Вось зараз усе загаварылі: мяккім стаўленьнем да маніфэстантаў 14 кастрычніка Менск зрабіў пасланьне Брусэлю. Нават дыскутуецца пытаньне, а ці не скасуе зараз Эўразьвяз чорны сьпіс невыязных чыноўнікаў?

Падаецца, што надта сьпяшацца ў гэтым пытаньні Эўразьвяз ня будзе. Вунь ужо і так выклікала хвалю абурэньня ў праваабаронцаў сьвежае рашэньне датычна ўзбэцкіх чыноўнікаў. Ці даўно змывалі кроў з асфальту ў Андыжане?

Што ж да пасланьня афіцыйнага Менску, то яно пайшло, бадай, у два супрацьлеглыя бакі. Маскве таксама падкідаецца падстава для роздуму. Вось, глядзеце, празаходняя апазыцыя ўжо вольна шпацыруе па галоўным праспэкце беларускай сталіцы! Яшчэ трохі — і Беларусь пачне дрэйф на Захад.

Мы з вамі, канешне, ведаем ступень гэтага імітацыйнага дрэйфу. Але ў Маскве пры найменшай нагодзе пачынаюць варушыцца знаёмыя фобіі. Страта беларускага пляцдарму шмат каму ў тамтэйшых элітах уяўляецца геапалітычнай катастрофай. НАТО пад Смаленскам і ўсё такое. Лабісты з генэралітэту ды іншых слаёў адразу пачынаюць націскаць: гэта, маўляў, ня той выпадак, каб гнацца за газавым звышпрыбыткам і драць з хаўрусьніка тры скуры!

Так што, схаваўшы спэцназ 14 кастрычніка, улада вырашыла стрэліць піяраўскім дуплетам. Можна згадаць у гэтым самым кантэксьце яшчэ і нядаўнюю прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх журналістаў. Памятаеце, як там маляваўся змрочны пэрыяд, калі нібыта панавалі нацыяналісты? Хай ведаюць, што толькі цяперашняя улада бароніць Маскву ад натаўскіх танкаў ды крыважэрных нацдэмаў!

Праўда, гэтая гульня на двух кірунках сама па сабе ня новая, але кожны раз ёсьць надзея спаймаць свой шанец. У Расеі зараз электаральная кампанія, Крамлю ня хочацца жарсьцяў у стасунках зь "беларускімі братамі". Эўрапейская палітычная эліта таксама не маналітная. Там ёсьць "цьвярозыя галовы", схільныя да Realpolitik у стасунках зь Беларусьсю. Ці ня з гэтай кагорты і сп. Рыгоні, што прыляцеў зараз у Менск з установы вядомага нам ван дэр Ліндэна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?