Нашым вучоным-этнографам, каб запісаць іх, а таксама песні, спатрэбілася некалькі дзён. Пісалі не проста так. Упершыню майстэрства самабытных расказчыкаў у нашай краіне ацэненае так высока. У канцы студзеня на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны яно трапіла пад ахову дзяржавы, стала гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны.

Усё ад народа

У інвентары нацыянальнай культурнай спадчыны ў апісанні традыцыі расказвання казак Уздзеншчыны ёсць пазнака: «Знаходзіцца пад пагрозай знікнення». Яно і зразумела: галоўная носьбітка традыцыі Лідзія Міхайлаўна сягоння ва ўзросце. У сакавіку ёй споўніцца 87. Нас яна сустрэла на ложку. Паўтара гады таму зламала шыйку сцягна. Хадзіць не можа. Затое памяць ясная. Я б нават сказаў, фенаменальная. У канцы нашай сустрэчы казку пра яна раскажа на памяць. Амаль слова ў слова, што і навукоўцам дзясятак гадоў таму.

— Забываць я ўжо стала. А ў дзяцінстве адразу запамінала. Адправяць мяне на зіму да дзеда ў суседнюю вёску, а ён такі выдумшчык быў, казкі расказваць нам перад сном любіў.

Пра чарцей, пра жывёл… У 70-я па раёне ездзіла экспедыцыя: фальклор збірала. Як яны на мяне выйшлі — не ведаю. Я ж толькі дзецям да гэтага казкі расказвала… І пазней прыязджалі. Бывала, некалькі дзён у мяне праводзілі. Аднойчы прыйшлі да нас у школу і пытаюцца: «Як у вас такі ўнікальны чалавек тэхнічкай працуе? Вы б яе талент выкарыстоўвалі…»

Навукоўцы разважаюць: праз казкі Цыбульскі можна даведацца пра некаторыя дэталі побыту беларусаў, пачуць асаблівасці паўднёва-заходняга дыялекту. Зрэшты, бабуля Ліда запомніла не толькі сюжэты — пераняла і асаблівую апавядальную манеру, дзякуючы чаму ўсе яны атрымліваюць сваё гучанне і трактоўку, выразнасць і інтанацыйную насычанасць.

Вось, скажам, казка пра ліску раптам перарываецца песняй. Гэты сімбіёз жанраў вуснай народнай творчасці, да слова, адзначыла і камісія, якая прымала рашэнне аб наданні традыцыі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Бабулі Цыбульскай сын Мікалай тым часам прыносіць два тоўстыя агульныя сшыткі.

— Я ж і песень шмат ведаю, — гартае яна старонкі. — Па памяці іх запісала.

Бацька прыгожа спяваў, мама прыгожа спявала… Бывала, прыйдзе хто-небудзь да нас выступаць, а мне кажуць: «Ліда, слухай, новая песня». Адзін раз пачую — і ўжо спяваю. Гэта нейкі проста дар прыроды. Я і цяпер усё роўна спяваю. І ў бальніцы пастаянна спявала. Да мяне падыходзілі, пыталіся: адкуль у вас такія прыгожыя песні? Вы тры дні ўжо спяваеце, а песні ўсе розныя. А гэта ўсё ад народа.

Заспявала і нам. Жаласную песню пра Наташу. Хоць і адчуваецца, што бабулі ўжо цяжкавата, усё роўна ўражвае.

— А раней і суседзі на нашы песні збіраліся, заслухоўваліся. Часам плакалі. Пытаюся: чаму? Адказваюць: так вы душэўна спяваеце, — з усмешкай успамінае Лідзія Міхайлаўна.

Свая сярод сваіх

Слухачоў у бабулі Цыбульскай заўсёды было шмат. Яшчэ, здавалася б, зусім нядаўна да яе вясковай хаты, размешчанай проста на беразе Нёмана, не зарастала народная сцежка. Сям'я без стомы сустракала гасцей: навукоўцаў, журналістаў, студэнтаў, культуролагаў, школьнікаў… Сягоння пра гэта нагадваюць толькі выразкі з газетных палос — «Савецкай Беларусі», «Звязды», «Народнай», раёнкі… Лідзія Міхайлаўна беражліва бярэ альбом з імі.

— Я, напэўна, проста ўжо ўсім і пра ўсё расказала. А раней і тэлебачанне пастаянна прыязджала, і кіно пра мяне здымалі — «Плыве човен». Тры разы, кажуць, па тэлевізары паўтаралі. Яшчэ мяне ў Мінск выклікалі. Казачніцу шукалі. У аддзеле культуры падказалі мяне. На нашым тэлебачанні потым вяла праграму «Паэзія — слова народнае»…

Слава пра Лідзію Цыбульскую, як сказалі бабулі навукоўцы, сягоння дайшла і да Францыі.

Прачытаць расказаныя ёю казкі і знайсці запісанае відэа ў інтэрнэце цяпер не складае ніякіх праблем. Але казачніца была і ёсць не толькі гонарам агульнанацыянальнага маштабу, але і мясцовага — канкрэтнай вёскі Магільна Уздзенскага раёна.

— Ставілі, бывала, у школе п'есы. А я была адказная за хор. Песенькі для спектакляў падбірала. Цікава атрымлівалася. Або ідзе якое-небудзь мерапрыемства, прысвечанае Нёману. Бягуць да мяне. Можа, песня ў вас ёсць пра гэтую раку якая-небудзь? Ёсць. «Ах ты, Нёман-рака, цi ты думаў, цi снiў, як слязу мужыка ў свае воды лавiў…» Часта дзеткі ў дзіцячы садок клікалі. Я ім казку раскажу, а яны мне падаруначак падрыхтуюць.

Родныя Лідзіі Міхайлаўны кажуць: сягоння ў Магільне ціха. Здаецца, бабуля Ліда сапраўды ўжо расказала ўсё і ўсім. Але яе голас і манера аповеду, яе казкі і песні застануцца назаўжды.

 

Факт

З выдання «Традыцыйная мастацкая культура Беларусі. Цэнтральная Беларусь»: «Фальклорная празаічная традыцыя на Міншчыне захоўваецца ў асноўным старэйшым пакаленнем. Разам з тым менавіта ў гэтым рэгіёне робяцца спробы арганізаваць пераемнасць традыцыі. Напрыклад, у Любанскім раёне ў 2005 і 2009 гадах праводзіліся святы казкі раённага і абласнога ўзроўняў. Жанры памятаюць, але ўжо не перадаюць. Прычыны заключаюцца ў наступным. Узрост аўдыторыі слухачоў казак вагаецца ад 3 да 8 гадоў. У гэтым узросце ніякія тэхнічныя сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі не могуць замяніць дзіцяці непасрэднага кантакту з блізкім чалавекам. Пасля патрэба ў бабуліных казках губляецца, выцясняецца тэлебачаннем, відэа».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?