У Беларусі мала хто ведае, што мужам малодшай сястры Жаклін Кенэдзі‑Анасіс — Лі — быў нашчадак магутнага роду Радзівілаў князь Станіслаў.

Лёсы: Лі і Станіслаў Радзівіл

Лі Буўе і князь Станіслаў Альбрэхт Радзівіл пабраліся шлюбам 19 сакавіка 1959 г. Для малодшай сястры Джэкі Кенэдзі гэта быў другі шлюб. Для Станіслава Радзівіла — трэці.


Сёстры Жаклін і Лі

Празь пяць месяцаў пасьля вясельля ў пары нарадзіўся сын — Энтані. А яшчэ праз год — дачка, Ганна Крысьціна.

Паводле генэалягічнага дрэва роду Радзівілаў, Станіслаў Альбрэхт зьяўляецца прадстаўніком пятнаццатага пакаленьня Радзівілаў. Дзедам князя быў Фэрдынанд Радзівіл — пасол польскага сейму, бабуляй — Пелагея Сапега. Бацькамі — польскі сэнатар Януш Радзівіл і княгіня Ганна Любамірская, якая, згодна зь біяграфічнымі дадзенымі, памерла ў 1947 г. у савецкім лягеры.

Большую частку жыцьця зь Лі, якая ў ЗША вядомая ня менш за Жаклін Кенэдзі, князь Станіслаў пражыў у Англіі.

Зрэшты, пра савецкае жыцьцё ў Штатах Радзівілы таксама не забывалі.

Джон Кенэдзі і Станіслаў Радзівіл настолькі сябравалі, што нават хрысьцілі дзяцей адно аднаму, — кажа вядомы беларускі экскурсавод Анатоль Варава. — Гэта быў зорны час Радзівілаў у ХХ стагодзьдзі — сьвятло славы амэрыканскага прэзыдэнта патрапіла і на гэты княскі род, як праз моцны пражэктар. Менавіта ў гэты час пра Радзівілаў было выдадзена нямала кніг у Эўропе і Амэрыцы.

Пасьля забойства прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі менавіта Лі і Станіслаў пазнаёмілі забітую горам Джэкі з грэцкім мультымільярдэрам Арыстотэлем Анасісам. У адной зь біяграфій Жаклін пэрыяду яе шлюбу з Анасісам прыгадваецца такая цікавая гісторыя.

Неяк на адной зь вечарынак сабака гаспадароў зжаваў сабалінае манто Лі Радзівіл. Князь быў разьюшаны. «Чаго ты так пераймаесься? Заўтра мы набудзем іншае манто, а рахунак перашлем Ары» — супакойвала яго Джэкі.


Лі Радзівіл

Сужонцы Радзівілы пражылі разам пятнаццаць гадоў, а затым разышліся. Князь памер у 1976 г. ва ўзросьце 62 гадоў. Ён пахаваны ў лёнданскай царкве Сьв. Ганны.

Лі Радзівіл пасьля разводу з князем была заручаная з каліфарнійскім магнатам Ньютанам Копам, а ў 1988 г. стала жонкай мэтра Галівуду — рэжысэра Гэрбэрта Роса. Гэты шлюб распаўся ў 2002 г.

Лёсы: Энтані і Кэрал Радзівіл

Гісторыя гэтай яркай пары журналістаў, якія атрымалі за сваю працу не адну амэрыканскую прэмію Emmy, сумная. Як напісала для часопіса Harper’s Bazaar сама Кэрал, «у 20 год я была афіцыянткай, у 25 здымала «чырвоных кхмэраў» на баявых пастах, у 30 ажанілася з чалавекам, які паміраў ад раку, у 35 высьветлілася, што мае лепшыя сябры і муж мёртвыя».

Пра знаёмства з Энтані Радзівіл яна гаворыць:

«Як магла дзяўчынка з Сафэрна сустрэць князя і да таго ж пляменьніка прэзыдэнта Кенэдзі?» А насамрэч было так: яны пазнаёміліся, калі Кэрал працавала на шоў Prime Time Live на ABCNews, прадусарам якога быў Энтані. «Нехта пасьля паведаміў мне, між іншым, што гэта кузэн Джона Ф. Кенэдзі‑малодшага, пляменьнік Джэкі Анасіс, а яго маці — сястра Джэкі — Лі Радзівіл», — піша Кэрал.

Асобна варта адзначыць блізкія сувязі паміж стрыечнымі братамі — Энтані Радзівілам і Джонам Кенэдзі‑малодшым. У 1996 годзе князь нават быў сьведкам на таемным вясельлі Джона і Кэралайн Бісэт, якая, дарэчы, стала лепшай сяброўкай Кэрал Радзівіл.

Ці такі выпадак. Аднойчы Энтані ў неўсьвядомленым стане быў прывезены ў шпіталь. Джон прымчаў у яго палату, абняў брата і пачаў сьпяваць песьні зь іх дзяцінства. Энтані прыйшоў у прытомнасьць, таксама засьпяваў, а праз пэўны час адчуў сябе настолькі лепей, што яго нават перавялі са шпіталю дадому.

Пасьля трагічнай сьмерці Кенэдзі‑малодшага і Кэралайн Бісэт ля берагоў штату Масачусэтс сьмяротна хвораму Энтані давялося ўстаць з ложку. Ён прыняў удзел у жалобнай цырымоніі і выступіў у якасьці выканаўцы запавету свайго брата. А праз тры тыдні — 10 жніўня 1999 г. — князь Радзівіл памер. Яму было 40 год.

Лёсы: Лі Радзівіл і Кэрал Радзівіл

Малодшая сястра Жаклін Кенэдзі ўсё яшчэ жыве ў Ньё‑Ёрку. Лі Радзівіл — былой акторцы, пісьменьніцы і сьвецкай даме — цяпер 74 гады. У 2000 годзе разам зь нявесткай Кэрал яна стварыла фонд дапамогі пачынаючым рэжысэрам‑дакумэнталістам. Гэта было зроблена ў памяць пра Энтані Радзівіла.

Кэрал Радзівіл стала знакамітай пасьля публікацыі яе аўтабіяграфічнай кнігі «Што застаецца: памяць, лёсы, сяброўства і каханьне». У рамане апісваецца яе дзяцінства, кар’ера і гісторыя барацьбы са сьмяротнай хваробай мужа. У 2005 годзе ў ЗША ён увайшоў і сьпіс бэстсэлераў. А сама пісьменьніца стала частай госьцяй знакамітых на ўвесь сьвет шоў Опры Ўінфры і Лары Кінга. Цяпер Кэрал Радзівіл працуе ў часопісе Glamour, вядзе калёнку «Сустрэча падчас ланчу».

Лёсы: Радзівілы

Уся Эўропа ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя зноў загаварыла пра Радзівілаў. Але як так здарылася, што ў Беларусь не пратачыліся нават мізэрныя сьведчаньні пра радзінныя сувязі «тутэйшага» князя і амэрыканскага прэзыдэнта?

У савецкі час гісторыкі не ўскладнялі сабе жыцьцё вывучэньнем лёсаў арыстакратаў, — кажа Анатоль Варава. — Прадстаўнікі знакамітай сям’і і, да таго ж, каталікі — Радзівілі ўспрымаліся як абсалютна чужы элемэнт.

‑ А магчыма, як польскі, літоўскі ці нават прускі род? Бо спрэчкі пра тое, «чые Радзівілы», не сьціхаюць і да сёньня.

— Нашчадак князёў Амсьціслаўскіх і Заслаўскіх Анджэй Цеханавецкі ў кнізе пра Міхала Казімера Агінскага адказаў абываталям, што пераймаюцца такім пытаньнем: «Яны не былі ні палякамі, ні беларусамі, ні літоўцамі. Яны былі Радзівіламі». Гэта мы хочам перанесьці з ХХІ стагодзьдзя ў мінулыя стагодзьдзі свае ўяўленьні пра «пятую графу», а яны проста жылі на гэтай зямлі і былі яе патрыётамі. «Тутэйшымі» былі.

Прадстаўніком якой лініі Радзівілаў варта лічыць Станіслава Альбрэхта?

— Калісьці Радзівіл Сіротка разам з двума сваімі братамі падзяліў маёмасьць роду на Нясьвіскую, Клецкую і Олыскую (на поўдні Беларусі) ардынацыі. Нясьвіская лінія ў простым пакаленьні спыніла сваё існаваньне ў 1813 годзе са сьмерцю Дамініка Радзівіла. Пасьля гэтага адбыўся падзел маёмасьці нясьвіскай ардынацыі, і спадкаемцамі яе сталі прадстаўнікі клецкай галіны, зь якой якраз і паходзіць Станіслаў — муж малодшай сястры Жаклін Кенэдзі. Яны працягваюць 600‑гадовую дынастыю Радзівілаў і да сёньня.

Алена Якжык, Марына Загорская, Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0