай яму не хапала.

Базавы заробак «спартсмена-інструктара» дробны, тады ён складаў 2 мільёны рублёў. За такія грошы пражыць складана.

Аднак за папярэднія поспехі Кушнір меў прэзідэнцкую стыпендыю, якая дасягала $3 тысяч. Апроч таго, якія-ніякія даплаты ішлі і ад памежнага камітэта, які традыцыйна падтрымлівае фрыстайлістаў.

Кушнір набыў двухузроўневую кватэру з выхадам на дах у шматпавярховіку ў раёне вуліцы Варанянскага і зажыў прыгожым жыццём.

У сямейных апартаментах з жонкай і сынам. Фота Віктара Гіліцкага, kp.by

У сямейных апартаментах з жонкай і сынам. Фота Віктара Гіліцкага, kp.by

Аднак правілы дапамогі спартсменам змяніліся. Прэзідэнцкая стыпендыя зменшылася, а з цягам часу пагражала знікнуць канчаткова.

Дый «памежная» дапамога раптоўна скончылася. Як кажа сухая юрыдычная мова, «за здзяйсненне ўчынку, які ганьбіць гонар і годнасць памежніка».

Тады Кушнір і даў сумнае інтэрв’ю «Камсамолцы», у якім скардзіўся: выжываю ад зарплаты да зарплаты. Прэзідэнцкую стыпендыю, дарэчы, яму ўсё ж пакінулі.

Плэйбой

Гісторыя кахання Кушніра – яшчэ адзін займальны сюжэт. Малады перспектыўны спартсмен падабаўся дзяўчатам.

Раман закруціўся з Наталляй Швец – легкаатлеткай, якая захаплялася тайскім боксам. Дарэчы, беларуска нават перамагала на конкурсе прыгажосці ў Польшчы!

Рамантычныя адносіны пратрымаліся год, хлопец з дзяўчынай вырашылі «застацца сябрамі».

А Кушнір захапіўся спявачкай гурта «Топлес» Таццянай Банькоўскай. З дзяўчынай ён пазнаёміўся падчас фотасесіі для «Прэсбола». І гэты раман працягнуўся каля года.

Разам з Таццянай (злева) і іншымі дзяўчынамі «Топлес». Фота Мікіты Бязрукава, pressball.by

Разам з Таццянай (злева) і іншымі дзяўчынамі «Топлес». Фота Мікіты Бязрукава, pressball.by

А пасля фрыстайліст паехаў адведаць сваіх бацькоў разам і з Таццянай, і… з Наталляй, тагачасны бойфрэнд якой не змог выправіцца ў падарожжа.

…Карацей, усё скончылася шлюбам Антона з Наталляй. Цяпер маладыя гадуюць сына Платона, неўзабаве хлопчыку будзе два гады.

Што да грамадзянскай пазіцыі Кушніра, то ў інтэрв'ю »Прэсболу» ён вырашыў шматзначна адмаўчацца: «Я альбо ўвогуле не буду гаварыць, альбо скажу ўсё як ёсць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?