У Менгарвыканкам пададзеныя дзьве заяўкі ад імя Кансэрватыўна‑ хрысьціянскай партыі БНФ на правядзеньне шэсьця і мітынгу 28 кастрычніка.

Традыцыйнае шэсьце на Дзяды, што ладзіць КХП — БНФ, пройдзе ў нядзелю 28 кастрычніка ад гадзіньнікавага заводу (ст. мэтро «Парк чалюскінцаў»). Пачатак акцыі а 10:30, потым вуліцамі Менску дэманстранты пройдуць ва ўрочышча Курапаты, дзе ад 14.30 па 17.00 адбудзецца мітынг.

«Нічога ў нашай краіне не зьмяняецца, таму і фармат адзначэньня Дзядоў сёлета будзе традыцыйным» — зазначыў намесьнік старшыні КХП‑БНФ Юрась Беленькі. «У Курапатах мы ўшануем памяць усіх пакаленьняў беларусаў, што загінулі ў выніку шматлікіх войнаў ды сталінскага генацыду» — патлумачыў палітык.

Ю. Беленькі распавёў таксама, што да Дзядоў мусіць быць адноўлены Крыж Пакуты, дзеля чаго КХП — БНФ утварыла Грамадзкі камітэт. Старшынём Камітэту абраны Зянон Пазьняк, выканаўчым арганізатарам — Юры Беленькі. У Камітэт увайшлі ня толькі палітыкі, але й прадстаўнікі грамадзкасьці, сярод якіх акадэмік Радзім Гарэцкі, гісторык Анатоль Грыцкевіч, мастак Мікола Купава ды інш.

«Вельмі важна, што ў аднаўленьні Крыжа прымуць удзел мастакі — ягоныя аўтары» — падкрэсьліў намесьнік старшыні партыі.

У Курапатах дагэтуль застаецца шмат месцаў расстрэлаў, не пазначаных крыжамі. Грамадзяне, што жадаюць усталяваць ва ўрочышчы крыж, могуць зьвяртацца да сакратара Ўправы Алеся Чахольскага, які прымае ахвяраваньні. На атрыманыя сродкі будуць вырабленыя крыжы, а ахвярадаўцы змогуць іх усталяваць у Курапатах. Кантактны тэлефон: +375 29 124 46 86.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0