На Мінскім кніжным кірмашы-2014 прадавалася новая кніга ўспамінаў-разважаняў Вячаслава Кебіча пад назвай «Белавежскі гамбіт».

Асноўныя падрахункі са сваім палітычным мінулым першы прэм’ер-міністр незалежнай Беларусі ўжо падводзіў у кнізе «Спакуса ўладай», але на гэтым не спыніўся. Можа таму што яго калега-апанент-вораг Станіслаў Шушкевіч таксама выдаў нядаўна новую кнігу ўспамінаў? Вайна мемуараў працягваецца, будзем чакаць новых выстралаў.

Кніга Кебіча жахнула - гэта абсалютна безгустоўны кампендыюм разважанняў у духу расійскай нацыянал-патрыятычнай прэсы, складзены праз пераказ сенсацыйных артыкулаў і папулярнай публіцыстыкі.

Складваецца адчуванне, што асноўная частка тэксту падрыхтавана абсалютна пазбаўленым таленту «літаратурным неграм», бо падборка катастрафічная па ўсіх параметрах – стылі, інфарматыўнасці, асэнсаванасці. Можна сустрэць і прыхільнасць да абсалютна дзікіх ідэй, кшталту вяртання да фундаменталісцкага праваслаўя, а таксама шмат супярэчнасцей, якія вынікаюць з пераказу розных канспіралагічных версій савецкага мінулага.

Часам сустракаюцца і фрагменты ўспамінаў, дзе Кебіч малюе сябе Супермэнам, які мог выратаваць сусвет (гэта значыць, СССР) — але па невядомых прычынах так нічога і не зрабіў.

Сэрца ў яго балела, і так усё хацеў паправіць — і ў твар Гарбачову крыкнуць, і своечасовы данос на змоўшчыкаў у Віскулях зрабіць, і дэманстрацыі ў Мінску разагнаць, і «золата партыі» выратаваць — але ж нічога не зрабіў. Герой нездзяйснення.

Некаторыя эпізоды з палітычнага кіравання ў пачатку 1990-х мусілі б патлумачыць нам ужо эфектыўнасць Кебіча як прагматычнага гаспадарніка.

Распісвае, якім ён быў сябрам з Назарбаевым, але ўжо праз пару дзесяткаў старонак распавядае, як Казахстан кідаў на грошы Беларусь у пачатку 90-х.

Узгадвае, як выступаў за стварэнне адзінай рублёвай зоны з Расіяй з поўнай перадачай эмісійных правоў Маскве, дзе адзінай гарантыяй была неаспрэчная вера ў добрыя чалавечыя якасці Ельцына і Чарнамырдзіна. Добра, што не дайшло да ажыццяўлення гэтага праекту, а то б пералік паразаў і падманаў падпоўніўся б яшчэ адной аферай.

Не ведаю, ці разумее сам Кебіч, што на старасці гадоў такімі кнігамі больш ганьбіцца, чым апраўдваецца.

Што зацікавіла — з кнігі вынікае, што расійскія спецслужбы ў 1990-я гады падслухоўвалі тэлефонныя перамовы вышэйшых дзяржаўных асобаў Беларусі (вядзецца мова пра падслухоўванне перамоваў Шушкевіча і Багданкевіча, але няцяжка здагадацца, што памер слежкі мусіў быць большым), і Кебіч ставіць гэта расіянам у заслугу. Нікчэмны палітык, што тут скажаш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?