За першы месяц гэтага года складскія запасы на беларускіх прадпрыемствах павялічыліся на 3,88 трлн. рублёў. Да 1 лютага гэты паказчык дасягнуў 78,2% месячнага аб'ёму прамвытворчасці супраць 70,2% — на 1 студзеня. Агульны аб'ём складскіх запасаў на 1 лютага склаў 31,84 трлн. рублёў (на 1 студзеня 2014 года — 27,96 трлн. рублёў). 

Студзеньскі рост складскіх запасаў шмат у чым абумоўлены сітуацыяй у прамысловасці. Так, у арганізацыях, падведамасных Мінпраму, складскія запасы за першы месяц гэтага года павялічыліся на 1,78 трлн. рублёў і да 1 лютага дасягнулі 12,08 трлн. рублёў. 

Рост складскіх запасаў у студзені адбыўся на прадпрыемствах ва ўсіх рэгіёнах краіны. У прыватнасці, у Мінскай вобласці складскія запасы дасягнулі 125,2% да месячнага аб'ёму прамвытворчасці (супраць 111,6% на 1 студзеня), у Мінску — 117,3% (на 1 студзеня — 98,5%), у Магілёўскай вобласці — 94,7% (на 1 студзеня — 76%), у Брэсцкай вобласці 79,4% (на 1 студзеня — 76,6%), у Гродзенскай вобласці — 77,6% (на 1 студзеня — 68,4%), у Гомельскай вобласці — 39,2% (на 1 студзеня — 37,3%), у Віцебскай вобласці — 35,1% (на 1 студзеня — 32,4%). 

Трэба таксама адзначыць, што згодна з апытаннем, праведзеным Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Мінэканомікі сярод прамысловых прадпрыемстваў, у снежні 2013 года сярэдні перыяд забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі скараціўся да 2,4 месяца работы. З лютага 2011 года гэта найменшы паказчык забяспечанасці прадпрыемстваў заказамі. 

У ходзе апытання прамыслоўцы прагназавалі далейшае зніжэнне ўнутранага і экспартнага попыту на іх прадукцыю ў пачатку 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?